Сёння – Сусветны дзень здароўя

Хто не хоча бачыць сябе і сваіх блізкіх здаровымі? Такіх няма! А што робяць, каб быць здаровымі? Нехта – займаецца спортам, іншыя – звяртаюцца да ўрачоў. А большасць – нічога.
Мабыць, для таго і заснавалі такое свята, як Дзень здароўя, якое адзначаецца ва ўсім свеце 7 красавіка, каб прымусіць людзей задумацца пра сваё здароўе.
Сёння на нашы пытанні ў гасцёўні “Візаві” адказваюць медыкі і да таго ж – удзельнікі і прызёры “Спартакіяды-2010” – загадчык аддзялення хуткай дапамогі, участковы тэрапеўт Генадзій Яўгенавіч Хаменка, і медсястра аддзялення рэабілітацыі ЦРБ Жанна Францаўна Безляповіч.




– Сёння адзначаецца Сусветны дзень здароўя. Як вы лічыце, такія святы патрэбны?
Генадзій Яўгенавіч: У залежнасці ад таго, з якога боку паглядзець на гэты дзень. Калі чалавек на працягу года не займаецца сваім здароўем, то трэба выдзеліць хаця б адзін дзень у год, каб падумаць пра яго і далучыцца да заняткаў спортам.



Жанна Францаўна: Канешне, патрэбны – каб хоць раз у год людзі ўспомнілі пра сябе і сваё здароўе. А ўвогуле, чалавек павінен думаць пра гэта кожны дзень. Калі справа дайшла да хваробы – не трэба займацца самалячэннем, а своечасова звярнуцца да ўрача.
– Якога чалавека можна назваць здаровым? Здаровых людзей шмат?
Генадзій Яўгенавіч: Таго, які можа пахваліцца добрым станам духоўнага, фізічнага і псіхічнага здароўя.
А здаровых людзей, якіх адносяць да першай групы здароўя, – працэнтаў 20, што не асабліва радуе.
Жанна Францаўна: Здаровы чалавек – гэта ў першую чаргу аптыміст. Той, хто заўсёды вясёлы, якому хочацца жыць і які любіць усіх, хто яго акружае. Бо важна не толькі фізічнае здароўе, але і духоўнае.
Калі меркаваць па чэргах, якія збіраюцца ў нашай бальніцы, то здаровых людзей вельмі мала. Хацелася б, каб іх было больш.
Сябе вы можаце аднесці да катэгорыі здаровых людзей?
Генадзій Яўгенавіч: Не. Сам не падпадаю ні пад адну з тых катэгорый, якія пералічыў у папярэднім адказе на пытанне. Але я стараюся і прыкладваю намаганні, каб быць здаровым.
Жанна Францаўна: Калі чэсна, то за сваё жыццё (хаця пражыла не так і шмат) ні разу не ляжала ў бальніцы. Але нягледзячы на тое, што я медык, лекі піць не люблю.
Існуе выказванне: “Спорт – гэта здароўе”. Вы згодны? Якім відам спорту вы захапляецеся?
Генадзій Яўгенавіч: Для непрафесіяналаў – канешне, так. А вось для тых, хто сур’ёзна, на прафесійным узроўні займаецца спортам – не.
Сам я са школы захапляюся настольным тэнісам. Тады спадабалася, і цяпер не адпускае. Два-тры разы на год удзельнічаю ў раённых спаборніцтвах. Калі выпадае вольная хвіліна, гуляю ў тэніс са сваімі дзецьмі.
Жанна Францаўна: У нейкай ступені гэта так. Карысны ранішнія прабежкі, хаця, шчыра кажучы, мне рабіць гэта цяжкавата.
Чалавек я неспартыўны, але ў спаборніцтвах ўдзельнічаю: у гэтым годзе запрасілі ў зборную каманду бальніцы – згадзілася з радасцю. Удзельнічала ў армрэстлінгу і перацягванні каната. У дзяцінстве вельмі любіла гуляць у футбол – нават стаяла на варотах. У студэнцкія гады гуляла ў валейбол.
– Што трэба рабіць, каб быць здаровым?
Генадзій Яўгенавіч: Па-першае, падтрымліваць добрую фізічную форму, па-другое, пазбягаць стрэсаў і перажыванняў і, па-трэцяе, праходзіць штогадовую дыспансерызацыю. А самае галоўнае – захоўваць рэжым працы і адпачынку.
Жанна Францаўна: Весці здаровы лад жыцця, сачыць за харчаваннем, у час класціся спаць і ў час падымацца. Дарэчы, у гэтым сэнсе можа быць цікавы сонник. А яшчэ з любоўю адносіцца да людзей і дарыць усім радасць – свет стане дабрэйшым і здаравейшым.

Алена ЯРАШЭВІЧ