Сэнс Задушак праз прызму ўласнага жыцця раскрываюць жыхары Астравеччыны

У першыя лістапа­даў­скія дні мы ў думках і малітвах узгадваем тых, хто адыйшоў у вечнасць: прашчураў, сваякоў,  сяброў, знаёмых… Задушкі – гэта не толькі дзень успаміну ўсіх памерлых, але магчымасць прыпыніцца, успомніць пайменна памерлых родзічаў, гісторыю іх жыцця, сямейныя легенды і расказаць пра гэта сваім дзецям, унукам у гэтыя святыя памінальныя дні – пакуль не позна. Бо з кожным новым пакаленнем страчваецца нешта важнае пра цэлы род.

Адыходзяць людзі, адыходзяць вёскі – але памяць жывая. І за кожным канутым у лету хутарам ці засценкам, як і за пахіленым парослым імхом струхнелым драўляным крыжом на вясковых могілках, – не тое што асобная гісторыя, а цэлы Сусвет. 

Жыхары Астравеччыны паспрабавалі  раскрыць глыбінны і адначасова просты сэнс Задушак праз прызму асабістай гісторыі жыцця, сваіх каранёў і роднай старонкі. 

Гіры

Менавіта гэтая вёска – калыска літоўскай культуры. Спакон веку, як кажуць мясцовыя жыхары, тут жылі літоўцы. Змянілася не адно пакаленне – але вяскоўцы змаглі захаваць свае мову, традыцыі і памяць пра карані. 

У халодны і не па-восеньску сонечны дзень з мясцовай жыхаркай Галінай Штура сустракаюся на могілках – дарэчы, яны не тыповыя ні для Астравеччыны, ні для Беларусі: людзей тут хаваюць па два бакі ад дарогі. Воддаль хтосьці падграбаў лісце з месца пахавання блізкіх. Гуллівы вецер сваволіў і бесперастанку церабіў бярозавае галлё; жоўтыя лісткі, якія яшчэ не паспела скінуць мажная бяроза, быццам перашэптваліся, узгадваючы імёны ўсіх, хто знайшоў тут апошні прытулак…

4.jpg

Генуэфа Кармаза і Аліна Лукша
 
Мая суразмоўца – вясёлая адкры­тая энергічная жанчына – ведае, хто і дзе з мясцовых паха­ваны, і памятае іх гісторыі жыцця: Станіслаў Шакола – ветэра­н Вя­лі­кай Айчыннай вайны, стар­шыня калгаса Івана Кармаза, Юліце Кар­ма­за (*), якая рабіла з цэменту скульптуры і надмагільныя пом­нікі і апошнія гады свайго жыцця казала, што раствор замешвае не вадой, а ўласнымі слязьмі… 

– Каменная агароджа ля могіль­ніка – падарунак Літвы, калі ў Рымдзюнах будаваўся цэнтр культуры, інфармацыі і адукацыі. Гэта было крыху больш за 20 гадоў. На могілках ёсць капліца пад тытулам Святой Сям’і, якая дзейнічае і сёння, – паказваючы ў бок невялікага драўлянага храма, расказвае Галіна Зянонаўна. – Мясцовыя старажылы ўжо і не ўзгадаюць, калі яна пабудаваная і хто яе фундатар. Вяскоўцы заўсёды апе­каваліся капліцай, асабліва светлай памяці Ядвіга Андрэеўна Касовіч. Цяпер пра яе клапоцяцца Генуэфа Францаўна Кармаза, Аліна Сігізмундаўна Лукша. Дарэчы сказаць, яны вельмі доб­рыя спявачкі, выйшлі замуж у Гіры і вывучылі літоўскую мову. У капліцы ёсць абразы аўтарства нашай зямлячкі, таленавітай мастачкі Бірутэ Куцкайце. На вялікія святы і практычна кожную нядзелю ксёндз праводзіць імшу – на жаль, людзей на яе прыходзіць мала: моладзь выехала ў Літву, шмат хто ўжо ляжыць тут. Памінальныя службы таксама праходзяць у капліцы. 

Да слова сказаць, калі пісала артыкул, у інтэрнэце натрапіла на кнігу на польскай мове «Касцёлы і кляштары рыма-каталіцкія былога ваяводства віленскага», выдадзеную ў Кракаве ў 2005 годзе. У 3-м томе даследчык Марцін Зглінскі сцвярджае, што капліцу з сасновага дрэва на гірскіх могілках пабудавалі ў 1828 годзе. (Заўв. А.Г.)

За 40 гадоў няўмольны час непазнавальна змяніў Гіры: шмат хат апусцела – але захавалася моцная сувязь ва ўраджэнцаў вёскі са сваімі каранямі. 

– На вялікія святы з Вільнюса ў Гіры ішло 5-6 аўтобусаў некалькі разоў на дзень. На вялікі жаль, пэўны час з-за каронавіруса дзеці не маглі трапіць да бацькоў. Цяпер можна прыехаць у Беларусь, калі тата ці мама хворыя. Магілкі да пандэміі былі больш дагледжанымі. Але да Задушнага дня тут заўсёды парадак: мы не дзелім магілы на свае і чужыя  – людцы жылі па-суседству не адзін год і ляжаць побач, – працягвае Галіна Зянонаўна. – За тыдзень-два да Дня памяці школьнікі і настаўнікі Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання навялі тут парадак.

Раней, калі было больш лю­дзей, жыхары Гір праводзілі Дні па­­мяці. Больш за 100 чалавек пры­­біралі могілкі, падкошвалі траву, выразалі кустоўе, а тэх­ні­кай дапамагаў мясцовы калгас. Потым чыталі вершы і ўзгад­валі памерлых блізкіх і вяскоўцаў. 

Кямелішкі 

Незагойныя раны на целе роднай зямлі – месцы масавай гібелі дзяцей, старых, маладых… Такой балючай і адначасова памятнай радзімкай з’яўляецца гранітны помнік загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны яўрэям. Ён устаноўлены на месцы масавага расстрэлу мірнага насельніцтва, тады мучаніцкі загінулі ні ў чым не павінныя людзі – па розных звестках ад 350 да 500 чалавек…

Памяць пра трагедыю кямелішкаўцы перадаюць з пакалення ў пакаленне – каб гэтая жудасная гісторыя ніколі не паўтарылася. 

Казіміра Пляўго я заспела ў садзе, мужчына беражліва зрываў і клаў у вядзерца налітыя сокам гронкі каліны. Адсюль, калі стаяць тварам да хаты, віднеецца драўляны касцёл Нараджэння Маці Божай – калісьці непадалёк яго ў час вайны было яўрэйскае гета. 

На просьбу расказаць пра сябе, продкаў і маленькую радзіму спачатку аджартоўваўся, а потым згадзіўся. Уладкаваліся мы на самаробнай лавачцы побач з вялікай, тоўстай у камлі яблыняй – маўклівай сведкай усіх падзей гэтай сям’і.

3.jpg

Казімір Пляўго

Пляўго пераехалі са Стрыпунаў у Кямелішкі больш за 30 гадоў назад – купілі тут хату. У гэтай вёсцы прайшла значная частка іх жыцця. Увесь час Казімір Мар’янавіч працаваў механізатарам ў саўгасе, нават, ордэн Працоўнай Славы мае. Алена Казіміраўна была брыгадзірам на стрыпунскай ферме. 

Маладжавы, хоць і на пенсіі, з хітрынкамі ў вачах Казімір Мар’янавіч распачаў аповед. Слухаць яго смачную беларускую мову – адно задавальненне.

– У бацькоў нас было пяцёра – з усіх застаўся я адзін: пазміралі хто ад раку, хто ад іншай хваробы. Бацькі пахаваныя на могілках у Кямелішках. Да Задушак, рочніц і час ад часу пастаянна падчышчаем і прыбіраем могілкі. Цяпер і кветак штучных, і свечак багаты выбар. А ў маім дзяцінстве насілі жывыя букецікі з апошніх восеньскіх красак,  – узгадвае Казімір Мар’янавіч. – Бабулю па маці звалі Канстанцыя, а па бацьку не памятаю. Раней і ў Стрыпунах могілкі былі, казалі бацькі, цяпер там летам збожжа каласіцца. А колькі вёсак на маёй памяці знікла ці памірае. У Апушынах было 44 двары, а цяпер толькі 2 хаты: у адной жыве Уладзіслаў Юргелянец, у другой – Букялёвая з унукам. У Прэнах, беларускіх, не літоўскіх, што за рэчкай, – было 16 хат – цяпер пуста. Паядуняў увогуле няма, Малінова і Масцішча таксама. (Мужчына прыпыняецца.)

–  На змену нам прыйдуць новыя пакаленні. Людзі жывуць і паміраюць – гэта закон прыроды. Як нашы бацькі і іх бацькі, трэба з Богам дружыць і людзьмі, – прос­та, але вельмі жыццёва завяршыў аповед Казімір Пляўго.

Чыжоўшчызна

Невялікая вёсачка, на першы погляд нічым не адметная, такая ж, як і дзясяткі іншых населеных пунктаў Астравеччыны. На жаль, і яна вымірае…
 
Са старастай гэтай вёскі Таццянай Русецкай мы сустрэліся ў яе ўтульным доме. Муж Аляксандр глядзеў тэлевізар, да яго лашчылася, нібыта шукаючы апекі, трохколернае кацянё, якое  вяскоўцы здавён называюць рыскай. А найстарэйшая жыхарка Чыжоўшчызны Тарэса Кайрыс чакала, калі ёй Казіміраўна зробіць укол. 

2.jpg
 
Таццяна Русецкая з мужам Аляксандрам

– Гэта мужава хата, тут нарадзіліся яго бацькі, ён, нашы дзеці, – расказвае Таццяна Русецкая. – Сама я з Дравянік. У бацькоў нас было шасцёра: чатыры дзяўчынкі і два браты. Вывучылася на повара ў Ашмянскім тэхнікуме – так і працую па прафесіі. Вельмі люблю гатаваць. З мужам нас пазнаёміла яго сястра Ірына. Жывём душа ў душу ў Чыжоўшчызне 20 гадоў. Кожную нядзелю едзем у Варняны ў касцёл. З Сашам ужо навялі парадак на могілках яго бацькоў, майго таты, дзядуляў і бабуляў. 

– Дваццаць гадоў назад у нашай вёсцы было 29 жылых двароў, – працягвае жанчына. – Цяпер ўдвая менш. З маладзейшых – Радуты, Света Свіла, Вася Філіпчык, астатнія больш паважанага ўзросту. Наша суседачка Тарэса Іванаўна – найстарэйшая ў Чыжоўшчызне. 

– Я і Часлава Тамашэвіч, – да размовы далучаецца Тарэса Кайрыс. – Нарадзілася тут, жыву і паміраць, відаць, тут буду. Усё жыццё працавала паштальёнкай: з 1962-га да 1999 года. Газеты і лісты па навакольных вёсках развозіла на ровары, потым – на кані.  У нас і школа была, будынак у канцы вёскі стаіць, а пакуль яго не пабудавалі, дзеці займаліся ў хаце Мечыслава Юркойця. І могілкі за вёскай ёсць. Крыж там пры мне ставілі, калі ў Варняны напачатку 90-х прыслалі ксяндзочка Пікулу. Памятаю, што на нашых могілках хавалі ў асноўным дзетак, старэйшых везлі ў Варняны, пазней сталі ўсіх, і мае бацькі, муж там ляжаць. З Іванам пражылі 54 гады. Усякае здаралася, але заўсёды былі разам. Спрадвеку – гэта пайшло ад бацькоў, дзядоў і прадзедаў – калі ўжо шлюб узялі, клятву далі, то трымайцеся адзін аднаго да смерці, жывіце па Божых запаведзях.   

1.jpg

Тарэса Кайрыс 

5.jpgПа ўспамінах Галіны Штура, гадоў 40 назад у Гірах жыло каля 200 чалавек (цяпер – каля 65-ці). У васьмігадовай школе вучылася пад 80-ці дзяцей. Быў свой клуб, а ў аматарскім фальклорным аб’яднанні «Жыльвіціс» удзельнічала шмат людзей. Светлай памяці сёстры Генуэфа Лукша і Ядвіга Касевіч ведалі больш за 300 літоўскіх песень. 

– У культуры я працую 37 гадоў. Мы аб’едзілі ўсю краіну, прадстаўляючы літоўцаў Беларусі. Памятаю, як на грузавой машыне напачатку 70-х Станіслаў Аўгуль павёз нас ажно ў Гродна: пасцялілі салому, паставілі лаўкі – прамой дарогі да абласнога цэнтра не было – так некалькі гадзін  ехалі,  – з усмешкай узгадвае жанчына. – Усе былі дружныя, кампанейскія, гарэлі сваёй справай – на нязручнасці не звярталі ўвагі. Галоўнае – паказаць унікальную народную культуру. Пад маім крылом «Жыльвіціс» быў 33 гады, цяпер ім кіруе Наталля Аляксандраўна Бялячыц. 

На развітанне цікаўлюся ў Галі­ны Зянонаўны, каго яна ўс­па­­мінае ў памі­наль­ныя святыя дні. 

– На Задушкі ўзгадваю і малюся за родных, абавязкова ўспамінаю Леаніда Несцюка, ён быў народным ксяндзом: да кожнага падыдзе, загаворыць – моцна яго любілі, – расказвае жанчына. – Бацькі і брат пахаваны ў Рымдзюнах. Мама была беларускай, а тата – літоўцам. Абодва даілі кароў на ферме – яна тады драўляная была. Мама прыгожа вязала, за суткі рабіла світар. А тата мог падмяніць яе на кухні і прыгатаваць нам бліны, абодва касілі, сенавалі, нарыхтоўвалі дровы…

У 1957 годзе, каб зарабіць грошы на будаўніцтва дома, яны паехалі ажно ў Карэлію на лесапавал, вялізныя дрэвы пілавалі двухручкай, ледзь не загінулі. Але вярнуліся на Астравеччыну і ажыццявілі сваю мару. Мама расказвала, што з імі працавала незвычайнай прыгажосці жанчына з доўгай тоўстай касой – у яе гонар мяне Галінай і назвалі. А імя брата вызначыў яго дзень нараджэння: Уладзімір з’явіўся на свет 22 красавіка, – узгадвае Галіна Штура. – Бацькі былі вельмі дружнымі. Заўсёды казалі, што з любым стрэчным трэба заставацца чалавекам, дапамагаць іншым і любіць сваю зямлю. Гэты наказ я перадала сваім дзецям.

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич