Што гаварыў пракурор...

У сераду пасля прыёму грамадзян пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Мікалаевіч Марозаў сустрэўся з працаўнікамі вузлоў паштовай і электрычнай сувязі, упраўлення сацыяльнай абароны насельніцтва і пенсійнага фонду. У сустрэчы таксама прымалі ўдзел пракурор Астравецкага раёна А.І. Марцінчык і намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла.


Віктар Мікалаевіч з’яўляўся дэлегатам IV Усебеларускага сходу, і таму сваё выступленне ён пачаў з уражанняў ад работы форуму. З улікам кантынгенту прысутных размова ішла пра пенсійнае забеспячэнне насельніцтва – заява кіраўніка дзяржавы на Усебеларускім сходзе пра тое, што пенсійны ўзрост у нашай краіне павышацца не будзе, усімі жыхарамі краіны ўспрынята станоўча. Таксама, як і словы пра тое, што пенсіянеры, калі яны маюць сілы і жаданне, могуць працаваць і пасля выхаду на заслужаны адпачынак.
—Сёння многія любяць ідэалізаваць савецкія часы, — прыгадаў Віктар Мікалаевіч. — А між тым, мала хто ўспамінае, што такога паняцця, як сацыяльная пенсія, у тыя гады не было: не маеш адпаведнага стажу – жыві на старасці гадоў, як хочаш. Цяпер жа яна, хоць і невялікая, але ўстаноўлена для ўсіх: розныя бываюць прычыны, па якіх чалавек не мог працаваць. А абсурднае палажэнне савецкіх часоў, калі стаж калгасніка і рабочага не суміраваўся і людзі, адпрацаваўшы, скажам, трыццаць гадоў – 15 у калгасе і столькі ж на прадпрыемстве – не мелі права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці.
Канешне, ніхто не стане адмаўляць, што ў пытаннях пенсійнага забеспячэння сёння наша краіна пайшла намнога далей: пенсіі атрымліваюць усе пажылыя людзі, памер выплат рэгулярна павышаецца.
Не можа не радаваць і тое, што ў краіне зніжаецца ўзровень злачыннасці: у Гродзенскай вобласці, да прыкладу, у гэтым годзе здзейснена на тысячу злачынстваў менш, чым у мінулым — гэта вельмі істотнае зніжэнне. І нездарма нашу краіну называць спакойнай і стабільнай – сёння ніхто не баіцца выйсці вечарам на вуліцу. Назіраецца ўжо нават своеасаблівы перакос: бацькі настолькі ўпэўнены ў бяспецы сваіх дзяцей, што нават не турбуюцца, калі іх позна вечарам няма дома.
Але “адмарозкі” сустракаюцца ў любым грамадстве – пракурор вобласці расказаў пра найбольш значныя, як кажуць, рэзанансныя злачынствы, якія адбыліся ў вобласці. На шчасце, у нашым раёне ў гэтым годзе не зарэгістравана ніводнага забойства – і гэта таксама радуе.
Пра новыя віды злачынстваў таксама ішла размова на сустрэчы. Часам “прасунутыя” падлеткі, якія налаўчыліся ўзламваць коды доступу ў інтэрнэт прадпрыемстваў і арганізацый, бо неабходны контроль доступа, бясплатна блукаюць па сусветнай павуціне ці пасылаюць з аднаго мабільніка на другі фотаздымкі аголеных людзей, нават не здагадваючыся, што тым самым яны ўчыняюць крымінальнае злачынства. І бацькі павінны сачыць за тым, чым займаюцца і з кім праводзяць час іх дзеці, каб потым не было “пакутліва балюча”.
Гаварылі падчас сустрэчы пра вытворчы траўматызм і захаванне патрабаванняў дырэктывы №1, хуткія выбары, узаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі – словам, сустрэча і гутарка насілі нефармальны, шчыры і адкрыты характар.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.