“Сваё, астравецкае”: новы конкурс “Астравецкай праўды”

Калектыў рэдакцыі «Астравецкай праўды» доўга думаў, як нам далучыцца да акцыі «Кожную пятніцу – роднае, сваё». Урэшце мы вырашылі з гэтай нагоды аб’явіцьчарговы доўгаіграючы конкурс і назваць яго «Сваё, астравецкае».

Што?

Калі мы ўшаноўвалі ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсу «Дзедаўская пры­лада», многія гаварылі: шкада, што ён так хутка закончыўся… На гары­шчы яшчэ столькі прылад, а ў памяці – столькі гісторый, з імі звязаных. 

Нам таксама было шкада – таго ім­пэту, з якім адгукаліся на заданні пастаянныя і новыя ўдзельнікі, шчырых расповедаў пра дарагія сэрцу рэчы, новых звестак пра іх эвалюцыю. 

Хацелася паўтарыць – і пры тым не паўтарацца. І тут так дарэчы, у тэму аб’явілі акцыю «Кожную пятніцу – роднае, сваё».

Крыху перайначыўшы назву, выра­шылі: хай у нас кожную пятніцу бу­дзе сваё, астравецкае… Чым не нагода ўспомніць знакамітых людзей, чые імёны звязаны з нашым краем, адметныя мясціны, гісторыю і сучаснасць ва ўсёй яе шматаблічнасці, мнагавектарнасці, разнастайнасці.

Дзе?

Конкурс «Сваё, астравецкае» пра­водзіцца ў газеце «Астравецкая праўда». Старт яго прымеркаваны да Дня роднай мовы. 

Калі падвядзём вынікі, яшчэ не вырашылі.  Плануецца, што ён стане шматэтапным, а колькасць этапаў вызначыць актыўнасць удзельнікаў. 

Падказка-парада: 
першае заданне, на наш погляд, даволі лёгкае, наступныя будуць больш складаныя. Зрэшты, як паказвае вопыт, як для каго…

Калі?

Раз у два тыдні, па пятніцах, мы будзем даваць новае заданне – «зашыфраваны» аб’ект ці асобу, якія маюць тое ці іншае дачыненне да нашага краю. Чытачам прапануецца не толькі адгадаць, хто ці што гэта, але і як мага больш поўна расказаць пра адгадку і яе сувязь з Астравеччынай.

Падказка-парада: 
пажадана звест­кі чэрпаць не з агульнадаступных інтэрнэт-крыніц. Паверце, супрацоўнікі рэдакцыі таксама сябруюць і з «дзядзькам Гуглам», і са штучным інтэлектам і пазнаюць такія адказы «на раз». Гэта не забарона, аднак, калі ўжо лезеце ў інтэрнэт, то шукайце малавядомыя факты. А найлепш – пашукайце іх у блізкім акружэнні. 

Як?

Адказы на кожнае заданне конкурсу прымаюцца на працягу пяці дзён (да серады ўключна) на звычайную (г. Астравец, вул. Энгельса, 2А) ці электронную ostrov_red@ostrovets.by пошты рэдакцыі. 

Кожны адказ рэдакцыйнае журы ацэньвае пэўнай колькасцю балаў у залежнасці ад яго дакладнасці, падрабязнасці, арыгінальнасці падачы, наяўнасці мясцовага матэрыялу, малавядомых звестак і г.д. Цудоўна, калі вы зможаце праілюстраваць свой адказ – гэта будзе заахвочвацца дадатковымі баламі.

Падказка-парада: 
па выніках усіх этапаў набраныя балы суміруюцца, таму падключыцца да конкурсу можна на любым з іх. 

Хто?

У конкурсе могуць удзельнічаць усе жадаючыя, як дарослыя, так і вучні, і студэнты: для іх, нам здаецца, гэта будзе найбольш цікава і карысна.

Пераможцаў, якія набяруць найбольшую колькасць балаў, пасля заканчэння конкурсу адзначым дыпломамі і памятнымі падарункамі.

Падказка-парада: тым, хто марыць пра перамогу, не варта прапускаць заданні. У папярэдніх конкур­сах кан­курэнцыя зашкальвала і наг­наць лі­да­раў было складана.

Першае заданне

Адзін з класікаў беларускай літаратуры напісаў верш, у якім ёсць радкі:

«…не ведаю, што можа звацца раем?
Хіба мароз і піва ў Гудагаі,
І галасы далёкіх цягнікоў?»

Каму належаць гэтыя радкі? Што звязвае аўтара з Астравеччынай? Якія яшчэ яго творы прысвечаны астравецкім мясцінам? Што ўвогуле вы можаце расказаць пра гэтага пісьменніка?
Чакаем вашых адказаў. І спадзяёмся, што конкурс «Сваё, астра­вецкае» стане для нашых чытачоў такім жа прыцягальным, як і папя­рэднія.
Текст: Нина Рыбик