Смех - лучшее лекарство от всех болезней, стресса и хандры

Як вядома, смех з’яўляецца лепшым лякарствам ад усіх хвароб, стрэсу і хандры. Гэты дар, дадзены чалавеку ад прыроды, па поўнай праграме скарысталі аматары жаночага клуба “Суседачкі”, які дзейнічае пры Гудагайскім СДК.

На вечар адпачынку сабраліся многія мясцовыя жыхаркі, а таксама прыехалі госці з Астраўца, Слабодкі, Лошы і Варнян. Вядучая Яўгенія Варановіч прапанавала ўсім падзяліцца на дзве каманды і прыняць удзел у конкурснай праграме. А за кожны правільны адказ паабяцала “смяшарык” (клубная грашовая адзінка). Пераможцу чакала ўзнагарода.
Напрыклад, у конкурсе «жывых тэлеграм» з двайным сэнсам трэба было знайсці арыгінальны варыянт. Каб лепш працавалася над заданнем, гаспадыня стала частаваць гасцей чаем, рознымі прысмакамі, а настрой залы падымала аўдыёжартамі.
Справіўшыся з першай скаванасцю і нерашучасцю, каманды ўвайшлі ў рытм і сталі паступова «размотваць» клубок конкурсных хітраспляценняў. У сваіх адказах яны дэманстравалі знаходлівасць, пачуццё гумару і высокі інтэлектуальны узровень.
Паміж конкурсамі ўдзельнікі мерапрыемства разміналіся, прыдумваючы сцэнкі кшталту «На прыёме ў доктара», глядзелі смешныя відэаролікі, расказвалі аб прыгодах са свайго жыцця, шчыра радаваліся кожнаму атрыманаму «смяшарыку».
Не агледзеліся, як надышоў час падводзіць вынікі. Апярэдзіла ўсіх канкурсантак жыхарка вёскі Лоша Анжэла Кукаловіч: у яе аказалася больш за ўсіх «смяшарыкаў». Яна і атрымала прыз, і бурныя апладысменты ўсіх прысутных.
Для астатніх узнагародай стаў добры настрой і станоўчыя ўражанні.


-------------------------------------
Іван ПЕТРЫК, фота аўтара.