Што аб’ядноўвае Іосіфа Гашкевіча і Аляксандра Шомава

«Як мы і меркавалі, 15-е заданне конкурсу не стала моцным арэшкам для нашых удзельнікаў. Тым не менш (скажу, забягаючы наперад) толькі тандэм Бабіч – Заруба справіўся з ім найбольш поўна і дакладна.

З першай часткай пытання – каму прысвечана мемарыяльная дошка – цяжкасцей не ўзнікла: усе канкурсанты пазналі немаладога прыгожага мужчыну з пышнай грывай валасоў.

Яшчэ б не пазнаць! Нават калі ніколі не бачылі здымкаў нашага слыннага земляка, першага расійскага консула ў Японіі, вучонага, падарожніка, асветніка Іосіфа Гашкевіча і нічога пра яго не чыталі, то, пэўна ж, праходзілі міма яго бюста на вуліцы Каст­рыч­ніцкай. І празарлівы позірк мудрых вачэй з мурала Дзяні­са Ходаса суправаджае міна­коў на плошчы Астраўца. Толькі зусім нецікаўны ці нена­зіральны чалавек не заўважыць і не супаставіць. 


І ўсё ж адзін з удзельнікаў конкурсу не ведае, дзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка, прысвечаная Іосіфу Гашкевічу. Усе астатнія правільна адказалі: на вуліцы, названай у яго гонар. Наталля Бла­хіна нават даслала здымак, зроблены каля мемарыяльнай кампазіцыі. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося 29 снежня 2014 года – у гэты год адзначалася 200-годдзе з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча і гэта падзея была ўнесена ЮНЕСКА ў спіс памятных дат: факт, які сведчыць пра веліч і значнасць асобы Гашкевіча ў сусветнай навуцы і культуры.


Усе – хто ў большай, хто ў меншай ступені – расказалі пра жыццё і дзейнасць Іосіфа Гашкевіча, яго навуковую і духоўную спад­чыну. Найбольш цікавым і падрабязным з’яўляецца даследаванне Карыны Стаповіч, якая прывяла шмат малавядомых фактаў з жыц­ця «белавалосага консула». 

Карына расказала не толькі пра навуковыя і лінгвістычныя працы і адкрыцці Іосіфа Гашкевіча і бадай што галоўную яго работу – першы «Японска-рускі слоўнік», складзены сумесна з японскім даследчыкам Тацібана Косай і выдадзены ў Санкт-Пецярбургу ў 1857 годзе. Ён з’яўляўся ўзорам рускай японістыкі і застаецца запатрабаваным да гэтага часу. За гэтую тытанічную працу Імпе­ра­тарская акадэмія навук узнагародзіла Гаш­кевіча Дзямідаўскай прэміяй і залатым медалём. 

Карына Стаповіч многае па­ведаміла і пра духоўную місію ў Японіі нашага земляка (нагадаем: Іосіф Гашкевіч – сын вясковага святара, нарадзіўся 4 красавіка 1814 года ў мястэчку Стралічава, што ў сучасным Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці, закончыў Мінскую духоўную семінарыю і Санкт-Пецярбургскую духоўную ака­дэмію). Па ініцыятыве першага расійскага консула ў Хакадатэ (ён прадстаўляў Расію ў Краіне ўзыходзячага сонца з 1858 па 1865 год) пры консульстве былі адкрыты руская школа, бальніца, пабудавана першая праваслаўная царква, асве­чаная ў гонар Уваск­ра­сен­ня Хрыстова. Яна слу­жыла духоўным цэнтрам для расійскіх супра­­цоўнікаў консульства і першых японскіх вернікаў. Настая­целем царквы стаў малады іера­манах Мікалай Касаткін, будучы свя­ціцель Мікалай Япон­скі, які прыбыў у Хакадатэ ў 1861 годзе. Іосіф Гашкевіч, які да таго ўжо некалькі гадоў жыў і працаваў у Японіі, стаў для Мікалая сябрам і настаўнікам: дапамагаў вывучаць японскую мову, знаёміў з культурай і звычаямі краіны, прадстаўляў яго ўплы­вовым япон­­цам. Менавіта ў гэтай царкве ў 1868 годзе Мікалай Япон­скі ахрысціў сваіх першых пасля­доўнікаў – былога самурая Савабэ Такума і лекара Сакаі Току­ра, якія сталі першымі японскімі пра­вас­лаўнымі хрысція­намі і пазней прынялі святарства.

Карына Стаповіч многае даве­далася – і падзялілася з намі! – пра асабістае жыццё Іосіфа Гаш­­­кевіча. Яго першая жонка Ліза­­вета Сцяпанаўна памерла да­волі маладой, у 43 гады. Пахавана ў Хакадатэ на праваслаўных могілках. Лізавета працавала ў бальніцы, якую заснаваў яе муж, – гэта сведчыць, што яна таксама ўдзельнічала ў асветніцкай і даб­ра­­чыннай дзейнасці, якой Гаш­кевіч займаўся ў Японіі. 

Парадавала інфармацыя, якую знайшла Карына Стаповіч: у 2022 годзе ў Хакадатэ адкрылася фота­экспазіцыя пад назвай «Іосіф і Лі­завета Гашкевічы – дзеці бела­рускай зямлі». Падчас урачыс­тай цырымоніі прад­стаўнікі беларус­кага пасольства і мясцовы пра­ва­слаўны святар усклалі кветкі на магілу Ліза­веты Сцяпанаўны. Значыць, у Япо­ніі захоўваюць памяць пра Іосіфа Гашкевіча і яго жонку!

Пасля смерці Лізаветы Гаш­ке­віч ажаніўся з Кацярынай Ся­мё­­наўнай Матчынай, дачкой ад­стаў­нога палкоўніка. Ёсць звест­кі, што Кацярына Сямё­наў­на паходзіла з Астравеччыны – мена­віта таму на схіле жыцця бы­лы дыпламат пасяліўся ў нашым краі, у маёнтку Малі.

Абвянчаліся Іосіф і Кацярына 20 кастрычніка 1867 года. У дру­гім шлюбе Іосіф Гаш­кевіч зведаў поз­няе шчасце баць­коўст­ва: 18 жніўня 1872 года ў яго нарадзіўся адзіны сын, якога назвалі ў гонар бацькі Іосіфам. Дзеля яго Гашкевіч падаў прашэнне ў правіцельскі сенат па дэпартаменце геральдыкі, які зацвердзіў яго разам з жонкай Кацярынай Сямёнаўнай у патомным дваранстве. 

Памёр Іосіф Антонавіч 3 мая 1875 года. Згодна з запісамі мяс­­­цо­вых даследчыкаў і падан­нямі старажылаў, пахаваны каля ўс­ход­няй сцяны тагачаснай Кос­ма-Даміянаўскай царквы, якую пасля паражэння паўстання 1863 года адкрылі ў будынку касцёла, – як стацкі саветнік і вядомы наву­ко­вец, ён меў права на такі гонар: спачыць каля сцен храма. Але магілу яго не знайшлі. 

Другая частка пытання тычылася асобы аўтара мемарыяльнай кампазіцыі на вуліцы Гашкевіча. Тут таксама, за адзі­ным выключэннем, усе адказалі правільна: гэта Аляксандр Шомаў, вядомы беларускі скульптар, сябар Беларускага саюза мастакоў, які, па словах Карыны Стаповіч, «умее слухаць камень і даваць яму голас». Ён нарадзіўся 14 студзеня 1962 года ў Барысаве ў звычайнай сям'і. У 1981 годзе скончыў Мін­­скае мастацкае вучылішча, а ў 1990 – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, працуе ў станкавай, паркавай і мемарыяльнай скульп­ту­рах. Аўтар многіх работ, якія ўпры­гожваюць гарады і вёскі Беларусі, у тым ліку і Астравеччыну.

А на пытанне, якія работы гэтага аўтара ёсць у нашым раёне, паўтаруся, толькі Юлія Заруба і Та­рэса Бабіч адказалі найбольш поўна і назвалі ўсе чатыры. 

Акрамя мемарыяльнай кам­па­зіцыі на вуліцы Гашкевіча, мно­гія ўзгадалі найбольш вядомы і любімы аст­раўчанамі «Ласось» на востраве кахання, адкрыты 25 жніўня 2018 года падчас святкавання 550-годдзя Астраўца. 

Але ніхто, акрамя альхоўскіх канкурсантак, не ўспомніў, што ў той жа дзень два ласосі таго ж аўтарства «прыплылі» на тэрыторыю варнянскай школы, дзе, нагадаю, створаны адзіны ў краіне інфармацыйны цэнтр па захаванні ласасёвых рыб.

Яшчэ адна скульптура Аляк­санд­­ра Шомава – помнік воі­нам-ін­­тэрнацыяналістам – акрыты 4 ліс­та­пада 2017 года на вуліцы Ленін­скай.

«Мы, беларусы, можам ганарыцца светлай постаццю Іосіфа Гашкевіча – першага беларускага дыпламата, дзейнасць якога, яго спадчына, пераканаўча сведчаць аб даўняй прысутнасці Беларусі, яе слаўных сыноў і дачок на міжнароднай арэне. Сёння можна знайсці дастаткова інфармацыі пра знакамітых асоб. На жаль, памятныя знакі ў гонар гэтых людзей устанаўліваюцца значна радзей, чым у інтэрнэце з’яўляюцца артыкулы з апісан­нем іх біяграфій. Добра б было ўшанаваць імя кожнага славутага земляка мемарыяльнай дош­кай ці музейнай экспазіцыяй, помнікам ці бюстам. Гэта стала б сведчаннем нашай павагі да знакамітых землякоў, іх выдатных спраў», – з гэтымі словамі Юліі Зарубы і Тарэсы Бабіч цяжка не пагадзіцца.

Што тычыцца вынікаў конкурсу, то на гэты раз вышэйшую адзнаку – «пяцёрку» – атрымаў альхоўскі тандэм Бабіч-Заруба.

У Карыны Стаповіч, Аляксанд­ры Працуты і Наталлі Блахіной – «чацвёркі»: дзяўчаты далі ці­ка­­­выя і падрабязныя адказы, але «не далічыліся» некаторых скульп­тур Аляксандра Шомава, уста­ноўленых на Астравеччыне.
Адказы Вячаслава Саковіча і Марыі Васілёнак ацэнены ў 3 балы.

Текст: Нина Рыбик