Служба 101: не паліць – ці плаціць?

1

Аматары паліць траву і смецце зноў узяліся за справу.


Вечарам 9 красавіка падраздзяленні аддзялення па надзвычайных сітуацыях выязджалі на тушэнне сухой травы ў Вялікіх Якентанах. Плошча пажару склала 0,2 гектара. Была пагроза загарання жылых дамоў і пабудоў.
Праз дзень, 11 красавіка, зноў паступіла паведамленне аб спальванні травы і пагрозе ўзгарання дамоў у вёсцы Дзегянёва. Мужчына ў садзе каля дома маці пілаваў сукі дрэў і паліў іх. Але вецер змяніўся, і ў выніку загарэлася сухая трава. Вясковец пачаў тушыць агонь, але сам справіцца ўжо не змог. Дапамаглі своечасова падаспеўшыя выратавальнікі. Плошча пажару – 1 гектар.
У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь за распальванне вогнішча прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу на суму 12 базавых велічынь, што зараз складае 1200000 рублёў.
У гэты ж дзень, толькі пазней, з-за спальвання травы маглі загарэцца пабудовы ў вёсцы Хралы.


Усяго ў гэтым годзе падраздзяленні Астравецкага аддзела па надзвычайных сітуацыях 8 разоў выязджалі на тушэнне сухой травы з-за пагрозы ўзгарання жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў. Агнём знішчана 4,6 гектара сухой расліннасці.


Нагадваем, што ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь за спальванне сухой травы або непрыняцце мер па яе тушэнні, згодна арт.15.57 Адміністрацыйнага кодэкса прадугледжаны штраф ад 10 да 40 базавых велічынь – гэта ад 1 да 4 мільёнаў рублёў. Такім чынам, выбірайце, што рабіць – не паліць ці плаціць?


Эдуард МАЛЫШКА.