Што адбывалася на Астравеччыне ў “ліхія дзевяностыя”

Першую палову 90-х гадоў мінулага стагоддзя пазней назавуць «ліхімі дзевяностымі» – і гэта не было перабольшваннем ці «чырвоным слоўцам».

1991 год у гісторыі краіны стаў рэвалюцыйным, лёсавызначальным і парадаксальным. У сакавіку на рэферэндуме пераважная большасць жыхароў СССР прагаласавала за захаванне Савецкага Саюза. А ў жніўні таго ж года адбыўся путч – і ў снежні ў Белавежскай пушчы лідары Расіі, Украіны, Беларусі падпісалі пагадненне, у выніку якога вялікая краіна перастала існаваць. Затым адбыўся так званы парад суверэнітэтаў, да якога далучылася і былая Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая абвясціла сваю незалежнасць і стала самастойнай краінай – Рэспублікай Беларусь.

Развалілася не толькі вялікая дзяржава – бурылася ўсё. Панавалі галапіруючая інфляцыя і немагчымы дэфіцыт. 

Рубель, купон, візітная картка пакупніка…

31 студзеня 1991 года дзве старонкі газеты былі прысвечаны пераходу на новыя ўмовы гандлю – уводзілася так званая візітная картка пакупніка для прамысловых тавараў. Уладзімір
Булавіцкі, намеснік старшыні выканкама райсавета, расказваў, для чаго патрэбна «візітоўка». А намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Сяргей Герт падрабязна тлумачыў парадак набыцця тавараў і гаварыў пра нормы іх продажу.

У артыкуле «Рубель-купон», надрукаваным 11 студзеня 1992 года, намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства В. Паранюк расказваў пра парадак гандлю з дапамогай купонаў. Іх увялі, каб тавары не вывозілі за межы краіны. Купоны змяшчаліся ў картачках спажыўца, якія можна было атрымаць па месцы работы, пенсіянерам – у райсабесе. Пры разліках за тавары рублямі прадаўцы выразалі яшчэ і адпаведную колькасць купонаў.

І ў тым жа артыкуле В. Паранюк расказвае пра нормы продажу прадуктовых тавараў: макаронныя вырабы – 1 кілаграм, алей – 0,5 літра на квартал, тытунёвыя вырабы – 6 пачкаў, яйкі – 10 штук, гарэлка – 1 бутэлька, мука, цукар, крупы – 0,5 кілаграма, мыла туалетнае – 100 грамаў на квартал на аднаго чалавека… А 18 студзеня В. Паранюк у матэрыяле «Яшчэ раз пра хлеб надзённы» паведамляе пра ўстаноўленыя нормы продажу хлеба: 0,5 буханкі чорнага і 0,5 батона (можна замяняць адно другім) на душу насельніцтва ў дзень. Пазней па картачках сталі прадаваць і смятану: паўлітра на тыдзень – маласямейным, літр – сем’ям, дзе больш за двое дзяцей.

У маі 1992 года карткі спажыўца і купоны адмянілі – на змену ім прыйшлі разліковыя білеты Нацыянальнага банка, тыя самыя «зайчыкі» і «ваўкі», якім належала паступова замяніць савецкі рубель і стаць першай нацыянальнай валютай. На першым часе разлічыцца ў магазіне можна было і рублямі, і «зайчыкамі», суадносіны складалі 1 рубель – 10 білетаў Нацыянальнага банка. А 20 жніўня 1994 года «Астравецкая праўда» паведаміла аб дэнамінацыі беларускага рубля, кошт якога зменшыўся ў 10 разоў.
Свістапляска з грашыма, цэнамі, таварамі, з’яўленне на рынку замежнай валюты прывялі да развіцця банкаўскай справы.
5 снежня 1992 года акцыянерна-камерцыйны банк «Белаграпрамбанк» змясціў у раённай газеце аб’яву аб тым, што «праводзіць скупку і продаж замежнай наяўнай валюты, (…) адкрывае валютныя рахункі юрыдычным і фізічным асобам». 

Пра тагачасны ўзровень інфляцыі сведчыць аб’ява, змешчаная 26 студзеня 1994 года: «У астравецкім аддзяленні Белаграпрамбанка працуе аддзел зберажэнняў грашовых сродкаў насельніцтва. Працэнтныя стаўкі: да запатрабавання – 150% гадавых, тэрміновыя: на 1 месяц – 25%, на 3 – 230%, на 6 – 250%, на 9 – 280%, на 12 – 320% гадавых». 

«Слабае звяно» – пенсіянеры і беспрацоўныя

Асабліва цяжка ў тыя гады даводзілася пенсіянерам. У артыкуле «Боль і гнеў пенсіянераў», змешчаным на старонках газеты 31 мая 1995 года, уздымаецца праблема: складана атрымаць пенсію. «На пош­це неймаверныя чэргі, выплаты пераносяцца з дня на дзень. Пажылыя людзі кожны ранак займаюць «чаргу надзеі». Але ж не ўсе па стану здароўя могуць вытрымаць такія пакуты…». Тут жа загадчыца аддзела сацыяльнага забеспячэння райвыканкама Часлава Кандратовіч тлумачыць, што «У раёне 9 700 чалавек атрымліваюць пенсіі і сацыяльныя дапамогі.

(…) Толькі ў маі на гэтыя выплаты трэба было затраціць 3,5 мільярды рублёў. А з фонду сацыяльнай абароны паступіла толькі 1 мільярд 150 мільёнаў». 30 верасня таго ж года ў матэрыяле да Дня пажылых людзей Часлава Кандратовіч гаворыць, што пенсіі затрымліваюцца на 18-20 дзён.

Яшчэ цяжэй даводзілася бес­пра­цоўным. Іх было нямала. 3 чэр­веня 1995 года на пасяджэнні раён­нага выканаўчага камітэта раз­глядалася пытанне «Аб ста­но­вішчы на рынку працы». З ін­фар­мацыі начальніка раённага цэнтра занятасці насельніцтва Л.С. Бандарык вынікала, што коль­касць беспрацоўных у раёне павялічылася за год на 247 чалавек, на 1 мая іх было 483 чалавекі. Узровень беспрацоўя складаў 3,02 %. 

Парасткі новай эканомікі

І ўсё ж нават у тыя цяжкія часы нешта адбывалася: будавалася, адкрывалася, стваралася. 

Напачатку 90-х Астравецкі раён павялічыўся: да яго далучылі вёс­ку Соргаўцы, якая раней належала Лылойценскаму сельскаму Савету Смаргонскага раёна. 

У 90-х пачалася прыватызацыя жылля. У інтэрв’ю з галоўным інжынерам ЖКГ Аляксандрам Урублеўскім расказваецца пра парадак прыватызацыі кватэр. На той час было выкуплена 35 кватэр і 22 індывідуальныя дамы. 


Дзіўна, але пры тагачасным усеагульным дэфіцыце адкрываліся найперш крамы. 11 студзеня 1992 года «Астравецкая праўда» паведамляла: «Адкрыты новы магазін» – размова ішла пра ўніверсам на вуліцы Фізкультурнай. 

«Акрываюцца фірменныя магазіны» – паведамляла раённая газета 31 кастрычніка 1992 года і расказвала пра крамы АДБПМК-73 і КБМ. У магазіне камбіната будаўнічых матэрыялаў прадавалі прадукцыю ўласнай вытворчасці: шафы 2- і 3-дзверныя, з антрэсолямі і без, тумбачкі, стэлажы для бібліятэк, кухонныя гарнітуры. А таксама прывазныя тавары: тканіну для пасцельнай бялізны, касметыку. 

Напачатку 90-х сталі ўзнікаць новыя формы гаспадарання. Так, у нумары за 16 кастрычніка 1991 года ў матэрыяле «Распусцілася «Бярозка», зацвіла «Фіялка» паведамляецца, што ў раёне зарэгістравана больш за 10 малых прадпрыемстваў і кааператываў. «Бярозка» планавала займацца нарыхтоўкай і перапрацоўкай грыбоў, вырабам бярозавых мётлаў, сталярных і поліэтыленавых вырабаў; «Фіялка» – вырабам і рэалізацыяй швейных і трыкатажных вырабаў; «Прагрэс» – вытворчасцю шчэбеню і тратуар­най пліткі, «Чайка» – вырабам поліэтыленавых пакетаў… Паведамлялася, што ў райспажыўтаварыстве дзейнічае чатыры падсобныя цэхі: тры швейныя – па пашыве пасцельнай бялізны, жаночага адзення і футравых норкавых шапак і адзін – па вырабе кіпяцільнікаў «Момант». 

З’явіліся і ахвочыя стаць «вольнымі земляробамі». 6 лістапада 1991 года загадчык аддзела па зямельнай рэформе і землеўпарадкаванні райвыканкама Іван Цішкоў паведамляе, што ў Астравецкім раёне зарэгістравана 6 фермераў: Часлаў Шусціцкі, Іван Багдановіч, Часлаў Бравінскі, Мечыслаў Бабойць, Часлаў Лабачэўскі, Тадэвуш Шкіруць.

12 мая 1993 года ў артыкуле «Цяжкасці «Вілію» не палохаюць» распавядаецца пра дзейнасць вытворча-тэхналагічнага комплексу з такой назвай, які быў створаны ў саўгасе «Рытанскі» ў 1991 годзе і выпускаў галоўкі для магнітафонаў. 

У маі таго ж года ў Астраўцы з’явілася першае і на той час адзінае ў СНД сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства па пашыве модных тады пухавікоў. Арганізавалі яго саўгас «Кямелішкі» і адно з прадпрыемстваў КНР. Размясціўся пашывачны цэх у былым будынку рэдакцыі і друкарні на вуліцы Набярэжнай. 

На жаль, «Кям. Кіт», як і «Вілія», існавалі нядоўга…

Новыя віды прадукцыі асвойвалі амаль усе гаспадаркі раёна. Так, калгас «Савецкая Беларусь» адкрыў міні-завод па вытворчасці сыроў па ліванскай тэхналогіі – пра гэта «раёнка» пісала 20 ліпеня 1994 года. 14 снежня 1994 года надрукаваны рэпартаж «Гервяцкая тушонка – на патоку», назва якога гаворыць сама за сябе.

 Адна з нямногіх будоўляў, якая не «замарозілася» ў тыя гады, – літоўскі інфармацыйна-культурны цэнтр у Рымдзюнах. 2 лістапада 1991 года «раёнка» паведамляла, што закладзены

«Першы камень будучага цэнтра». Да таго часу ў Рымдзюнах ужо пабудавалі 6 жылых домікаў для спецыялістаў. 
 
Сапраўднай сенсацыяй стала адкрыццё сярэдняй школы ў Рытані – пра гэта «Астравецкая праўда» паведамляла 11 верасня 1993 года. І расказвала, што праект сацыяльнай забудовы вёскі прадугледжваў узвядзенне Дома культуры з сацыяльна-бытавым комплексам, 20-ці двухкватэрных катэджаў, сталовай, магазіна, добраўпарадкаванне тэрыторыі, пракладку асфальтавых і гравійных дарог у вёсках.

І адна з самых доўгачаканых і радасных навін «А ў нас – газ!», зме­шчаная 10 лістапада 1993 года, паведамляла, што ў кватэры астраўчан пададзены прыродны газ (да гэтага быў толькі звадкаваны). «Для поўнага шчасця не хапае аднаго – кацельні на газавым паліве», – пісала «Астравецкая праўда». «Поўнае шчасце» наступіла восенню 1995 года: напярэдадні 7 лістапада ў Астраўцы запусцілі новую газавую кацельню, будаўніцтва якой пачалі ў 1991 годзе.

Узводзіць новыя дамы ў раёне пачалі толькі ў 1995-м: у нумары за 15 лютага змешчана аб’ява, што распачата будаўніцтва жылля з долевым удзелам прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў незалежна ад форм дзейнасці. Жадаючым прапаноўвалі заключыць дагавор з УКБ на будаўніцтва 2- і 3-пакаёвых кватэр.

«Абноўкі» – палітычныя,культурныя, духоўныя

Не толькі пра матэрыяльныя здабыткі пісала напачатку 90-х раённая газета – шмат новага, цікавага, у пэўным сэнсе лёсавызначальнага адбывалася ў палітычным, сацыяльным, культурным, духоўным жыцці Астравеччыны і яе жыхароў.

У чэрвені 1992 года ў Астраўцы зарэгістравалі першы ў гісторыі раё­на праваслаўны прыход. «Астравецкая праўда» пісала пра гэта 10 чэрвеня 1992 года ў заметцы «Нялёгкі шлях да храма». 


28 лістапада 1992 года раённая газета паведамляла, што ў Астраўцы зарэгістравана другая абшчына рымска-каталіцкай царквы. Пазней ёй перадалі будынак касцёла Узвышэння Святога Крыжа, у якім у савецкія часы знаходзіўся склад райспажыўтаварыства.

У жыцці шматнацыянальнай Астравеччыны ў той час адбывалася шмат адметных падзей, звязаных з захаваннем нацыянальнай самасвядомасці. У ліпені 1991 года было створана раённае аддзяленне Саюза палякаў Беларусі. Першапачаткова ў яго ўвайшло 813 чалавек, старшынёй абралі Часлава Мацкевіча.

Адраджэнню беларушчыны, найперш роднай мовы, надавалася асаблівая ўвага. 2 верасня 1992 года надрукаваны нататкі жнівеньскай нарады настаўнікаў пад назвай «Нацыянальная школа: на пачатку шляху». Паведамлялася, што ў адпаведнасці з Законам аб мовах і адукацыі ў красавіку таго года выканкам раённага Савета народных дэпутатаў прыняў рашэнне «Аб мове навучання і выхавання ў агульнаадукацыйных школах і дзіцячых дашкольных установах», згодна з якім усе школы і дзіцячыя садкі, за выключэннем гервяцкіх і рымдзюнскіх, пераводзіліся на беларускую мову навучання і выхавання.



Літва – замежжа?!

У 1992 годзе быў створаны Смаргонскі пагранічны атрад. Пагранічная камендатура «Астравец», якая ўваходзіла ў яго склад, размяшчалася ў невялікім драўляным доміку на беразе Лошы, дзе да гэтага была музычная школа. 

У тым жа годзе пачала дзейнічаць Астравецкая мытня. Пра яе першыя крокі 5 снежня 1992 года ў інтэрв’ю «Астравецкай праўдзе» расказваў начальнік Іван Юльянавіч Кардаш. 

З 1993 года перамяшчэнне транспартных сродкаў, грузаў, асабістых рэчаў грамадзян праз мяжу з Літоўскай Рэспублікай стала ажыццяўляцца толькі ў пунктах мытнага афармлення, якія былі адкрыты на чыгуначнай станцыі Гудагай, а таксама ў вёсках Лоша і Катлоўка.

А 23 сакавіка 1994 года «Астравецкая праўда» паведамляла, што ўехаць у Літву можна толькі па замежным пашпарце і пры наяўнасці візы. Кошт простай візы складаў 5 долараў , шматразовай – 10. 

У 1995 годзе газета паведамляла, што ўвесь Астравецкі раён увайшоў у пагранічную зону. Пазней яе межы неаднаразова змяняліся: то змяншаліся да некалькіх памежных населеных пунктаў, то зноў пашыраліся да граніц раёна.

Вернутыя імёны, адноўленая гісторыя

У 90-х гадах былі вернуты многія імёны слынных ураджэнцаў тутэйшых мясцін і з’явіліся новыя звесткі пра тых, каго ўжо ведалі.

Напачатку 90-х на Астравеччыну «вярнуўся» Іосіф Гашкевіч: увекавечванню яго памяці ў той час надавалася асаблівая ўвага. Загадчык цэнтральнай бібліятэкі Вера Тумаш ездзіла ў Маскву, дзе сустракалася з пісьменнікам Віталем Гузанавым, аўтарам кнігі «Адысей з Белай Русі». 24 красавіка 1993 года пад рубрыкай «Бацькаўшчына» газета пачала друкаваць грунтоўны артыкул Веры Тумаш «Па слядах беларускага Адысея», які ішоў у некалькіх нумарах. 

27 жніўня 1994 года раённая газета паведамляла пра ўрачыстае адкрыццё помніка Іосіфу Гашкевічу работы скульптара Валерыя Янушкевіча. Папярэднічаў гэтай важнай падзеі візіт на Астравеччыну японскіх дыпламатаў: часовага паверанага ў справах Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Акіра Татэямы і саветніка пасольства Японіі ў Расіі Есіноры Мукадэ. 

Не толькі Іосіф Гашкевіч «вярнуўся» ў тыя гады на Астравеччыну. Многае было зроблена па аднаўленні памяці іншых землякоў, імёны якіх складаюць славу роднаму краю: паэта і святара Казіміра Сваяка, яго брата кампазітара Альбіна Стаповіча, яўрэйскага паэта з Міхалішак Менке Каца, паэта з Варнян Старога Уласа (Уладзіслава Сівога-Сівіцкага), святара і паэта Янкі Быліны. 

Текст: Нина Рыбик