“Сваё, астравецкае” – вынікі першага этапу рэдакцыйнага конкурсу
Маленькі астравок маёй зямлі –
Зялёны Астравец
над срэбнай Лошай,
Такі прытульны і такі харошы,
Як сонца, бор і родныя палі.
Дом друга.
Не, дом тысячы сяброў.
Не ведаю,
што можа звацца раем?
Хіба мароз і піва ў Гудагаі,
І галасы далёкіх цягнікоў?
Маё другое сэрца. Год пяцьсот
Адлічваеш ты мне гады на свеце,
І кожны дзень
аблокі, верас, вецер,
І сонца неўміручага ўзыход.
І твой святы і светлы чалавек,
Твой дым,
і крыж магутны Аняліна,
Твой лубін залаты,
твой лес на ўзгорках сініх,
І стронгі ў крышталі
маленькіх рэк.
Сто тысяч год няхай
вакол шумяць палі,
Сто тысяч год няхай
вакол гудуць дубровы,
Пакуль гучыць вакол
святая наша мова,
Пакуль ёсць беларусы на Зямлі.
Радкі з гэтага верша Уладзіміра Караткевіча, напісанага да 500-годдзя Астраўца, і прапанавалі мы чытачам у якасці першага задання конкурсу «Сваё, астравецкае». Ён быў апублікаваны ў часопісе «Беларусь» у 1974 годзе, а пазней астравецкі кампазітар Аляксандр Якіменка палажыў яго на музыку.
Некаторыя чытачы, праўда, паёрнічалі: маўляў, якое дачыненне мае Караткевіч да Астравеччыны? Але ўдзельнікі конкурсу ў большасці сваёй падрабязна расказалі, якое.
На Астравеччыну Уладзімір Караткевіч прыязджаў пяць разоў. Упершыню – на сустрэчу Новага 1966 года да свайго сябра. У другі раз ён завітаў у раён у жніўні-верасні таго ж года з групай кінастудыі «Беларусьфільм»: у Варнянах, Міхалішках, Гудагаі, Расолах здымалі дакументальны фільм «Памяць каменя» пра помнікі архітэктуры. Па ўспамінах, класік нават ганяў веццем буслоў ля варнянскай вежы-альтанкі, каб яны прыгожа кружыліся.
Трэці раз Караткевіч быў на творчай сустрэчы ў Астраўцы з нагоды 500-годдзя паселішча – тады і прагучаў упершыню верш «Дом сябра». І яшчэ два разы пісьменнік гасцяваў у Палушах, Табарышках, Расолах.
Пра гэтыя вандроўкі Уладзімір Караткевіч расказваў у праграмным нарысе «Зямля пад белымі крыламі» ў раздзеле «Вёска, о родная вёска мая!» і ў асабістым дзённіку.
З дзённіка У. Караткевіча
«…31 паехалі ў Гудагай. (…)Доўга стаялі на віядуку і чакалі ўначы. Пасля селі. Вельмі ўдала зрабілі перасадку ў Маладзечне на Гудагайскі цягнік (некалькі хвілін прастаялі) і зноў паляцелі ў ноч. Я люблю гэтыя мясціны. Паўсюль яшчэ хутары. Рэдкія агеньчыкі ў снезе. Міргаюць здалёк. На станцыйках аранжавае святло праз вокны, цішыня.
(…)
1 студзеня вечарам былі ў клубе, слухалі канцэрт. Глядзелі «Прымакоў». Весела было. І зганобілі мяне тут гудагайскія «бабы, брыдкія богу», як казалі бацькі хрысціянства, – ну, ледзь не да апошняга. Ану іх, словам!
Былі наступнага дня на хутары. Але цяжка хадзіць па кладках з хутара на хутар, у клуб і назад. Над стронгавымі ручаінамі, над чорнай і шумнай уначы вадой (бо адліга з’ела лёд і моцна папсавала снягі). Каб гэта на Рыгоравай радзіме, то сто разоў утапіўся б. Там лічаць, што парэнчы рабіць ля кладкі – нявартая справа і залішняя праца. Абыдзецца, маўляў, і так. У мінулым, праўдзівей, пазамінулым годзе я там ледзь не сплыў у Ваўчэнскае возера.
Але няхай сабе і кепска хадзіць – ёсць у гэтым тое, чаго ніколі не сустрэнеш у ідыёцкіх гарадах: водар расталага снегу ўначы, вільготны цяжкі вецер, шум вады і вербаў, хутарскія агеньчыкі сярод разводдзяў.
Калі і надалей будзе так, калі даб’ем вёску – і зямля, і душы давеку застануцца абкрадзенымі.
А гэтага, мяркуючы па ўсім, нядоўга чакаць. Калі, вядома, нічога не зменіцца. Не хапае хлопцаў. Нават у «Прымаках» некаторыя ролі гралі дзяўчаты.
А ў той вечар, другога, гэты клуб з пацьмянелымі сценамі, з шэрай пабелкай, са сцэнай, на якой ляжыць лубін (дзеці сыплюць яго пад ногі танцорам), са сляпым харошым чалавекам-гарманістам і з нешматлікімі хлопцамі, якія лічаць, што яны тут цары і багі, ды цераз губу плююць. Я там заеўся з адным, збольшага, відаць, таму, што пыхатых не люблю, ды й напіты трохі быў.
(…)
Зіма сіроцкая, цячэ са стрэх, ходзяць мокрыя куры, і вецер нібы кожны раз на іх старую загадку адгадвае («ходзіць пані ў жоўтым жупане, як вецер павее, то й с…. відаць»). Не памятаю, як там, а тут, у Рагачове, нават гракі паленаваліся ляцець на поўдзень і часткова засталіся тут. Ні д’ябла мы не ведаем, які такі, на месяцы разлічаны, барометр дае ім упэўненасць, што зіма будзе мяккая.
(…)
Склаўся тут побыт моцны, непадобны на наш, дняпроўскі, дыхтоўны, своеасаблівы. І, вядома ж, «Паўлінка» магла адбывацца паўсюль на Беларусі, – і ў гэтым яе сіла, – але тут усё ж хутчэй, чым у нас. Чорта з два ў нас паверылі б у «спружынны касцёл».
І было мне там, як адкрыццё занова шмат якіх старонак «Каласоў». Цяпер у нас ужо такога хутара і такіх абсад не знойдзеш, нівеліравалі. І людзей такіх сустрэнеш радзей. Што датычыцца сялян і шляхты – гэта ўва мне памяць гаварыла. У дзяцінстве я многа «паўлінчыных хат» бачыў. Як хутка ўсё выводзіцца, бог мой! Але тут гэта долей трымацца будзе. У нас на Дняпры норавы шырэйшыя, як сама натура: стромы, далячынь, разлівы на 12 вёрст. А тут утульныя лагчыны, дабрыня, узвышшамі прыкрыты далягляд, сціплая ў прыгажосці сваёй зямля. І дзякуй богу, што тут застаецца. Можа, і ўвогуле застанецца. Павінна застацца. (…)»
Многія канкурсанты ўзгадалі яшчэ адзін артэфакт, які звязвае Караткевіча з Астравеччынай: прыдарожны крыж, які так уразіў пісьменніка і даў назву яго недапісанаму раману «Крыж Аняліна», які, тым не менш, увайшоў у яго збор твораў. Караткевіч любіў хадзіць у Анялін, збіраўся лакалізаваць тут апошнія сцэны «Каласоў…».
У першым этапе конкурсу прынялі ўдзел 7 чалавек. Вельмі ўразілі падрабязныя і цікавыя адказы. Хоць, па праўдзе кажучы, марылася, што адгукнецца нехта з палушанцаў ці гудагайцаў, якія асабіста сустракаліся з Караткевічам: бабы, што «зганобілі» яго ў мясцовым клубе; госці, з якімі разам гулялі на вяселлі; хлопцы, з якімі «заеўся»; сляпы гарманіст ці хоць бы іх нашчадкі. Але не спраўдзілася... Паверым Караткевічу на слова!
Балы па выніках першага этапа размеркаваны ў адпаведнасці з падрабязнасцю адказаў і цікавасцю звестак, у іх пададзеных. Вячаславу Саковічу налічаны 2 балы; адказы Ірыны Пунько, Наталлі Блахіной, сумесная праца Юліі Зарубы і Тарэсы Бабіч ацэнены ў 3 балы. Карына Саковіч, якая праілюстравала адказ цікавымі фотаздымкамі, атрымлівае 4. Пяць балаў у Аляксандры Працуты, якая не толькі дала найбольш дакладны і падрабязны адказ, дапоўніўшы яго фотаздымкамі, але і адметна аформіла яго.
Цікавы ўзнёсла-паэтычны допіс даслала Паліна Ермакова – на жаль, недакладны.
Што ж, жадаем Паліне і іншым удзельнікам конкурсу, сённяшнім і навічкам, якія, спадзяюся, далучацца, поспехаў у наступных этапах.
