Што звязвае жыхарку Варнян Анастасію Пяткевіч і «Астравецкую праўду»

Жыхарка Варнян Анастасія Пяткевіч не толькі пастаянны чытач «Астравецкай праўды», але і неаднаразовая яе гераіня.

– З «раёнкай» сябрую з дзяцінства – бабуля і мама заўсёды выпісвалі яе. Памятаю, пакуль не ўмела чытаць, у дзень, калі прыходзіла газета, брала выданне і разглядвала фота­здымкі – было неверагодна цікава. У пачатковых класах у школьнай бібліятэцы, дзе «раён­ка» ляжала ў вялікай падшыўцы, нам расказвалі, што друкуюць на яе старонках. Тады мяне здзіўляла, як гэта ў газеце могуць з’явіцца і нашы фота.

– А потым, можна лічыць, я стала сваім чалавекам у «раёнцы», бо ўжо неаднойчы трапляла ў яе, – усміхаецца Анастасія.  – Упершыню гэта адбылося ў студэнцтве – напісала пра сацыяльныя сеткі, і артыкул надрукавалі. Я не спадзявалася на гэта, але пазваніла мама і расказала – радасці было шмат! Выразку з тым матэрыялам захоўваю. Як і іншыя публікацыі: з задавальненнем удзельнічаю ў конкурсах, фотаконкурсах і фотамарафонах – прыемна бачыць на старонках «раёнкі» свае работы. Неаднойчы была ў ліку пераможцаў, прыязджала ў рэдакцыю на ўзнагароджанне. Таксама ў маім архіве ёсць віншаванне з нараджэннем першага дзіцяці – цяпер даюць толькі колькасць нованароджаных, а тады пісалі імёны.




А яшчэ памятаю, як праз газету зрабіла сюрпрыз маме, якая працуе поварам. (Усміхаецца.) На конкурс «раёнкі» пра прафесіі я адправіла яе фота. Потым галоўны рэдактар прыязджала да мамы на работу, каб павіншаваць, – выразка аб гэтым таксама захоўваецца. 

Цяпер сама выпісваю «Астравецкую». Канешне, сёння можна пачытаць матэрыялы на сайце газеты, у сацыяльных сетках, але мне бліжэй друкаваная версія. Інфармацыі ў «раёнцы» дастаткова, і падаецца яна граматна: па-першае, ёсць усе важныя тэмы; па-другое, не перагружае чытача, дае ўсё самае неабходнае – а каму трэба падрабязнасці, можна знайсці іх у інтэрнэце. 


Радуе, што без увагі не застаюцца святы, у тым ліку прафесійныя – люблю чытаць такія матэрыялы. Прыемна сустракаць знаёмыя прозвішчы, даведвацца пра ўзнагароджаных землякоў. Нядаўна ад­зна­чаўся Дзень сельгас­работнікаў – мне было цікава бачыць калег на старонках газеты.

Як у дзяцінстве, так і цяпер чакаю каляндар на наступны год – у нашай сям’і заўсёды на сцяне вісіць менавіта з «Астравецкай праўды». Гэта ўжо традыцыя.



Текст: Светлана Фёдорова
Фото: из архива героини