Старанна і адказна ставіцца да сваёй службы інспектар Аляксандра Керымава


Кожны год Астравеччына сустракае маладых спецыя­лістаў з нецярпеннем і цікавасцю. Бо яны прыходзяць у арганізацыі і на прадпрыемствы раёна з жаданнем паказаць, чаму навучыліся; з надзеяй, што ім давераць адказны ўчастак работы, і прымуць у калектыў як сваіх…  А чаго яны чакалі ад Астраўца; якімі былі думкі, калі накіроўваліся да першага рабочага месца; хто сустракаў і чым дапамог… Аб гэтым і не толькі мы запыталі ў маладых спецыялістаў розных сфер Астравеччыны.

Першае знаёмства з нашым горадам у Аляксандры Керымавай адбылося некалькі месяцаў назад. Тады дзяўчына, выпускніца Універсітэта грамадзянскай абароны, з мужам прыехала ў Астравец, каб паглядзець, дзе давядзецца жыць і служыць наступныя 5 гадоў.

– Горад нам адразу спадабаўся: малады, сучасны, з новымі сацыяльнымі аб’ектамі і прыгожымі дамамі, людзі вельмі добразычлівыя, – расказвае Аляксандра. – На службу ехалі са спакойнай душой.

Маладой сям’і – муж Аляксандры таксама служыць у РАНС – выдзелілі службовае жыллё.

– Гэта, канешне, цудоўна. Мы ўжо засяліліся. Вельмі парадаваў і калектыў: усе падтрымліваюць і дапамагаюць. А што яшчэ для шчасця трэба? – усміхаецца інспектар пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада №2 на аб’ектах АЭС.

Што да выбару прафесіі, то лёс мэтанакіравана вёў Аляксандру да службы ў МНС. Пасля 7 класа яна паступіла ў Мінскае абласное кадэцкае вучылішча ў Слуцку.

– Па першым часе сумавала па сям’і, аднак жадання, каб усё кінуць і вярнуцца дамоў, не было. Наадварот, мне ўсё было цікава. Толькі ўявіце: курс маладога байца, новыя знаёмствы, вучоба і таленавітыя педагогі. Да таго ж, дзяўчат у нас было нямала: каля 60-ці, – узгадвае малады спецыяліст.

Пасля 4-х гадоў кадэцтва дзяўчына паміж службай у органах пагранічнай службы і МНС выбрала апошняе – і паступіла на факультэт тэхнасфернай бяспекі. Гэта быў адзіны факультэт, на які ў той год набіралі дзяўчат.

– Да гэтай справы ляжала душа. Тым больш што я з дзяцінства любіла фільмы пра выратавальнікаў. Адзін з іх «Пяць хвілін цішыні» магу пераглядваць і сёння – была ў захапленні ад службы і спраў, якімі займаліся героі серыяла. Шкада, канешне, што дзяўчат не бяруць на пажары і надзвычайныя сітуацыі, мы працуем інспектарамі, але таксама робім важную справу па пажарнай бяспецы, – гаворыць Аляксандра.

Абавязковы кантракт у дзяўчыны 5 гадоў. Пра далёкую будучыню яна не загадвае:

– Пакуль трэба ўліцца ў калектыў, зразумець усю сутнасць і сістэму работы, нарэшце, вывучыць вялікую колькасць дакументаў, таму што на АЭС яны асаблівыя і адрозныя ад ін­шых аб’ектаў, – буду працаваць і рабіць гэта старанна і адказна!

ЛІЧБА

8 маладых спецыялістаў прыбылі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях у 2024-м.


Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич