Стогадовы юбілей адзначыла таварыства інвалідаў па зроку
Сто гадоў таму, у 1924-м, невідушчыя, але моцныя духам людзі аб’ядналіся, каб стварыць грамадскую арганізацыю, якая б дапамагала сляпым змагацца з немаччу і заставацца ў гушчыні жыцця. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўтварэння Гродзенскай вобласці падобная арганізацыя ўзнікла і ў прынёманскім рэгіёне. І ў верасні па ўсёй вобласці прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-гадоваму юбілею Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Не абмінулі ўвагай гэтую падзею і астравецкія сябры таварыства.
Пляцоўку для правядзення свята прадаставіў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго спецыялісты, да слова, усяляк дапамагаюць сваім калегам з БелТІЗ, за што падчас імпрэзы неаднойчы чулі словы ўдзячнасці.
Усё было, як і звычайна падчас юбілеяў: віноўнікі ўрачыстасці і ганаровыя госці, віншаванні і падарункі, песні, танцы і добры настрой. Чаго не хапіла – прынамсі, мне – экскурсу ў гісторыю раённай арганізацыі і разумення, чым займаюцца і чаго дасягнулі яе члены. А гэтыя дасягненні, ведаю, ёсць.
Членаў таварыства павіншаваў з юбілеем арганізацыі і адзначыў Ганаровымі граматамі і Падзячнымі лістамі найбольш актыўных членаў намеснік старшыні райвыканкама Павел Міхалюк. Павел Рышардавіч, па яго прызнанні, у свой час працаваў настаўнікам у школе для дзяцей са слабым зрокам і меў магчымасць пераканацца: у тых, каго падводзяць вочы, больш відушчая душа.
–Хачу адзначыць, што наша дзяржава заўсёды, нават у самыя цяжкія часы, падтрымлівала людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, знаходзіла магчымасці і рэсурсы для дапамогі ім, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама.
Паўла Рышардавіча падтрымала старшыня абласной арганізацыі таварыства Ірына Новікава:
– Мы вельмі ўдзячны за дапамогу і падтрымку нашай дзяржаве, усім нераўнадушным людзям. Але кожнаму з нас трэба памятаць, што дапамагчы можна толькі тым, хто сам рупіцца нешта зрабіць, а не сядзіць склаўшы рукі. Сярод членаў таварыства нямала тых, хто, нават цалкам страціўшы зрок, дабіваецца поспехаў у працы і навуцы: заканчвае ўніверсітэты, атрымлівае навуковыя ступені, дасягае спартыўных вышынь, вандруе па свеце. І не забывайце, што мы з вамі з нашай актыўнай жыццёвай пазіцыяй становімся прыкладам для многіх здаровых людзей, якім часам здаецца, што жыццё сумнае і бязрадаснае.
Тых з астравецкіх членаў таварыства, чыё жыццё – прыклад для іншых, адзначылі каштоўнымі падарункамі іх калегі з іншых грамадскіх арганізацый: савета ветэранаў, “Белай Русі”, Беларускага саюза жанчын, БРСМ.
І самі яны прадэманстравалі свае шматлікія таленты. Людміла Кухарэвіч выканала дзве свае аўтарскія песні (як шчыра і прыгожа гучыць яе “Вясельны вальс”, можна ўбачыць у групе “Астравецкай праўды” ў “ЦікТок”). А ў якасці імправізаванай падтанцоўкі выступілі “Чаромушкі” пад кіраўніцтвам Тамары Батуры – пазней яны выйшлі на сцэну. Міраслава Якіменка прачытала свае пранізлівыя вершы, а Святлана Мешкіс праспявала песню.
Словам, ёсць чаму павучыцца ў астравецкіх членаў Таварыства інвалідаў па зроку. Яны сваім жыццём пацвярджаюць словы Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Самае галоўнае вачыма не ўбачыш. Зоркае толькі сэрца”.
