Старадаўняя дзедаўская прылада – струбцына
Але, як паказаў чарговы этап конкурсу, для нашых дапытлівых чытачоў, і не толькі мужчын, але і жанчын, не існуе невырашальных пытанняў. Нехта, як Генрых Лукашэвіч, сам карыстаўся гэтым сталярным інструментам, нехта – Марыя Янчэўская, Вольга Сянюць, Леанарда Якель, Рэгіна Дрэма – бачыў яго ў майстэрні дзеда, бацькі ці старэйшага брата, некаму дапамог «званок сябру» ці ўсёведаючы інтэрнэт.
Струбцына
– Вы, магчыма, здзівіцеся, але ножка ў звычайнай мясарубцы, якой яна прыкручваецца да стала, – гэта таксама струбцына, – «адкрыў амерыку» (падазраю, што не мне адной) Генрых Генрыхавіч.
Хоць увогуле струбцына – найперш сталярны інструмент, з дапамогай якога можна надзейна зафіксаваць апрацоўваемыя дэталі на варштаце ці станку пры іх зборцы. Гэтае прыстасаванне выкарыстоўваецца ў сталярных і цяслярных работах пры склейванні, сцягванні, змацаванні дэталяў – з яго дапамогай можна састыкаваць розныя зборачныя элементы канструкцыі пад вызначаным вуглом на патрэбны для фіксацыі час. Яго выкарыстоўвалі пры вырабе дзвярэй, аконных рам, крэслаў, сталоў і іншых драўляных рэчаў. Словам, незаменны інструмент у сталярнай майстэрні, ды і не толькі ў сталярнай.
– Мае дзед і бацька ўмелі працаваць з дрэвам. Усё рабілі – дзверы, вокны, бочкі, рамкі для абразоў. Вядома ж, у іх майстэрні, апроч іншых інструментаў, была і струбцына. З яе дапамогай дэталь можна надзейна заціснуць і потым рабіць з ёй, што трэба. Струбцыны былі розных відаў і памераў – вінтавыя, як на здымку ў газеце, стужачныя і іншыя. У мяне таксама ёсць гэтыя прыставанні – без іх у рабоце з дрэвам аніяк», – гаворыць Генрых Лукашэвіч.
– Я, вядома ж, струбцынай не карысталася, але памятаю, як з ёй працаваў старэйшы брат. Ён усё мог зрабіць з дрэва. Мы мэблі не куплялі, бо жылі бедна. Табурэткі, зэдлікі, сталы – брат усё рабіў. І скажы ж ты – нічога не заканчваў, нават у школу мала хадзіў, бо трэба было працаваць, а сам усяму навучыўся! Потым нават хаты ставіў. Думаю: якія майстравітыя людзі былі! Той самы драўляны вінт на струбцыне – яго ж рукамі трэба было вытачыць, без усялякіх станкоў! – з захапленнем расказала Леанарда Якель.
Успамінамі дзяцінства, звязанымі з гэтай прыладай, падзялілася і Вольга Сянюць:
– Бачыла такі інструмент у дзяцінстве ў сталярнай майстэрні дзядулі. Ён рабіў аконныя рамы, лавы, сталы, шафы. Не скажу, што сталярня мяне вельмі цікавіла, я проста забягала туды, каб прывітаць дзядулю па дарозе ў лес (майстэрня знаходзілася непадалёк). Але ў памяці захаваўся малюнак варштата з замацаванай на ім штуковінай, якая вельмі нагадала прыладу з фотаздымка ў газеце. Назву ўспомніць не магла, магчыма, і не ведала яе ніколі. Выручыў «званок сябру» і яго адказ: «Ты дзе ўзяла гэтую старую сталярную струбцыну?»
Нават калі адказ памылковы, удзячна конкурсу – навеяў прыемныя ўспаміны.
Як заўсёды, не проста дакладныя, а падрабязныя адказы з экскурсам у гісторыю і апісаннем прынцыпаў работы з гэтым прыстасаваннем, яго разнавіднасцяў даслалі Аляксандра Працута, Таццяна Бразевіч, Наталля Блахіна.
Дапоўнілі адказы фотаздымкамі дзедаўскай прылады, якая захавалася ў каго на гарышчы, а ў каго і ва ўласнай майстэрні, Ірына Яновіч, Таццяна Бразевіч, Генрых Лукашэвіч.
Цікавыя прыказкі, загадкі і прытчы, якія тычацца больш ціскоў увогуле, чым непасрэдна струбцыны, прыгадалі Аляксандра Працута і Таццяна Бразевіч.
Словам, канкурсанты ў чарговы раз пастараліся растлумачыць нам усё, што можна, пра старадаўнюю дзедаўскую прыладу – і атрымліваюць за гэта наступныя балы: Аляксандра Працута і Таццяна Бразевіч – па 5, Генрых Лукашэвіч – 4, Леанарда Якель, Ірына Яновіч, Вольга Сянюць, Наталля Блахіна – па 3, Анастасія Пяткевіч, Рэгіна Дрэма, Ларыса Гаваноўская, Марыя Янчэўская, Ларыса Нарэйка – па 2, Аляксандр Ціхан, Алена Качан, Станіслаў Курыла – па адным.
