Скандынаўскай хадой узышлі астраўчане на п’едэстал у Ашмянах

У адзін з празрыстых, па-летняму цёп­лых вераснёўскіх дзён у Ашмянах на гарадскім стадыёне па запрашэнні мясцовага раённага ТЦСАН у трэці раз сабраліся каманды людзей залатога ўзросту з Ашмянскага, Астравецкага, Смаргонскага, Іўеўскага і Лідскага раёнаў, каб паўдзельнічаць у спаборніцтвах па скандынаўскай хадзьбе. 

Астравецкая зборная: 

Уладзімір Адзінцоў, Марыя Васілёнак, Ганна Шамардзіна, Людміла Ярмольчык, Віктар Бобер, Ларыса Мартынава.


Урачыстае адкрыццё, гукі гімна Рэспублікі Беларусь, трапятанне дзяржаўнага сцяга на фоне блакіту неба, віншаванні ганаровых гасцей – і не засталося ніводнага засмучанага ці проста заклапочанага твару. Хоць кожнай камандзе хацелася быць годнай тых значных падзей, якім прысвячалася спаборніцтва: 80-годдзе ўтварэння Гродзенскай вобласці і Дзень народнага адзінства. 
Скандынаўская хадзьба як від аматарскага спорту – самы даступны і бяспечны спосаб падтрымліваць сваё цела ў добрай фізічнай форме. Але адна справа – калі ты гэта робіш для сябе, і зусім іншая – калі ты член каманды! І ўжо першы конкурс капітанаў прадэманстраваў, што будзе спаборніцтва не толькі ў хуткасці, але і ў тэхнічнасці. Наш капітан Віктар Бобер быў на вышыні: ён пераступіў фінішную прамую першым!
А далей пайшлі камандныя эстафеты. Каб вы зразумелі нашы адчуванні пасля кожнай дыстанцыі, скажу толькі, што як манну нябесную бралі мы з рук валанцёраў шклянкі вады, каб прамачыць засмяглыя вусны.
У выніку ніхто не застаўся пакрыўджаным: усе каманды атрымалі дыпломы за ўдзел, кожны ўдзельнік – падарунак ад спонсараў.
І ўсё ж у спаборніцтве павінны быць пераможцы. Астраўчане атрымалі Дыплом другой ступені, упершыню саступіўшы пальму першынства гас­падарам. Мы не засмуціліся, яны сапраўды былі мацнейшымі. Да таго ж так прыемна бачыць радасць іншых!

Развітваліся, дзякуючы гаспадарам за гасціннасць і цудоўна праведзены час сярод равеснікаў і аднадумцаў і ў надзеі на спатканне ў наступным верасні.

 Удзельніца спаборніцтваў Марыя ВАСІЛЁНАК. 



Текст: Главный администратор