Шчаслівыя разам: сям’я Кузьміцкіх з Астраўца

Калі нараджаецца чалавек, у небе загараецца зорка. Калі ў сям’і з’яўляецца дзіця, у доме пасяляецца шчасце… 
   У астраўчан Аксаны і Яна Кузьміцкіх на дваіх ажно тры зоркі-шчасцейкі – іх сыны:  чатырнаццацігадовы Аляксандр, дванаццацігадовы Максім і шасцігадовы гарэза-Багдан. 

   …Кожны год у сям’і Кузьміцкіх напярэдадні Калядаў з нецярпеннем чакаюць з’яўлення ў вечаровым небе зоркі маленькага Езуса, які прыносіць з сабой Веру, Надзею і Любоў…

IMG_6915 на первую.JPG

Адна дарога на дваіх
Аксана і Ян з дзяцінства жылі, лічы, па-суседству: яна – у Кямелішках, ён – у Стрыпунах. Хадзілі ў адну школу, часта сустракаліся на імшы ў кямелішкаўскім касцёле… 

– Відаць, гэта лёс, – усмі­ха­ючыся, гаворыць Аксана. – Я закончыла ўніверсітэт, атрымала размеркаванне на Астравеччыну – і нашы шляхі ізноў сышліся.

– У 2002 годзе мы пажаніліся, –  да размовы далучаецца Ян. – Аксана хацела жыць у Астраўцы. З часам купілі недабудаваны дом. Аксана і я выраслі на вёсцы – хацелася прасторы і свабоды.

– Наш тата будаўнік ад бога, –  гаворыць Аксана. – Усё ў гэтым доме зроблена яго рукамі. У першы год, як сюды пераехалі, разбілі сад. Дрэвы потым не раз перасаджвалі, але яны ўсё адно прыжываліся – відаць, адчувалі нашу любоў і клопат. Цяпер на стале – свае яблыкі.

У Кузьміцкіх прыгожы і ўтуль­ны дом – утульны той асаблівай утульнасцю, якой, як ні старайся, не будзе там, дзе няма любові.

IMG_6892.JPG

Багдан дапамагае маме ўпрыгожваць ёлку

Зорка ў небе запалілася… 
– Калі ў сям’і чакаюць дзіця, да яго з’яўлення старанна рыхтуюцца: прыбіраюць дом,  купляюць пялюшкі і распашонкі, – гаворыць Аксана. – Гэтак жа старанна і адказна мы рыхтуемся да нараджэння Сына Божага, і самы падыходзячы для гэтага час – Адвэнт, які ў каталіцкай традыцыі лічыцца перыядам радаснага чакання.

– І Рараты, – дапаўняе маму Багдан.
На працягу апошніх шасці гадоў Кузьміцкія ніводнага разу не прапусцілі Рараты – ранішнія імшы ў гонар Марыі. Нягледзячы на дрэннае надвор’е ці нежаданне вылазіць з-пад коўдры – якому дзіцяці, ды і даросламу, не хочацца паспаць лішнюю гадзіну-дзве? – хлопчыкі з мамай на імшы. Ранішні змрок асвятляюць толькі трапяткія агеньчыкі свечак і лампад – і святло веры ў вачах людзей. 

IMG_6882.JPG

Кузьміцкія стараюцца не прапускаць імшу ў нядзелю

– Багдану было тры гады, калі мы пачалі яго браць на імшу, – працягвае Аксана. – Ян працуе па зменах, таму ў яго не заўсёды атрымліваецца хадзіць з намі на Рараты. Кожную нядзелю мы ідзём у касцёл на дзіцячую імшу.

У касцёле Святых Космы і Даміяна ёсць цудоўная адвэнтовая традыцыя: кожны дзень дзеці прыносяць на імшу зробленыя сваімі рукамі сэрцайкі, на якіх напісаны імёны і прозвішчы тых, хто іх зрабіў. Штодзень ксёндз выцягвае са скрыні некалькі сэрцаў, аўтары якіх атрым­ліваюць фігуркі Дзіцяткі Езуса і іншыя падарункі.

IMG_6906.JPG

Фігурку маленькага Езуса дзеці атрымліваюць у касцёле Святых Космы і Даміяна падчас Раратаў

Цікаўлюся ў хлопчыкаў, ці не хацелася б ім у выхадны дзень пасядзець у камп’ютары, пагуляць з сябрамі – і не ісці ў касцёл.

– Не, – шчыра адказвае старэйшы Аляксандр. – Гэта наша сямейная традыцыя. Я не магу ўявіць нядзелю без імшы і смачнага мядовіка, які пячэ мама на выхадных.

– А я другі год паслугоўваю ксяндзу, – крыху саромеючыся, гаворыць Максім. – Спачатку быў кандыдатам, а потым  мяне пры­нялі ў міністранты.

IMG_6919.JPG

Патроенае шчасце Аксаны і Яна – сыны Саша, Максім і Багдан

– Гэтаму дапамог выпадак, а можа, і Божае прадбачанне, – да размовы далучаецца бацька. – Аднойчы да Максіма падышоў ксёндз-вікарый Дзмітрый Папянюк, узяў за руку і павёў у захрыстую. З таго дня ён і паслугоўвае ксяндзу пры алтары. 

Кузьміцкія моляцца і дома. Аксана зрабіла вянок, упрыгожаны сасновымі шышкамі, да якога прымацаваны чатыры свечкі – па колькасці тыдняў посту. Кожны вечар Ян запальвае іх – і надыходзіць час супольнай малітвы.
За тыдзень да свята Божага Нараджэння Кузьміцкія ставяць ёлку і ўпрыгожваюць дом. 

– Наш тата можа зрабіць што заўгодна! Шкада толькі, што цяпер у яго мала вольнага часу. Летась дом «вартаваў» вялікі прыгожы алень, –  усміхаючыся, расказвае Аксана. – Сёлета, думаю, Ян таксама нешта прыдумае.

– А вось клопаты па пад­рыхтоўцы святочнага стала цалкам кладуцца на плечы нашай мамы, – Ян пяшчотна глядзіць на Аксану. – Гаспадыня яна цудоўная. Нам пашанцавала, што ў нас такая жонка і мама.

Апошнія дзесяць гадоў Божае Нараджэнне Кузьміцкія святкуюць дома. 
– Ражаство – сямейнае свята, – гаворыць Аксана. – Маёй мамы не стала якраз на свята – 25 снежня, таму зараз ўсе збіраемся ў нас. Брат жыве на Астравеччыне, Ян і ўвогуле з вялікай сям’і – іх у бацькоў чацвёра. У гэтыя дні стараемся збірацца разам.

IMG_6899.JPG

Па традыцыі на калядным стале ў Кузьміцкіх 12 посных страў – па колькасці апосталаў. Па словах жанчыны, нават у «негрыбныя» гады на іх калядным стале абавязкова ёсць стравы з грыбоў: Ян, Аксана і іх хлопчыкі – заядлыя аматары ціхага палявання. Яшчэ на куццю абавязкова гатуюць кісель і вушкі з рознымі начынкамі. 

Багдан з татам сочаць, калі на небе загарыцца зорка, якая абвяшчае нараджэнне Дзіцяткі Езуса. Потым Ян чытае ўрывак са Святога Пісання, усе просяць адзін у аднаго прабачэння, складаюць пажаданні – і дзеляцца аплаткай…. А позна ўвечары ізноў усе разам ідуць у касцёл на Пастэрку, каб прывітаць маленькага Езуса і падзякаваць яму за веру, на­дзею і любоў... 

Пажаданні
...людзям

Саша: 
– Шчасця, здароўя, дабрабыту! Свята Божага Нараджэння – чароўнае сямейнае, таму няхай усе вашы мары спаўняюцца. 
Максім:
– А мне хочацца, каб у свеце не было адзінокіх ці забытых дзецьмі або родзічамі людзей. Сустрэньце дзіцятка Езуса ра­зам!
Багдан:
– Хачу, каб спаўняліся мары, каб усе былі здаровымі і шчаслівымі – асабліва мама з татам. 
Аксана:
– Няхай у кожнай сям’і пануюць узаемаразуменне, гар­монія і дабрабыт. І, як сказаў Максім, хочацца, каб у гэтае светлае сямейнае свята ніводзін чалавек не адчуваў сябе адзінокім.
Ян:
– Міру і дабрыні! Гэтага вельмі не хапае. Спяшайцеся рабіць дабро не толькі падчас Адвэнту, а ўвесь год. 

… І ЕЗУСУ
Аксана:
 – Больш за дзве тысячы гадоў назад святой сям’і не знайшлося месца ні ў адным доме: пялюшкамі Дзіцятку Божаму служыла сена, а сагравала яго не хатняе цяпло, а дыханне жывёл. 
Езус, твайго нараджэння мы чакаем кожны год і дзверы нашага дома, як і нашы сэрцы, заўсёды адкрытыя для Цябе.
Ян:
– Напэўна, падзякую Езусу за яго цярплівасць, самаадданасць і прыклад служэння людзям. 
Саша:
– Я вельмі рады, што Езус народзіцца. 
Максім:
– Дзякуй табе, Езус, што ў мяне такая цудоўная сям’я.
Багдан:
– З днём нараджэння, Маленькі! Я цябе моцна-моцна люблю.






Текст:
Фото: Алена Гануліч