Стреляют в карьере? Учения идут...

Чэргі з аўтамата “Калашнікава”, выбухі ад разрыву гранат, стральба па мішэнях і загады камандзіраў, якія не абмяркоўваюцца: “Строіцца!”, “На агнявы рубеж!”, “Па мішэні – адзіночным…”, “Да выканання задання прыступіць”… Прыкладна такую карціну можна было ўбачыць на мінулым тыдні. Менавіта так – сур’ёзна і па-сапраўднаму – праходзіла агнявая падрыхтоўка для ваеннаслужачых тэрытарыяльных войск, якія былі прызваны на зборы ў стралковую роту.


Адзін з этапаў вучэнняў праходзіў на тэрыторыі кар’ера ля вёскі Малі. І трапіўшы з буяючай зелянінай мясцовасці ў пясчаны і пустынны кар’ер, узнікла неадназначнае пачуццё. Тым больш, што навокал хадзілі людзі ў ваеннай форме з аўтаматамі, стаялі  мішэні, былі вырыты акопы. Узнікала адчуванне, што трапіў у іншае вымярэнне, дзе ў паветры лунае подых экстрыму і небяспекі. Гэта падымала ўзровень адрэналіну і прымушала адчуць сябе на полі ваенных дзеянняў.
Тым часам праводзілася апошняя падрыхтоўка: афіцэры аддавалі распараджэнні, ваеннаслужачыя атрымлівалі патроны, у чарговы раз правяраліся мішэні і зброя. Неўзабаве было аб’яўлена пастраенне, начальнік збораў Л.Л. Леўчык аб’явіў, як будзе праходзіць агнявая падрыхтоўка – і ўсе разышліся  па вызначаных месцах.
Умоўная ваенная тэрыторыя ў кар’еры падзелена на чатыры вучэбныя ўчасткі. Байцы адпаведна таксама раздзелены на чатыры групы. Кожная з іх па чарзе адпраўляецца на адзін з вучэбных участкаў, дзе і адбываецца агнявая падрыхтоўка.
На адным з участкаў праходзіла своеасаблівая рэпетыцыя стральбы па мішэнях. Па камандзе афіцэра двое ваеннаслужачых прыбягалі на агнявы рубеж і рабілі некалькі адзіночных выстралаў, а затым, зноў па камандзе, вярталіся назад.
На другім участку правяралі прыцэл аўтамата ў кожнага байца. На астатніх двух разгортваліся амаль што сапраўдныя ваенныя дзеянні. Акоп, у якім знаходзяцца двое байцоў, умоўная небяспека – і каб яе пазбегнуць, трэба кінуць гранату ў нябачнага праціўніка. Пакуль адны “абараняліся” з дапамогай гранат, іншыя выпрабоўвалі трапнасць і ваенныя навыкі ў стральбе па мішэнях з аўтамата “Калашнікава”. У выніку кожная з чатырох груп ваеннаслужачых павінна была прайсці ўсе чатыры этапы агнявой падрыхтоўкі.
А на заключным этапе дэманстраваў уменне стральбы афіцэрскі састаў. Толькі камандзіры бралі “на мушку” прыцэлам мішэнь не толькі аўтамата, а яшчэ і з пісталета.
Бліжэй да абеду стрэлы і выбухі ў Мальскіх кар’ерах сціхлі. Ваеннаслужачыя тэрытарыяльных войск прайшлі агнявую падрыхтоўку. Справіліся яны з гэтым, як сказаў, падводзячы вынікі стрэльбаў, ваенны камісар Астравецкага ваенкамата І.М. Чычварын, на дастойным узроўні. А значыць, можна спадзявацца, што абарона Радзімы ў надзейных руках.


Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.