Скураты: нашы людзі на сваёй зямлі

Бацькі…

У юнацтве Ірына дала сабе тры зарокі: ніколі не выходзіць замуж, не нара­джаць дзяцей і не жыць у вёсцы. Але нездарма кажуць: хочаш насмяшыць Бога – раскажы яму пра свае планы.

…З Андрэем яны пазнаёміліся ў Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме: вучыліся ў адной групе. Ён, вясковы хлапчук, сын хлебароба, з дзяцінства цягнуўся да тэхнікі і да зямлі. Яна навагрудская, але маленства прайшло ў вёсцы ў бабулі. Ды і школьніцай усе канікулы бавіла там час.

– А ўвогуле паступала туды, куда мазгі дазвалялі, – самакрытычна гаворыць Ірына Яўгенаўна. – У гандлёва-эканамічны не прайшла б, там конкурс быў шалёны, у ПТВ не хацела: шыць-вязаць я і без таго ўмела. А вёску любіла, таму і пайшла на агранамічны факультэт.

«Мазгі», тым не менш, не перашкодзілі Ірыне закончыць тэхнікум з дыпломам з адзнакай.

І на трэцім курсе яна парушыла першы свой запавет: выйшла замуж за Андрэя Скурата. А неўзабаве пераступіла яшчэ праз адзін: пасля тэхнікума іх размеркавалі ў Астравецкі раён. 

У Кемелішкі Скураты прыехалі ў 1999 годзе з цвёрдым намерам адпрацаваць належныя два гады і пашукаць іншае месца. Але ж – хочаш рассмяшыць Бога…

Жыллё ім выдзелілі: двухпакаёвую кватэру ў так званым кемелішскім шанхаі. Але ж кватэра тая – голыя сцены…

– Нам вельмі дапамаглі, – успамінае Ірына Яўгенаўна. – Найперш тагачасны дырэктар саўгаса Наталля Дзянісаўна Прэпесць. І з рамонтам, і з хатнімі рэчамі, і з прадуктамі. І суседзі вельмі падтрымлівалі. Час памятаеце ж які быў? Не ставала нічога, а найбольш – грошай. 

– На работу ўладкаваліся 19 ліпеня, а першую зарплату атрымалі, як цяпер помню, у 20 чыслах лістапада, – дадае Андрэй Іванавіч. – Цяжка было? Не тое слова! Выжывалі… Але не мы адны… Бацькі дапамагалі. Лес выручаў: грыбы-ягады збіралі, здавалі – за тое і жылі.

Абое Скураты пачыналі памочнікамі загадчыкаў вытворчых участкаў: Андрэй дапамагаў Уладзіміру Пляўгу, Ірына – Тарэсе Мундуць.

Праўда, неўзабаве Ірына парушыла трэці свой запавет: нарадзіла сына. Андрэй пакінуў вучобу ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, бо трэба было думаць пра дабрабыт сям’і. Ды гэта не перашкодзіла яму рабіць кар’еру – да якой, да слова, ён ніколі не імкнуўся. Але прыроджаная гаспадарлівасць, працавітасць, адказнасць не маглі быць незаўважанымі: яго прызначылі загадчыкам участка, затым галоўным аграномам. Калі тры ранейшыя гаспадаркі – саўгасы «Кемелішскі», «Рытанскі» і «Падольскі» – аб’ядналі ў адну, быў загадчыкам узбуйненага ўчастка, у які ўваходзілі землі «Рытанскага» і «Кемелішскага». Цяпер Андрэй Іванавіч – намеснік дырэктара па вытворчасці РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», правая рука кіраўніка. Ён адказвае за ўсю вытворчасць ранейшых трох гаспадарак. 

А Ірына Яўгенаўна рабіла іншую кар’еру – маці і гаспадыні. Хоць і яна без справы ніколі не сядзела. Ілюшы было 11 месяцаў, калі тагачасны загадчык кемелішкаўскага спажыўтаварыства Валерыя Стэх угаварыла яе стаць за прылавак мясцовага магазіна – сына глядзела маці. Але і там жанчына доўга не затрымалася: нарадзілася Маша, а ў хуткім часе – Варвара. Пасля трэцяга дэкрэтнага Ірына Яўгенаўна нейкі час працавала памочнікам загадчыка фермы, а з 2015 года яна – аграном-насеннявод.

І пры гэтым дома ў Скуратаў вялікая гаспадарка. Пачалося ўсё з парачкі парасят, якую маладой сям’і на першым годзе іх жыцця ў Кемелішках падарыла Тэрэса Мундуць. А потым на 8 Сакавіка Андрэй падарыў жонцы… цяля! І ўявіце сабе: тая, што заракалася ніколі не жыць у вёсцы, не выдрала яму вочы і не падала на развод – засталася вельмі задаволенай. Бо гаспадарка – гэта не толькі клопат і праца – яе Скураты ніколі не баяліся, але і добрая фінансавая падтрымка. А ім, маладым, якія разжываліся са сваёй працы, кожная капейчына была патрэбна.

– Уявіце сабе: мы ўтраіх (з Андрэем і малым Ільёй – дзяўчаткі былі ў садку) за дзень набіралі па 100 літраў брусніц, – успамінае Ірына Яўгенаўна. 

Сто (!) літраў?! Па тры вядры на кожнага, улічваючы дзіця?! Не, не ўяўляю…

А вось як разламваецца спіна пасля збору ягад, баляць рукі і ногі – добра ўяўляю. Ды што там – памятаю, хоць на столітровыя подзвігі ніколі не была здатнай, хапала і вядра… 

Затое потым, здаўшы нарыхтоўшчыкам ягады, можна было дазволіць купіць сабе ці дзецям нешта не толькі з разраду «трэба», але і «хачу» ці нават «мару».

Сёння, калі большасць аднавяскоўцаў перайшлі на магазіннае малако і смятану, мяса і яйкі, яны па-ранейшаму маюць усё сваё. 

– Калі прыехалі ў вёску, з усіх двароў выганялі на пашу 330 кароў, – гаворыць Анд­рэй Іванавіч. – Цяпер 30. Статка даўно няма: кожны з «апошніх магікан» сваю рагулю навязвае. Травы хапае – касіць няма жадаючых. 
З такіх «магікан» і Скураты, якія  трымаюць тры каровы, свіней, курэй, качак.

– Я без гаспадаркі не магу, – гаворыць Ірына Яўгенаўна. – Не ўяўляю, чым на вёсцы займацца, калі жывёлу не трымаць?

…І дзеці

Вядома, дарослым справіцца з такой гаспадаркай – дадайце да жывёлы яшчэ грады, бульбу – было б цяжка. Дзеці дапамагаюць – дзякаваць богу, дарослыя ўжо ўсе. Ці амаль усе. 

Зрэшты, Варвара, якая вучыцца ў адзінаццатым класе, хоць і самая малодшая, але першая маміна памочніца. У яе нават ёсць свой гадаванец – бычок Мішка.

– Ілья папрасіў пакінуць, хацеў выгадаваць для сябе, – расказвае маці. – Ды калі яму: работа, дзяжурствы. Варвара Мішку «ўсынавіла»: корміць, поіць. Бычок яе адну слухаецца.

І з каровамі ўпраўляцца матулі дапамагае малодшая дачка.

– Будзільнік у мяне штодня на 4.22 настаўлены, – гаворыць Ірына. – А калі, здараецца, прасплю, Варвара дапамагае. На ёй дзве каровы, на мне – адна. Яна ў 12 гадоў даіць навучылася. Маша ў нас «гарадская». А Варвара ўсё ўмее.
Зрэшты, усе дзеці Скуратаў работы не цураюцца. Проста ў кожнага свае абавязкі і свой участак.

Хоць старэйшыя выбралі сабе не сельскагаспадарчыя прафесіі, тым не менш яны – вясковыя.

Ілья ў школе паказваў добрыя спартыўныя вынікі. Яго першы настаўнік фізкультуры Уладзімір Амаравіч Якубоўскі прывіў хлопцу любоў да спорту, ён займаў прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах і прысвячаў свае перамогі любімаму настаўніку. Пасля школы Ілья збіраўся паступаць ва ўніверсітэт фізкультуры і спорту: здаў экзамены, прайшоў усе тэсты. А ў апошні дзень перад залічэннем забраў дакументы і падаўся ў Салігорскі горна-хімічны каледж.

– Вырашыў, што гэта лепш, чым быць трэнерам па валейболе, – тлумачыць ён сваё многім незразумелае і тады, і цяпер рашэнне.

Сёння Ілья працуе старшым інструктарам-выратавальнікам у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Кажа, што працай задаволены.

Але кожнае лета – спачатку на канікулах, а сёлета спецыяльна для гэтага ўзяў адпачынак – садзіцца на камбайн. Яшчэ са школы працаваў памочнікам камбайнера спачатку ў Івана Аўгуля, затым у Яўгена Крывіцкага. А сёлета сам сеў за штурвал. У памочніцы сабе ўзяў… Каго б вы думалі? Сястру Машу! Цяпер ужо – Марыю Андрэеўну, настаўніцу.

Дзяўчына на той час толькі скончыла Лідскі педагагічны каледж, паступіла на завочнае аддзяленне ў Гродзенскі ўніверсітэт ім Янкі Купалы і ў чаканні новага навучальнага года адпачывала. Вось старэйшы брат і прапанаваў ёй сумясціць прыемнае з карысным: зведаць смак жніва і падзарабіць на свае дзявочыя «хацелкі». Маша пагадзілася – і тандэм маладых Скуратаў атрымаўся паспяховы. Тысячу тон, праўда, намалаціць не змаглі – быў перапынак у рабоце, калі Ілья захварэў, але вынік паказалі добры і ў наступным год хлопец збіраецца зноў сесці за штурвал.

Дарэчы, Варвара таксама ўдзельнічала ў жніве, прычым не ўпершыню. Чацвёртае лета яна ў складзе студатрада БРСМ працуе разам з іншымі школьнікамі на збожжатаку. Увогуле дзяўчына марыць звязаць жыццё з юрыспрундэнцыяй, але бацькоўскія гены і моцная хлебаробская закваска, думаецца, назаўсёды застануцца з ёй. 

…Вось ужо 27 гадоў – большую частку жыцця – Скураты жывуць у Кемелішках, куды некалі прыехалі на адпрацоўку. Менавіта гэтую вёску не толькі дзеці, што тут нарадзіліся, але і бацькі лічаць радзімай. 

Бо тут яны – на сваёй зямлі. Свае сярод сваіх.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик