Состязались юные островецкие математики

Трэці раённы турнір юных матэматыкаў прайшоў на базе сярэдняй школы №1 Астраўца.

Перш чым стаць удзельнікамі раённага турніру, школьнікам неабходна было прайсці завочны этап, які доўжыўся амаль два месяцы. На працягу гэтага перыяду каманды школьнікаў выконвалі прапанаваныя ім матэматычныя задачы.
На наступны, вочны, этап, які прайшоў у апошні дзень сакавіка, журы запрасіла 8 каманд з Варнянскага, Мальскага і Рытанскага НПК, СШ №1 і гімназіі №1 Астраўца, Дайлідскай, Міхалішкаўскай і Гудагайскай школ. У гэты дзень сярэдняя школа №1 Астраўца шчыра вітала ўдзельнікаў турніру, які адкрылі метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Трэйгіс і дырэктар сярэдняй школы №1 Марына Мар’янаўна Кутовіч.
І пачалося… Рашэнне задач, выступленне з дакладамі, адказы на пытанні апанентаў, рэцэнзіраванне выступленняў. І ўсё гэта ўпэўнена, дакладна, ясна.
Лепшымі ж сталі вучні СШ №1 Віка Фёдарава, Уладзіслаў Заяц, Антон Міхцееў і Артур Барташ, якія набралі максімальную колькасць балаў. Гэтая каманда вучняў пад кіраўніцтвам Марыі Валянцінаўны Макей і Людмілы Чаславаўны Корвель заняла І месца і была ўзнагароджана дыпломам І ступені.
Другое месца з уручэннем дыплома ІІ ступені было прысуджана камандзе вучняў з гімназіі №1 у складзе Віялеты Шаўліс, Гражыны Махневіч, Максіма Марцулевіча і Карыны Стралкоўскай, якія выступалі пад кіраўніцтвам Галіны Мікалаеўны Ражко.
На трэцім месцы апынуліся Дар’я Лукша, Святлана Мядэйша, Косця Адула і Мікалай Куцук з Варнянскага НПК, якія рыхтаваліся да спаборніцтваў з Ганнай Людвікаўнай Праўлуцкай.
Усе каманды, што ўдзельнічалі ў турніры, акрамя грамат аддзела адукацыі, былі ўзнагароджаны падарункамі, спонсарам якіх выступіла раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.


Фота з сайта vk.com.