"Скрыжаванне поглядаў" – новая рубрыка "Астравецкай праўды"

2

Кажуць, колькі людзей – столькі меркаванняў. І хоць гэта крыху ўтрыраваная думка, усё ж на любую з’яву ці падзею нашага жыцця існуюць розныя, прычым дастаткова абгрунтаваныя, погляды.
На старонках “Астравецкай праўды” мы адкрываем новую рубрыку – “Скрыжаванне  поглядаў”, у якой плануем даваць розныя, часам супрацьлеглыя погляды на тыя ці іншыя рэчы. А паколькі адкрыццё гэтай рубрыкі адбываецца якраз напярэдадні свята закаханых,  то і паспрачацца нашы апаненты сёння вырашылі пра каханне.



А вы кажаце – каханне...

“Не пайду за нелюбімага!”, – плакалі дзяўчаты ў пачатку мінулага стагоддзя. Дурніцы! Сённяшнія нявесты толькі падзякавалі б сваім бацькам за выгадную шлюбную партыю.


Шлюб па разліку… Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ён лічыўся калі  не ганебным, то, ва ўсялякім выпадку, нечым, што не да канца адпавядае маралі. Нехта заўважыць, што проста мараль тая была крывадушнай. Магчыма.
Сёння нормы жыцця сталі менш крывадушнымі і больш рацыянальнымі, прагматычнымі. Халодны разлік вызначае ці не ўсе ўчынкі людзей. У тым ліку і выбар спадарожніка жыцця. Ды і спадарожнікам я яго назваў хутчэй па звычцы. Больш дарэчы было б слова «партнёр». Заўважылі – нават у інтымнай частцы нашага жыцця ўсё часцей ужываецца менавіта гэта азначэнне! Не “каханы”, “каханая”, а менавіта «партнёр». Што да кахання, то ім сёння займаюцца. Як нейкай справай, работай…
Шлюбныя адносіны ўсё часцей падмацоўваюцца кантрактам. Яно і зразумела: дзе грошы, маёмасць – там і кантракт. Падпісваюць яго таксама партнёры. Спачатку гэта неяк шакіравала як каханне можна стасавацца з дзелавой паперай? – а зараз успрымаецца цалкам нармальна. Асабліва з улікам таго, што і колькасць разводаў прыкладна роўная колькасці шлюбаў.
“Не сышліся характарамі”,— адгаворка пры разводзе такая ж старажытная, як і само чыстае, бескарыслівае каханне. Сённяшні развод больш нагадвае працэдуру ліквідацыі прадпрыемства.                                                 
 Сучасныя Папялушкі ад прынца не ўцякаюць і крыштальным туфлікам іх не спакусіш. Паспяхова выйсці замуж – зусім не значыць выйсці за любімага, добрага, пяшчотнага, рамантычнага   бюджэтніка. Хай муж лепш будзе з адзнакай дэгенерата на твары, затое пры грашах.
“Тургенеўскія” дзяўчаты з “акадэмічным” выхаваннем і адукацыяй у такіх жаніхоў попытам не карыстаюцца. Значна важней знешнія дадзеныя. Што там зараз у модзе, якія мадэлі? 90-60-90? Бландзінкі, ногі “ад вушэй” і вусны а-ля Анжэліна Джолі? Падобная спадарожніца, безумоўна, яшчэ больш павысіць статус уладальніка і будзе выдатным дапаўненнем да шыкоўнага аўто, дарагога гадзінніка на руцэ і касцюма ад папулярнага куцюр’е. Толькі б грошай на “абслугоўванне” хапіла. Ну а калі не, то пакуль можна задаволіцца і нечым больш сціплым. А з часам прыдбаць больш прыстойную “мадэль”…
Зрэшты, хто сказаў, што каханне па разліку не мае права на існаванне? Што б там ні гаварылі пра загадку самага таямнічага пачуцця – вучоныя вунь сцвярджаюць, што вінаватая ва ўсім нейкая хімічная формула – падсвядома любяць ўсё роўна за нешта. За характар, розум, прыгажосць… Сярэдневяковыя прыгажуні, магчыма, сваіх палавінак кахалі за майстэрства адным ударам мяча зносіць галаву саперніку. Дык чаму сёння не кахаць за тугі кашалёк, кватэру альбо машыну?
Ну, а што ж нас чакае ў будучым? Усё будзе цудоўна! Сучасныя тэхналогіі цалкам падменяць каханне! Сапраўды, навошта перажываць, усё жыццё чакаць суджанага, бясконца корпацца ў сваіх комплексах і есці сябе знутры, калі асабістае пытанне можна будзе вырашыць за некалькі імгненняў? Скінуў у інтэрнэт свае дадзеныя – рост, вагу, колер вачэй, узрост, прыкладны лік на рахунку, пол (вельмі актуальна на сёняшні дзень) – выказаў уласныя пажаданні і праз імгненне атрымаеш бясконцую колькасць варыянтаў сумеснага пражывання. Калі выбіраць з бясконцасці не стае – пошук можна звузіць, задаўшы больш дробныя характарыстыкі. Скажам, уменне будучай жонкі гатаваць боршч па-ўкраінску з кубікамі падсмажанага хлеба. І ўсё – ніякіх праблем і перажыванняў! І к чорту ўсе гэтыя архаічныя догмы пра жыццё да сканання! Толькі кантракт! Для пачатку – на тры гады, з магчымасцю далейшага прадаўжэння. Зручна і выгадна. Заўважыў недахоп – кантракт не працягнуў.
Пагадзіцеся, усё гэта нават сёння не здаецца надта ўжо фантастычным і нерэальным. Што ж тады гаварыць пра будучыню?!
А вы кажаце – каханне…


СКЕПТЫК.




А вы кажаце – інтэрнэт...

Каханне па кантракту, шлюбны дагавор, “нявеста па запатрабаванні” – і ўсё гэта прыкметы сучаснага кахання? Бог з вамі, шаноўны калега! Ды гэтая з’ява існуе столькі, колькі і само чалавецтва.


Успомніце хоць бы апетае не толькі прымадонай расійскай сцэны, але і дзесяткамі пісьменнікаў “жаніцца па каханню не можа ні адзін, ні адзін кароль”, калі лёсы краін і народаў вырашаліся шлюбнымі дагаворамі, хай сабе і не замацаванымі ў натарыяльным парадку. І нікому не было справы ні да знешнасці, ні да ўзросту жаніха ці нявесты і тым больш да іх пачуццяў. Што ўжо казаць пра тых, хто рангам ніжэй: багаты пасаг любую дурнічку – і не толькі ў сэнсе знешнасці – рабіў вельмі зайздроснай нявестай, а магчымая спадчына кожнага лавеласа ператварала ў жаданага жаніха. У нашых з вамі продкаў, як я падазраю, “блакітнымі крывямі” не абцяжараных, таксама быў свой разлік: у чыіх бацькоў надзел зямлі большы,  у каго каровы ў хляве гладчэйшыя, коні спрытнейшыя – той і лепшы жаніх ці нявеста. Па інтэрнэту ў тыя часы сабе пару, вядома, не шукалі – па прычыне яго адсутнасці нават у смелых мроях фантастаў, але прафесійныя свахі існавалі, і попытам іх паслугі карысталіся – хай сабе ў межах аднаго акрэсленага рэгіёну.
Дык што, каханне, шлюб і  даўней, і зараз, а  тым больш у будучыні з’яўляецца толькі выгаднай ці не вельмі здзелкай, а ўсялякія там “асясяй” – усяго толькі выдумка паэтаў, музыкаў ды іншых рамантычных асоб?
Выкажу крамольную думку, але магчыма, калі б усё было менавіта так, то гэта было б нават лепей. І сем’і былі б больш моцнымі, калі б пры падборы дзвюх палавінак нехта ўсёведаючы ўлічыў усе асаблівасці характараў абодвух, а не зводзіў разам закаханыя несумяшчальнасці… Ну канешне, чалавецтва не далічылася б большасці твораў мастацтва – прычым самых геніяльных, але колькі б жыццяў захавалася, не кажучы ўжо пра здароўе, колькі сем’яў жылі-былі б у спакоі – без радасцяў і засмучэнняў…
А з іншага боку – колькі б геніяльных людзей не нарадзілася, калі б іх будучыя мамы і таты кіраваліся толькі цвярозым розумам ды дакладным разлікам і не кахалі адзін аднаго, а ўсяго толькі “займаліся каханнем”… І колькі б нам тады давялося яшчэ чакаць таго інтэрнэту ці нават кола – можа, да гэтага часу сядзелі б у пячорах, тупа ўглядаючыся на агонь…
Але ж не, хочам мы таго ці не – аднак у свеце было, ёсць і будзе нешта такое, чаму ніхто не знайшоў прычыну: ці то Божы промысел, ці то д’яблавы штучкі, ці страла Амура, ці хімічныя змяненні ў арганізме… Вось уступяць нейкія малекулы ў незапланаваную рэакцыю з іншымі – і ўсё! І ў адзін цудоўны ці не вельмі момант ты разумееш, што вось гэты чалавек – не самы прыгожы, не самы багаты, ды што там – часам далёка не самы лепшы, а можа, нават зусім наадварот – становіцца адзіным ва ўсім свеце. Не ў тым справа, што іншых не існуе – яны побач: падаюць паліто, гавораць кампліменты, магчыма, нават прызнаюцца ў каханні… Але ўсе гэтыя, іншыя — прыгожыя, разумныя, дасціпныя, закаханыя — табе непатрэбны. А патрэбен толькі адзін – той, якому, магчыма, зусім непатрэбны ты… Так было ў даўнейшыя часы, калі каралі і імператрыцы, якіх жанілі і выдавалі замуж, у іх не спытаўшы,  заводзілі сабе фаварытаў, памешчыкі трымалі ў нявенчаных жонках дваровых дзевак, а графіні бралі на ўтрыманне гувернёраў сваіх дзяцей. Так ёсць і зараз – пры ўсёй хуткаплыннасці нашага часу, наяўнасці тэхнічных сродкаў і распаўсюджанасці шлюбных дагавораў. І які ўжо тут разлік, які дагавор, калі людзі забываюцца пра пачуццё абавязку, прыстойнасць, мараль, нават пра ўласную бяспеку. І калі б каханне, гэтае лёгкае ці больш цяжкае – гэта як каму пашанцуе — памяшальніцтва, не мела ўласцівасці пераходзіць з вострай формы у хранічную, а ў некаторых – і ўвогуле вылечвацца, чалавецтва, напэўна, чакала б масавае вар’яцтва.
І так будзе заўсёды: пакуль будзе існаваць свет, будзе існаваць і невытлумачальная, незразумелая з’ява – каханне, пра якую зноў і зноў будуць спрачацца – і кахаць. Бо Бог па-ранейшаму будуе свае планы, а д’ябал – строіць козні. Амур будзе пускаць стрэлы,  а малекулы ў нашым арганізме — уступаць у недаследаваныя пакуль вучонымі рэакцыі, якія не залежаць ні ад велічыні банкаўскага рахунку, ні ад маркі мабільнага тэлефона…
А вы кажаце – інтэрнэт…


РАМАНТЫК.