Шлях “Буслоў” Леанарда Пакульніцкага ад Астравеччыны да Мінска

«Славіцца талентамі наша Астравеччына. Чым больш заданняў выконваем у конкурсе, тым большы гонар адчуваем за нашу маленькую радзіму. Паэты, пісьменнікі, мастакі, скульптары, спевакі, краязнаўцы – доўга можна пералічваць нашых таленавітых местачкоўцаў, якіх мы падчас і не ведаем», – так пачалі адказ на 14-е заданне конкурсу «Сваё, астравецкае» Юлія Заруба і Тарэса Бабіч з Альхоўкі. 

А Наталля Блахіна піша, што неаднойчы была ў Мінску, любавалася прыгожай скульптурай буслоў на плошчы Незалежнасці, але толькі дзякуючы нашаму конкурсу даведалася, што яе звязвае з Астравеччынай. 

І гэтыя словы – найлепшы адказ крытыкам, якія лічаць гэтае спабор­ніцтва (калі па шчырасці, то хутчэй калектыўнае даследаванне) бескарысным і непатрэбным.

Дык што ж звязвае плошчу Незалеж­насці беларускай сталіцы і наш родны край?

– Вядома ж, асоба скульптара! – усклік­нуў, забегшы ў рэдакцыю паміж справамі, фермер Часлаў Лабачэўскі. – «Буслоў» прыдумаў і зрабіў ураджэнец Астравеччыны Леанард Пакульніцкі у суаўтарстве са сваёй жонкай Аленай Хараберуш.

І нават калі б гэта было адзіным сведчаннем, словам Часлава Станіслававіча нельга не паверыць, бо сямейная пара скульптараў – яго частыя госці. Пасля таго, як не стала бацькоўскага дома Леанарда, а радзіма Алены апынулася ў такім блізкім і адначасова далёкім замежжы, гасцінны дом Лабачэўскага стаў для мастакоў кропкай прыцягнення, месцам повязі з родным краем.

Хоць некаторым, той жа Наталлі Бла­хіной, якой, па яе прызнанні, давялося паштудзіраваць пісьмовыя і інтэрнэт-кры­ніцы, каб знайсці адказ на чарговае заданне конкурсу, памылак не было: хто больш, хто менш падрабязна; хто з ілюстрацыямі, у тым ліку і рэдкімі; хто з цікавымі дэталямі і ўспамінамі родных, але ўсе расказалі пра жыццёвы і творчы шлях Леанарда Пакульніцкага і Алены Хараберуш і кампазіцыю «Буслы» на плошчы Незалежнасці.

Леанард Пакульніцкі нарадзіўся 4 верас­ня 1952 года ў астравецкай вёсачцы Еда­к­лані, тут жа закончыў пачатковую школу. 

«Ужо калі заканчвала збіраць інфармацыю, выпадкова даведалася, што бабуля майго мужа асабіста ведала Леанарда Пакульніцкага – Лёшу, як звалі яго ў вёсцы, – піша Аляксандра Працута. – Яна характарызавала яго як чулага, добразычлівага, культурнага хлопца, які з дзяцінства добра маляваў і ўвогуле меў залатыя і да таго ж працавітыя рукі. А для мяне адкрыццём стала тое, што ў Едакланях некалі была школа».

Сярэднюю школу Лёша-Леанард заканч­ваў у Астраўцы. Тады і прарэзалася ў яго цяга да мастацтва. Убачыў неяк работы скульптара Азгура – захацелася паспрабаваць: ці змагу зрабіць нешта падобнае? Зляпіў па фотаздымку невялікі бюст Леніна. Прынёс у школу – ацанілі. Пасля гэтага і вырашыў паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. На той момант там ужо вучыўся на факультэце графікі астраўчанін Віктар Александровіч – і гэты факт стаў красамоўным сведчаннем, што галоўным аргументам пры паступленні ў гэтую вну з’яўляецца талент. Гэты прыклад натхніў землякоў Алега Драбышэўскага, Аляксанд­ра Харытонава і Леанарда Па­кульніцкага пайсці тым жа шляхам. Удача ўсміхнулася толькі Леанарду, хоць двое іншых таксама сказалі сваё слова ў мас­тацтве, хто больш, хто менш важкае.


У той год і на гэты ж курс з партфелем, набітым малюнкамі, і ўнутраным перакананнем, што месца чалавека вызначаецца не горадам, адкуль ён прыехаў, а тым, што ён здольны стварыць сваімі рукамі, прыйшла Алена Хараберуш з Вільнюса. Яна была адзінай дзяўчынай сярод пяці юнакоў. Лёс звёў іх, – і яны шмат гадоў ідуць поруч не толькі па жыцці, але і ў творчасці: многія іх работы, у тым ліку і «Буслы», што сталі адным з сімвалаў Мінска, былі іх сумесным праектам.

Але шлях да «Буслоў» і да прызнання быў доўгі і цярністы. Праца скульптара цяжкая і своеасаблівая. Гэта пісьменнік можа пісаць «у стол» у спадзяванні, што некалі надрукуюць, мастак – намаляваць карціну і выстаўляць яе ў чаканні, што некаму спадабаецца і чалавек купіць яе. Скульптар жа не можа зрабіць дзясятак-другі шматмятровых фігур і паставіць іх у майстэрні ў чаканні, што некалі некаму яны могуць прыглянуцца. Ён працуе пад заказ – і ад атрымання яго, узгаднення эскіза мастацкім саветам ці перамогі ў конкурсе да моманту, калі з манументальнай скульп­туры пад рукамі ганаровых гасцей спадзе сімвалічнае покрыва, праходзяць месяцы, а то і гады напружанай працы. 

Леанард Іосіфавіч у адным з інтэрв’ю рас­казваў пра доўгі і складаны шлях, які пра­хо­дзіць кожная работа. «Спачатку лепіш ма­ленькую фігурку з мяккага матэрыялу – гліны ці пластыліну, затым – большую, яшчэ большую, у нату­ральную велічыню… Зды­маецца форма, якая заліваецца вос­кам, за­тым – расплаў­леным металам. Адлі­тую скульп­туру трэба падпраўляць, чэканіць, бо заў­сёды ёсць нейкія агрэхі. Словам, усё як у казцы пра лёгкі хлеб».

За доўгія гады творчасці Леанард Пакуль­ніцкі разам з жонкай Аленай Хара­беруш і асобна стварыў шэраг твораў, якія сёння можна сустрэць у розных кутках Беларусі і замежжа.

Першай самастойнай работай Леанарда Пакульніцкага стала пяцімятровая скульп­­тура салдата – помнік загінулым землякам у пасёлку Дрыбін Магілёўскай вобласці. 

З найбольш значных работ – гарадскія скульптуры ў верхнім горадзе «Зорка Венера», «Мір», «Дзяўчынка з цялём», «Папараць-кветка», «Паранены», «Айчына», «Мастак», створаныя ў суаўтарстве з Аленай Хараберуш мемарыял ахвярам Мінскага гета каля Кальварыйскіх могілак – комплекс «Яма», «Залатое кола беларускай навукі» з постаццю Францыска Скарыны ў цэнтры, «Пераемнасць беларускай навукі», устаноўлены ў 2018 годзе каля ўваходу ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. Станкавыя творы Леанарда Пакульцкага захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і музеі алімпійскай славы (скульптура «Бег»). Ён – член Беларускага саюза мас­та­коў з 1989 года.

«Работы Леанарда Пакульніцкага тры­маюцца на адной аснове: для яго скульп­тура – гэта перш за ўсё размова з пэў­ным месцам і пэўнай памяццю», – перака­нана Карына Стаповіч. 

Сілу і моц творчых работ Леанарда Па­куль­ніцкага і Алены Хараберуш можна ўбачыць па ўсёй краіне, ад Дрыбіна да Мінска, ад манументальных помнікаў да гарадскіх кампазіцый. Але на Астравеч­чыне, на жаль, іх практычна няма. Адзі­нае – у 2000 годзе Леанард Іосіфавіч па­да­рыў адноўленаму астравецкаму касцёлу Узнясення Святога Крыжа барэльеф Маці Божай Вастрабрамскай – гэта знак памяці пра бацькоўскі дом, пра «родныя нівы», ад якіх пачынаўся яго шлях.

На гэтым этапе конкурсу па 3 балы атрымліваюць Вячаслаў Саковіч і Марыя Васілёнак, па 4 – тандэм Бабіч-Заруба і Наталля Блахіна, па 5 – Карына Стаповіч і Аляксандра Працута.

Текст: Нина Рыбик