Старадаўняя прылада: ручная сеялка для буракоў

Дарэмна я палохала канкур­сантаў цяжкім заданнем: практыка паказвае, што няма такіх моцных арэшкаў у маёй калекцыі дзедаўскіх прылад, якія яны б не «разгрызлі». Што ж, здаюся і пацвярджаю тое, што адказала і пра што расказала пераважная большасць чытачоў (за невялікім выключэннем, але пра гэта далей): на здымку – ручная сеялка  буракоў і іншых культур, якія патрабавалі дакладнага высеву. 

Сеялцы, якую прадэманст­раваў Аляксандр Юргялянец , па яго словах, не менш за 100 гадоў. І, мяркуючы па ўсім, ручны ў яе не толькі прынцып работы, але і спосаб вытворчасці.

Хто садзіў і праполваў у сваім агаро­дзе ці на калгасных «дзялках» кармавыя буракі, ведаюць, які гэта працаёмкі занятак: падрыхтаваць глебу, зрабіць радкі, у кожны засыпаць насенне, прысыпаць зямлёй… 

(Дарэчы, кемлівыя сяляне прыдумалі спосаб аблегчыць працэс прыгортвання. «Мы прыціскалі насенне веласіпедам, – расказала Ларыса Гаваноўская. – Пасыплем у радок, а затым вядзём па ім ровар – насенне засыпаецца».)

Мала таго што ручны працэс пасеву буракоў доўгі і цяжкі, дык непазбежны яшчэ і вялікі перарасход насення. А пры першай праполцы лішнія парасткі трэба было, не шкадуючы, вырываць, каб атрымаць увосень добрыя клубні. Зноў праца і марнатраўства! А калі буракоў трэба пасадзіць не радок-другі, а сотку ці некалькі або гектар?

Для аблягчэння працы нашы продкі і прыдумалі ручную сеялку.

«Гэтае няхітрае, на першы пог­ляд, прыстасаванне спалучае ў сабе кемлівасць майстроў і практычнасць прымянення. Металічнае кола прыводзіць у рух дазатар, насенне з невялікага бункера роўна падае ў прарэзаную баразёнку, а лёгкая канструкцыя дазваляе земляробу без асаблівых высілкаў весці агрэгат наперад. Дзякуючы такой механіцы можна было дасягнуць акуратнага і раўнамернага высеву, што асабліва важна для культур, якія патрабуюць дакладнай адлегласці паміж усходамі», – піша Вікторыя Пляўга

Рады, што Вікторыя вярнулася ў шэ­рагі нашых дапытлівых канкурсантаў. Вітаем!

Дадам ад сябе: на фота не вельмі заўважна, а на відэа на нашым сайце доб­ра бачна, што знізу сеялкі пры яе руху круціцца невялікі металічны прапелер, які прысыпае насенне зямлёй. Усё прадумана.

Марыя Янчэўская прапанавала дапоў­ніць ручную сеялку яшчэ адной дэталлю:

«Я б прыварыла збоку металічны загнуты стрыжань патрэбнай шырыні, каб, ідучы па адным радку, гаспадар адначасова пазначаў наступны – тады шырыня міжрадкоўяў будзе аднолькавай і радкі – роўныя».

Цікавая прапанова! Калі хто наме­рыцца паўтарыць вопыт продкаў і ўласнаручна зрабіць сеялку, варта ўзяць гэты лайфхак на ўзбраенне.

«Калі выйшла замуж, нейкі час жыла са свёкрамі ў Міхалішках. У іх была падобная прылада, муж сеяў ёй буракі. Называлі яе значнік. Зручна: насенне не марнуецца і прарываць потым не трэба», – расказала Алена Качан.

А Рэгіна Дрэма прызналася, што ручной сеялкі не бачыла, але ўключыла логіку – і правільна адказала на пытанне. Логіка дапамагла знайсці правільны адказ на заданне, хоць і не з першага разу, і Леанардзе Якель.

А вось Ірына Яновіч, якая, адна з дваіх, правільна адказала на самае цяжкае заданне конкурсу пра мышалоўку, на гэты раз памылілася: вырашыла, што на здымку ручны культыватар для апрацоўкі глебы. Крыўдна… Але не фатальна: у агульным заліку Ірына застаецца на трэцім месцы (на першых двух пакуль Аляксандра Працута і Таццяна Бразевіч).

Культыватарам назвала конкурсную прыладу і Наталля Блахіна. Але далей яна падрабязна апісала яе дзеянне як сеялкі. Больш таго: расказала, што бачыла, як дзед і бабуля сеялі ёй буракі. Крыху павагаўшыся, мы вырашылі, як любіць гаварыць у перадачы «Што? Дзе? Калі?» Алесь Мухін, што канкурсантка «пранікла ў сутнасць пытання»,  і залічылі Наталлі правільны адказ.

Да слова: у Генрыха Калтана ўзнікла пытанне пра сістэму падліку балаў. «Калі гэта конкурс па адгадванні старадаўніх прылад працы, дык тут самае галоўнае – даць правільны адказ, – піша Генрых Генрыхавіч. – А калі даюцца дадатковыя балы за «размыльванне», то трэба дакладна паведаміць, за што і колькі я магу іх атрымаць».

Генрых Генрыхавіч далу­чыўся да нашага конкурсу не так даўно і таму, відаць, не чытаў яго ўмовы, у якіх мы прасілі канкурсантаў не толькі правільна назваць прыладу, але і расказаць пра яе як мага больш: для чаго і як ёй карысталіся, прынцып дзеяння, гісторыю стварэння і эвалюцыю, прыгадаць жыццёвыя гісторыі, з ёй звязаныя, па магчымасці дапоўніць уласнымі фотаздымкамі ці відэа. Усё гэта «размыльванне», а насамрэч – цікавая і важная інфармацыя, якая дазваляе даведацца шмат новага, заахвочваецца дадатковымі баламі. 

Да прыкладу, на гэтым этапе конкурсу Сяргей Місюкевіч і Леанарда Якель, якія  правільна адказалі, што на здымку ручная сеялка, атрымліваюць па адным бале. Столькі ж у Наталлі Блахіной (На­талля заслугоўвала большага, але «адзнака» зніжана за «культыватар»). А Аляксандра Працута, якая не толькі адказала, што гэта і як працуе, але паведаміла гісторыю стварэння і развіцця ручных сеялак, дапоўніла расповед ілюстрацыямі і прыказкамі – словам, даслала цэлы рэферат на гэтую тэму, да таго ж цудоўна аформлены – 5. 

У іншых канкурсантаў наступныя прыбаўленні ў асабістых скарбонках: па 2 балы атрымалі за свае адказы Ларыса Гаваноўская і Рэгіна Дрэма, па 3 – Алена Качан, Генрых Калтан, Генрых Лукашэвіч, Марыя Янчэўская, Вікторыя Пляўга, Анастасія Пяткевіч, Таццяна Бразевіч. 

Текст: Нина Рыбик