Соревнования выявили лучших работников Островецкого лесхоза

Спаборніцтва вальшчыкаў лесу

Астравецкая лясная гаспадарка, усе дзевяць лясніцтваў, нядаўна вызначалася з самымі лепшымі, хуткімі і дакладнымі спецыялістамі па валцы лесу. Раённыя спаборніцтвы вальшчыкаў лесу праходзілі на базе Гервяцкага лясніцтва (90 квартал), а стэндавыя спаборніцтвы – у Рымдзюнах.

На гэтыя спаборніцтвы выставіла па два чалавекі кожнае лясніцтва, лесанарыхтоўчая брыгада, а таксама былі прадстаўнікі Навагрудскай і Смаргонскай лясных гаспадарак.
Варта заўважыць, што, акрамя саміх удзельнікаў і групы падтрымкі, на спа-борніцтвах прысутнічалі мясцовыя жыхары і школьнікі, якія з непрыхаванай цікавасцю назіралі за тым, як удзельнікі спраўляліся з мантажом ланцуга бенза-пілы, абразалі сучча і распілоўвалі дрэва камбінаваным і дакладным рэзам.
Лепш за ўсё з усімі этапамі справіўся варнянскі ляснік Алег Францавіч Байкоўскі, другім “фінішаваў” вальшчык лесу Спондаўскага лясніцтва Міхаіл Казіміравіч Масевіч, а замкнуў тройку прызёраў вальшчык лесу Міхалішкаўскага лясніцтва Юрый Іванавіч Часнойць. Сярод юніёраў (узрост да 24 гадоў) найлепшы вынік паказаў катлоўскі вальшчык лесу Міхаіл Віктаравіч Лукойць.
Агульнакамандныя месцы размеркаваліся наступным чынам: неаспрэчным пераможцам стала Варнянскае лясніцтва (ляснікі А.Ф. Байкоўскі і А.Л. Мазура), другое – за Спондаўскім лясніцтвам (вальшчык лесу М.К. Масевіч і майстар лесу А.У. Мацкевіч) а Міхалішкаўскае лясніцтва стала трэцім (вальшчыкі лесу Ю.І. Часнойць і П.Л. Іванцэвіч).
Усе пераможцы і прызёры ў індывідуальным і камандных заліках атрымалі грашовыя прэміі.
Аднак доўга адпачываць ад спаборніцтваў па валцы лесу нашым лясгасаўцам не давялося: яны прадстаўлялі Астравецкую лясную гаспадарку на абласных спаборніцтвах. Вынік – агульнакаманднае сёмае месца і трэцяе месца ў камандным заліку ў намінацыі “дакладная распілоўка”.



На «ты» з харвэстарам і фарвардарам

Абласныя спаборніцтвы сярод машыністаў тралёвачных (лесанарыхтоўчых) машын – харвэстара, фарвардара – і вадзіцеляў аўтамабіляў па вывазцы лесу адбыліся ў Лідзе.
На гэтых спаборніцтвах нядрэнныя вынікі паказалі Аляксандр Іванавіч Кавяза (4 месца) і Сяргей Аляксандравіч Бахаеў (5 месца).

------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.