Шматдзетная маці Святлана Жусін лічыць сябе гараджанкай з вясковай душой


фота з архіва субяседніцы

Чатыры гады назад Святлана Жусін з аграрадка Страчанка разам з сям’ёй пераехала ў Астравец. Хоць змена жыхарства жанчыне далася няпроста, але яна ні аб чым не шкадуе, як і яе блізкія, і лічыць сябе гараджанкай з вясковай душой.

Сустрэліся са Святланай пасля працоўнага дня ў іх утульнай і светлай кватэры па вуліцы Дубраўная, куды пераехалі многія шматдзетныя сем’і. Барвовыя петуніі на балконе, на стале – свежыя піражкі, па ўсім бачна, што мая суразмоўца – добрая гаспадыня. 

– Калі б мне некалі сказалі, што буду жыць у горадзе, рассмяялася б. Родам з Быстрыцы, люблю зямлю, прыроду, вёску, таму і спецыяльнасць выбрала адпаведную: адвучылася на агранома. Мяне размеркавалі ў Страчанку, дзе нашы з Аляксеем лёсы і скрыжаваліся. Жылі ў калгасным доме, гадавалі дзяцей, працавалі, – расказвае жанчына. – У 2018 годзе атрымалі ліст з райвыканкама з прапановай будавацца ў Астраўцы з дзяржпадтрымкай. Я была катэгарычна суп­раць: думала, што не пацягнем, бо гадуем траіх дзяцей. Але муж сказаў, што справімся. Важкім аргументам блізкага для мяне чалавека было тое, што ў горадзе значна больш магчымасцей для развіцця дзяцей, ёсць розныя гурткі і секцыі. Здорава, што ў нашай краіне падтрымліваюць шматдзетныя сем’і. У будаўніцтва кватэры мы ўклалі і ўласныя сродкі, але большую частку пакрыў ільготны крэдыт пад 1% гадавых. У 2020 годзе мы пераехалі ў Астравец, – расказвае жанчына. 

Святлана не ўтойвае, што і пераезд, і адаптацыя даліся няпроста. Па вялікім рахунку ў Страчанцы прайшло шмат гадоў іх сумеснага з Аляксеем жыцця, там нарадзіліся дачушкі і сын, усё было звык­лым і знаёмым…

– Муж проста перавёўся з Міхалішскага лясніцтва ў лесапункт, а я пайшла ў дзіцячы садок. Хоць прапаноўвалі работу па спецыяльнасці ў «мальскай» гаспадарцы, але адмовілася – дабірацца далекавата і дзеці яшчэ былі не зусім падгадаванымі, – працягвае Святлана. – Двайняткі Паліна і Карына хутка асвоіліся, відаць, таму што разам. Дзімка пайшоў у садок, а потым у школу. Дзесьці толькі праз год пасля пераезду адчула, што Астравец – мой горад. 

У выхадныя вялікая і дружная сям’я Жусін выпраўляецца на шпацыр, у кафэ ці ў боўлінг.

– Цяпер часта бываем у Жукойнях-Жалядскіх, дзе ў свекрыві садзім агарод. Ад гэтай вясковай звычкі не магу адмовіцца, – усміхаецца суразмоўца. – Летам цягне на вёску, але жыць хочацца ў горадзе. Зімой прыйшоў, а ў кватэры цёпла, не трэба насіць дровы і паліць кацёл. Не магу нарадавацца, што мы ў Астраўцы. Увогуле лічу, што наш мікраён – адзін з самых маладых і прыгожых. Усё неабходнае на месцы. Да работы, цяпер працую тэхработнікам у бальніцы, пешшу – хвілін 10… Я ўжо гара­джанка, але з вясковай душой.

Текст: Алёна Ганулич