Сустрэчу пакаленняў у незвычайным фармаце зладзілі ў тэрытарыяльным цэнтры
Супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізавалі для сваіх наведвальнікаў імпрэзу – сустрэчу пакаленняў у незвычайным фармаце: ля піянерскага кастра. Праходзіла яна акурат пасля святкавання Дня піянерыі і выклікала ў прысутных масу эмоцый. Па-першае, усім нам павязалі чырвоныя гальштукі -- на ўспамін аб цудоўнай пары школьнага дзяцінства. Па-другое, ажывілі ўспаміны аб зборах і паходах, добрых справах і моцнай піянерскай дружбе.
Разам з вядучай Яўгеніяй Шаптун мы маршыравалі пад гукі горна і барабана, гучна дэкламавалі адпаведныя па рытму вершыкі-"речёвки",успомнілі клятву юнага піянера, звонкія песні свайго дзяцінства. Гулялі ў любімыя гульні: "ручаёк", "фанты", "класікі", скакалі цераз нацягнутую гумку... Было весела і здавалася, нібыта адпаў цяжар пражытых гадоў...




Гасцямі свята была група піянераў і БРСМаўцаў на чале з лідарам раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Вольгай Максімавай. І трэба было бачыць, з якім захапленнем глядзела моладзь на энергічных, бадзёрых бабуль. Хочацца верыць, што гэтае незвычайнае свята запомніцца і ім: малодшых школьнікаў ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі ў піянеры і павязалі гальштукі, а старэйшым уручылі білеты членаў Беларускай маладзёжнай арганізацыі.
Узгадваю свае піянерскія святы . Часта яны праходзілі вакол яркага вогнішча, а калі полымя сціхала, у попеле даходзіла духмяная рассыпістая бульбачка. Вось жа была смаката! Аднак на гэты раз умела складзены турысцкі касцёр было вырашана не запальваць: дзьмуў моцны парывісты вецер, які мог разагнаць іскры па наваколлі і нарабіць бяды... Але ў цяньку пад сасной дыміла палявая кухня, у катле даходзіла найсмачнейшая каша, а ў вялікім тэрмасе нацягвала моцы духмянейшая травяная гарбата.
Піянерскі збор пакаленняй прайшоў цудоўна!






Таіса СЯМЁНАВА, удзельніца свята.
Фота з архіва ТЦСАН.
