Сохраним природное богатство Беларуси вместе!

Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь 27 студзеня 2015 года адзначыла сваё дванаццацігоддзе. На працягу гэтага часу пастаўленыя перад дзяржіспекцыяй задачы заставаліся нязменнымі: прытрымліванне прыродаахоўнага заканадаўства, недапушчэнне фактаў браканьерства і незаконнай нарыхтоўкі драўніны… Мінуў 2014 год – самы час падвесці яго вынікі.

За мінулы год інспектары Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету ажыццявілі 121 кантрольнае палявое мерапрыемства па выяўленні і спыненні правапарушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, падчас якіх было выяўлена 137 парушэнняў. Па незаконных фактах з нанясеннем шкоды ў буйным і асабліва буйным памерах узбуджана 6 крымінальных спраў, адна з якіх звязана з незаконнай вырубкай лесу, дзве – з незаконным паляваннем. Астатнія выпадкі тычыліся незаконнай здабычы рыбы. Падчас рэйдаў інспектары канфіскавалі 52 сеткі агульнай працягласцю 3 кіламетры, 90 кілаграмаў рыбы, 3 ружжы, 63 іншыя забароненыя прыстасаванні для палявання, 180 кілаграмаў дзічыны, 2214 кубічных метраў вырубленай драўніны. За сваю незаконную дзейнасць парушальнікі былі пакараны штрафам на агульную суму 201,26 млн. рублёў. Нанесены навакольнаму асяроддзю ўрон “пацягнуў” на 771,27 млн. рублёў.

Як адзначылі спецыялісты Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, каля чвэрці ўсіх парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства выяўляецца дзякуючы тэлефанаванням пазаштатных памочнікаў на “тэлефон даверу”. Інспектары спадзяюцца, што і ў далейшым жыхары Астравецкага раёна не будуць заставацца раўнадушнымі, калі прыродным багаццям Беларусі наносіцца шкода.

Аб фактах парушэння прыродаахоўнага заканадаўства паведамляйце ў інспекцыю па “тэлефоне даверу” 8 (01592)3-26-74.