Школьнікі і пагранічнікі абмеркавалі пытанні адзінства народа і краіны
Напярэдадні Дня народнага адзінства ў аддзяленні пагранічнага кантролю “Гудагай” прайшлі заняткі для пагранічнікаў па тэме “Сіла Беларусі ў адзінстве народа. Людзі, падзеі і факты, якія нас аб’ядноўваюць”.
Удзельнікамі мерапрыемства таксама сталі вучні ваенна-патрыятычнага класа мясцовай школы, прадстаўнікі клуба юных сяброў пагранічнікаў “Следапыты” Адрыян Франк і Надзея Янкоўская.
– Хацелася нагадаць калегам і гасцям пра першаэлементы, з якіх складаецца адзінства народа: сімвалічныя падзеі, гістарычную памяць, будучыню, якая ўвасоблена ў нашых дзецях і моладзі, і пра тое вялікае паняцце, якое нас аб’ядноўвае, – маці-Радзіму, – адзначыў намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце АПК “Гудагай” Алег Даргель.
Удзельнікі пагаварылі таксама пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці і прыйшлі да высновы, што толькі ў адзінстве мэт і намаганняў, у адзінстве любові і клопату аб сваёй Радзіме мы можам захаваць і павялічыць дабрабыт і дасягненні нашай дзяржавы.


Рэната ПАЦОЙЦЬ, Гудагайская СШ.
