Спасибо тебе, 2012-тый!
Дзякуй табе, год адыходзячы! Што быў ты шчодрым на падзеі – для кожнага з нас і для ўсіх разам. І, праводзячы цябе, нам ёсць што ўзгадаць і за што табе падзякаваць.
2012 год назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю Астраўца ўжо хоць бы тым, што ў гэтым годзе наш гарадскі пасёлак нарэшце атрымаў статус горада.А гэтая падзея непарыўна звязана і стала магчымай дзякуючы іншай, якая на працягу года бурна
развівалася на тэрыторыі нашага раёна і, падобна, яшчэ доўгі час будзе ў цэнтры ўвагі ўсіх СМІ не толькі нашай краіны, але і замежжа: будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі. Якое ў адыходзячым годзе ўвайшло ў актыўную фазу – пакуль што толькі ўзвядзення вытворчых аб’ектаў і інфраструктуры будучай станцыі. Але актыўны тэмп работ, што разгарнуўся на будоўлі стагоддзя,
сведчыць: гораду энергетыкаў Астраўцу – быць, як быць і самой Беларускай АЭС.Аб гэтым адназначна сказаў падчас наведвання пляцоўкі будаўніцтва АЭС і закладкі капсулы з пасланнем нашчадкам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
Увогуле, адыходзячы год у гісторыю Астравеччыны ўвойдзе ў адносінах многіх падзей са словам “упершыню”.
У гэтым годзе адбыліся парламенцкія выбары – і ўпершыню жыхар Астравеччыны быў абраны ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу: сенатарам стаў старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.Упершыню сярод гарадоў-пабрацімаў Астраўца з’явіўся расійскі – горад энергетыкаў Ленінградскай АЭС Сасновы Бор.

Першы раз у нас прайшла выстаўка-кірмаш “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, якая запомнілася ўсім жыхарам горада і раёна, як яркае, насычанае свята.
Нарэшце ўпершыню аграрнікі раёна атрымалі рэкордны за ўсю гісторыю існавання раёна ўраджай: валавы збор у 77 тысяч тон збожжа – такога ніколі не было ў нашым раёне.

Адзначыўся адыходзячы год і “адкрыццямі” новых сацыяльна-значных
аб’ектаў: у самым яго пачатку на тэрыторыі раёна з’явілася пятая па ліку аўтазаправачная станцыя, а восенню расчыніў свае дзверы перад пакупнікамі магазін “Родны кут”, пабудаваны ў мікрараёне Валадарскага.Запомніцца год важкімі перамогамі і дасягненнямі многіх жыхароў раёна. Да прыкладу, “Чалавекам года” Гродзеншчыны былі прызнаны ксёндз-пробашч Гервяцкага касцёла Святой Тройцы Леанід Пятровіч Нясцюк і настаўнік хіміі гімназіі №1 Віталій Тадэвушавіч Стаціна. Жанчынай года ў намінацыі “За
мужнасць” была названа Валянціна Пляско, якая, выхоўваючы хворага сына, рашылася ўзяць у сям’ю дзяўчынку-сірату. Пераможцам рэспубліканскага конкурсу апавяданняў газеты “Звязда” і Саюза беларускіх пісьменнікаў стала маладая таленавітая пісьменніца Алена Гануліч. Удала выступалі на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах нашы баксёры і лёгкаатлеты.І ўсё ж, нягледзячы на ўсе гэтыя вялікія і значныя перамогі і дасягненні, калі б мне прапанавалі выбраць адну-адзіную, самую галоўную падзею года, я б такой назвала збор сродкаў для лячэння хворага
хлопчыка Максіма Савельева. Які, як лакмусавая паперка, высвеціў, як шмат у нас людзей добрых, бескарыслівых, міласэрных, спагадлівых…...А канец свету, які нам прадказвалі на канец снежня, не адбыўся! І гэта таксама – падзея года!
Так што – будзем жыць, радавацца тым добрым падзеям, якія чакаюць нас у надыходзячым годзе – і дапаможам ім ажыццяўляцца. Будзем дапамагаць тым, хто слабейшы, каму патрэбна наша дапамога. І пісаць гісторыю сваёй сям’і, свайго горада, сваёй краіны.
Да сустрэчы ў новым годзе!
-----------------
Ніна РЫБІК.