Школьники дружат со спортом

“Са спортам сябруем – здароўе мацуем!” – пад такім дэвізам у Гудагайскай школе прайшоў тыдзень спорту. Вучні і настаўнікі сталі актыўнымі ўдзельнікамі спартыўных эстафет, малявалі плакаты на тэму здароўя і спорту, распаўсюджвалі лістоўкі сярод жыхароў пасёлка. Як паказала “жывое” апытанне, у кожнага дзіцяці і дарослага ёсць любімы від спорту!


А ў апошні дзень тыдня ў школе прайшло першынства па спартыўным арыентаванні “Арыенцір-2015”, ініцыятарам якога стаў кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юны тэхнік” Уладзімір Ігнацьевіч Клусевіч – аматар турыстычных паходаў і спартыўных выпрабаванняў.

Гэтыя спаборніцтвы на працягу апошняга дзесяцігоддзя заканчвалі вучэбны год у Гудагайскай школе. На гэты раз удзельнікамі спаборніцтваў сталі таксама школьнікі з гімназіі №1, сярэдняй школы №2 і каманда “Мара” з Ашмянскага раёна. Усе сабраліся ў Гудагаі, каб прадэманстраваць навыкі ў спартыўным арыентаванні.

Каманда складалася з трох чалавек. Для кожнага ўзросту быў распрацаваны свой маршрут, на якім былі ўстаноўлены кантрольныя пункты.

Самая складаная траса чакала старэйшых школьнікаў – ім неабходна было прайсці па спецыяльна распрацаванай тапаграфічнай карце маршрут у тры кіламетры і знайсці дзевяць кантрольных пунктаў.

Разам з картай маршрута ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі карткі, каб на кантрольных пунктах паставіць адзнаку кампосцерам, якія, дарэчы, школьнікі распрацавалі разам са сваім кіраўніком на занятках гуртка.

Каманды стартуюць праз тры хвіліны. Спаборніцтвы пачынаюцца з нулявога кантрольнага пункта, на якім кожнай ка- мандзе неабходна з дапамогай вяроўкі пераадолець па бервяну яр.

Пераможцаў вызначаў выніковы час, які быў затрачаны на праходжанне маршрута. Нездарма кажуць, што дома і сцены дапамагаюць, – набралі больш балаў гудагайскія школьнікі. Аднак гэта не сапсавала настрой удзельнікам іншых каманд: усе атрымалі задавальненне ад гульні, таму што такія выпрабаванні даводзіцца пераадольваць не кожны дзень!


Алена ЯРАШЭВІЧ.