Што такое маладосць і як змагацца са старасцю


Фото Helena Lopes, Pexels

Фото Helena Lopes, Pexels 

Вы заўважылі, што ў розным узросце год ці два – гэта не зусім аднолькавы, ці дакладней – зусім неаднолькавы прамежак часу? Трэццякласніка ад пяцікласніка раздзяляе цэлая эпоха. А вось 20- і 30-гадовыя матулі тых трэццякласнікаў ці пяцікласнікаў пачуваюць сябе як равесніцы. У іх аднолькавыя дзеці, а значыць, падобныя клопаты і праблемы: яны разам ходзяць на бацькоўскія сходы, наведваюць аднаго цырульніка, разам займаюцца фітнесам і працуюць у адным кабінеце, прычым маладзейшая часта з’яўляецца кіраўніком старэйшай – і нікога гэта не здзіўляе.

А ва ўзросце за 70 (а тым больш за 80) адзін год становіцца зноў «дыстанцыяй вялізнага памеру». «Глядзі ты, Ганна памерла, – дзівілася некалі матуля, даведаўшыся сумную навіну пра нашу аднавяскоўку. – А яна ж на два гады за мяне маладзейшая!»

І размовы ў гэтым узросце ўжо зусім не тыя, што ў 20-30. Маладыя любяць абмяркоўваць, як кахаліся, жаніліся, дзяцей нараджалі, як на правы зда­валі, дзе модную сукенку на карпаратыў прыдбаць ды хто найлепшы майстар па манікюры ў іх горадзе. А старыя – хто са знаёмых памёр, якім было пахаванне, дзе спраўлялі памінкі… 

…Дзве колішнія каляжанкі ў тэ­лефоннай размове абмя­ркоў­ваюць пахаванне трэцяй: адна пра­водзіла ў апошні шлях колі­ш­нюю сяброўку, а другой не выпала, занятая была. І першая дзе­ліцца ўражаннямі ад нядаўняй падзеі.

– Людзей было шмат, дарма, што старая і даўно не працуе. І радня, і суседзі, і з работы прый­шлі. Вянкоў, кветак – мора! Добра, што цяпер рытуальныя залы паадкрывалі, то прасторна, усім месца хапіла. А ў кватэры задушыўся б у летнюю спёку: лю­дзі, кветкі, свечкі...

– А я дык хацела б, каб мяне са сваёй хаты вынеслі, – абдумаўшы пачутае, праз нейкі час выказвае сваё меркаванне другая. – Я тут усё жыццё пражыла – хацела б і апошнюю ноч пераначаваць у родных сценах.

– У тваёй двухпакаёвай кватэры на пятым паверсе? – абураецца сяброўка. – Ты, мо, з глузду з’ехала?! Канешне, табе добра – будзеш ляжаць, як пані, ручкі зла­жыўшы… А ты думаеш, як цябе людзям выносіць давядзецца, круціцца па нашых вузкіх лесвіцах з труной? А як нашы колішнія калегі да цябе падымуцца – усе ж немаладыя. Не, ты як хочаш, а я да цябе на пахаванне на пяты паверх не падымуся, хоць крыўдуй, хоць даруй. У мяне ногі хворыя і ціск скача, сэрца барахліць… Наскрозь хворая! У лепшым выпадку на могілкі прыйду, ды і то калі машынай падвязуць…

– Іванаўна, ты збіраешся да мя­не на пахаванне прыйсці? – асця­рожна цікавіцца першая каляжанка. 

– Ну а як жа! Столькі гадоў ра­зам працавалі, ні разу не пасва­рыліся…

– Але ж я за цябе на тры гады маладзейшая! – нагадвае суразмоўца.

– Ну і што? – парыруе «наскрозь хворая». – Ніхто не ведае, хто калі памрэ!

Што праўда, то праўда…




Текст: Нина Рыбик