Спортивно-танцевальный флешмоб прошёл в Островце
Менавіта такім чынам валанцёры Чырвонага Крыжа з дапамогай аддзела па справах моладзі райвыканкама, раённага аддзела культуры і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы вырашылі правесці акцыю “Пераможам курэнне спортам”, прысвечаную Міжнароднаму дню без тытуню.
У той дзень на пляцоўцы каля Дома быту адбывалася нешта не зусім звычайнае: іграла музыка, моладзь у майках з эмблемай Чырвонага Крыжа нешта абмяркоўвала, побач сабраліся выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і іх трэнеры. І не дзіўна, што хутка каля іх утварылася кола цікаўных гледачоў. Юныя валанцёры Чырвонага Крыжа з сумеснага атрада гімназіі і СШ №1 “Бумеранг” раздавалі акружаючым прафілактычныя лістоўкі аб тым, што рабіць, каб кінуць курыць і да якіх сумных вынікаў можа прывесці цяга да тытуню. Напэўна, не ўсе ведаюць, што ўжо праз двое сутак пасля таго, як вы кінулі курыць, значна ўзмацняецца здольнасць адчуваць смак і пах, праз тыдзень – палепшыцца колер скуры, праз месяц – стане лягчэй дыхаць, знікне стомленасць, перастане непакоіць кашаль. Галоўнае – перамагчы сябе і зрабіць правільны выбар. Менавіта пра гэтыя і іншыя плюсы адмовы ад курэння і расказвалі інфармацыйныя лістоўкі.

Але вось на цэнтр пляцоўкі пад падбадзёрваючыя апладысменты выходзіць канцэртмайстар раённага аддзела культуры Наталля Янкоўская і пачынае задорна танцаваць. Праз хвіліну да яе далучаюцца некалькі маленькіх танцорак. Яшчэ хвіліна – і іх становіцца ўдвая больш. І вельмі хутка танцавала ўжо група людзей. Аднак на гэтым відовішча не скончылася. Імгненне – і танцавальная пляцоўка ператварылася ў рынг – гэта танцоры ўступілі месца юным баксёрам, да якіх таксама далучыліся некалькі веласіпедыстаў. А канчатковую кропку ў выступленні паставілі зноў жа танцоры.
Флэшмоб скончыўся, а гледачы ўсё не разыходзіліся, чакаючы працягу. Думаю, пакуль незвычайнае і непрывычнае для нашага горада кароткае, але эфектнае прадстаўленне не пакінула нікога раўнадушным. Важна, што вось так, нестандартна і арыгінальна арганізатары акцыі прадэманстравалі, што нашмат больш цікава і карысна танцаваць, займацца спортам і проста радавацца жыццю, чым скарачаць яго з кожнай выкуранай цыгарэтай. Засталося зрабіць выбар.
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.