Состязались защитники
Супрацоўнікі Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба і Рытанскага сельскага дома культуры арганізавалі зімовае спартыўнае мерапрыемства, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны.Падобнае культурна-спартыўнае свята ў Рытані праводзіцца не першы год і стала ўжо добрай традыцыяй. А яго прыхільнікі-ўдзельнікі ўжо ведаюць, што сумаваць не прыйдзецца і ў прызначаны час спяшаюцца ў Рытань.
Першых смельчакоў на заўзятую дуэль запрашаў настольны тэніс. Серыя партый хутка вызначыла, хто з ракеткай “на ты”, а каму ў гэты дзень не пашанцавала. Так, першае месца ў гэтым відзе спорту заняў Дзмітрый Скопінаў, на другім – Віталь Несцяровіч, а замкнуў тройку лепшых Уладзімір Ташчан.
Трапнасць і дакладнасць кідка ўдзельнікі дэманстравалі ў дартсе, капрызным і неспадзяваным. Прафесіяналы ведаюць, што самаўпэўненых і ганарлівых дартс не любіць: хутка астужае гарачыя галовы не самым удалым пападаннем, а часам і наогул можа “парадаваць” крыўдным “малаком”. Самы лепшы вынік на спаборніцтве прадэманстраваў Аляксандр Шэшко. Другі паказчык у Алега Пляўгі. На трэцім месцы – Дзяніс Каралькевіч.
Сіла рук, гульня мускулаў і вытрымка – галоўныя патрабаванні пры падцягванні. Пераможцам у гэтым спаборніцтве стаў Аляксей Раманчык, які падцягнуўся 30 разоў. Другое месца заняў Максім Казлоўскі – 23 падцягванні. На трэцім – Дзмітрый Лапата (20).
А вось у жыме трэнажора першае месца заняў Дзмітрый Гардзееў, на другім – Дзмітрый Лапата, трэцім стаў Яўген Крывіцкі.
Ну і, вядома ж, не абышлося без прыгожага і відовішчнага спаборніцтва сапраўдных асілкаў – гіравога спорту. Памерацца сілай з 24-кілаграмовай саперніцай выходзілі многія. У выніку найлепшы паказчык – у Алега Мешкеля, які падняў гіру 91 раз, яму і дасталася перамо- га. На другім месцы – Андрэй Шанчук (70). Толькі на два разы адстаў ад сярэбранага прызёра Аляксандр Шэшко, які заняў трэцяе месца.
А затым фізічныя спаборніцтвы саступілі месца інтэлектуальным. Схіліўшы галовы, ігракі старанна прадумвалі стратэгію хадоў, бо ў шашках і шахматах адна памылка можа каштаваць цэлай гульні.
Лепшым шахматыстам у выніку стаў Карэн Гукасаў, які выйграў у фінальнай партыі ў свайго брата Рубэна. Трэцяе месца заняў Міраслаў Марозаў.
У спаборніцтве па шашках перамогу святкаваў зноў-такі Карэн Гукасаў. На другім месцы – Марына Бондзікава (у шашкі гулялі і дзяўчаты), трэцім стаў Віктар Яхімовіч.
А затым для абаронцаў Айчыны быў падрыхтаваны сюрпрыз: ім прапанавалі ўспомніць армейскія будні і на хуткасць разабраць і сабраць аўтамат. Лепшы вынік тут прадэманстраваў Аляксандр Шэшко, які справіўся з заданнем за 51 секунду. На другім месцы – Сяргей Садоўскі (56,8). Трэцім у дуэлі з аўтаматам стаў Максім Казлоўскі з вынікам 59 секунд.
А завяршыла спаборніцкую гонку гульня ў більярд. Найвышэйшае майстэрства тут прадэманстраваў Дзяніс Родзь. Крыху адстаў ад яго Яўген Сінкевіч. А замыкнуў тройку лепшых Яўген Крывіцкі.
Пакуль ішлі напружаныя спаборніцтвы на базе Рытанскага СДК, у спартыўнай зале Падольскага НПК таксама кіпелі спартыўныя жарсці – тут гулялі ў валейбол. Пяць каманд змагаліся за права заняць месца на ганаровым п’едэстале, але перамогу святкавалі астравецкія валейбалісты. Другое месца заняла каманда
НІАЭП. Бронзавымі прызёрамі сталі спартсмены саўгаса “Падольскі”.
Пераможцы спаборніцтваў былі ўзнагароджаны граматамі і падарункамі ад Астравецкага ФСК.
А затым усіх чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: шчырымі і прыгожымі музычнымі нумарамі спартыўных абаронцаў Айчыны павіншавалі работнікі культуры.
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
