Што лепш – працаваць ці адпачываць, спыталі ў пенсіянераў
Чым нашы рэспандэнты аргументуюць сваё жаданне працаваць ці, наадварот, пакінуць работу, мы спыталі ў некаторых пенсіянераў.
Сяргей Шэін, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання СШ №1:
Але і адпачываць надакучае, асабліва калі прыходзіць зіма. Хочацца стасункаў. Калі адчуваеш: ёсць што расказаць, чаму навучыць, а слухаць ужо ніхто не хоча...
Тры гады сядзеў дома. У школу клікалі і раней, але адмаўляўся. А сёлета вырашыў пайсці. Да гэтага часу не зразумеў, правільна зрабіў ці не.
Святлана Іванова, былы начальнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва:
Мяне ўсё задавальняе. Сумаваць няма калі, хапае хатніх клопатаў. Для душы і для здароўя хаджу ў спартыўную залу і ў басейн. Пра работу ўжо забылася. Страшна падумаць, што давялося б зноў ранкам падымацца, спяшацца, а там нейкія няўвязкі, згрызоты… Не, лепш я сабе ў нечым адмоўлю, але спакайнейшай буду.
Ларыса Мартынава, былы настаўнік СШ №1:
Мінула 13 гадоў – і сёлета першы раз мяне не запрашалі на работу. А я кожны раз адмаўляла! Бо працаваць добра ўжо цяжка, а дрэнна – сорамна. Мы, выхаванцы савецкай школы, так не прывучаны…
Грошай мне хапае – на жыццё і на нейкія свае «жадалкі», маленькія радасці. А на вялікія мы з мужам на працягу года патрошку адкладваем і чакаем, пакуль прыбяжыць нейкі «таракан» і куды-небудзь нас пакліча. Вось апошні нагадаў, што я ў Маскве ніколі не была. Цяпер збіраемся!
На пенсіі добра, бо ты сам плануеш свой час, заняткі. Цяпер, да прыкладу, я шыю сабе вячэрні ўбор. Не таму, што ён мне патрэбен, – паставіла такую задачу і занялася яе ажыццяўленнем. А потым планую вышыць крыжаванку, прысвечаную нашай сям’і, дзе будуць перасякацца ўсе імёны. Спачатку ж яе трэба было прыдумаць – толькі дзевятнаццаты варыянт мяне задаволіў. Усё трэніроўка для мозгу!
Так што я заўсёды магу сябе заняць – але не стаміць.
Ірына Тарасевіч, сястра-гаспадыня хірургічнага аддзялення ЦРКБ:
Матэрыяльны бок справы, вядома, таксама мае значэнне. Але не гэта галоўнае. Што рабіць у гэтай каменнай скрыні дзень пры дні? Была б дача, то быў бы нейкі занятак. А так што? Звар’яцець можна! А так хочаш – не хочаш, баліць ці не баліць, а трэба ранкам падняцца, прыняць душ, апрануць свежую блузку, вочкі падвесці, вусны пафарбаваць… І да людзей!
Марына Анапрыенка, касцюмер цэнтра культуры і народнай творчасці:
Я ўжо сем гадоў на пенсіі, але што гэта такое, пакуль так і не даведалася. Працавала прадаўцом, цяпер вось тут…
У мяне сем унукаў, чакаем восьмага – кожнаму трэба падарунак на дзень нараджэння, на Новы год, ды і проста так цукеркай якой пачаставаць… А пенсія ў мяне невялікая, без дадатковага даходу ў выглядзе зарплаты ніяк не выкруціцца.
Валянціна Янчэўская, не працуе:
Не, на пенсіі добра. Не ўсе толькі гэта разумеюць.
