Сельсаветы: як замагаліся са снегападам

Не адзін дзень на Астравеччынезмагаюцца  арганізацыі і жыхарыз наступствамі снегападу, які абрынуўся на краіну 8-9 студзеня. Пацікавіліся ў вяскоўцаў, як яны спраўляюцца са снежнымі заваламі.

Гудагайскі сельсавет

Падчас снегападу актыўная работа ішла ўсе дні і нават ночы. Працягваецца і цяпер: то тут, то там  шчыруе снегаўборачная тэхніка.


 Дзякуй КСУП «Гудагай», – гаворыць старшыня сельса­вета Уладзімір Барысевіч. – Без пагрузчыка і энерганасычанага трак­тара МТЗ нам не справіцца. Працуем амаль без перапынку ў гэтыя «снежныя» дні. Пастараліся расчысціць дарогі па ўсіх вёсках і пад’езды да хутароў. У Малях і Палушах дапамагло ўбраць снег РУП ЖКГ. Апошнімі расчышчалі тратуары ў пасёлку Гудагай – Ашмянскае ДЭУ-57, якое за яго адказвае, гэта зрабіла як толькі змагло.

Варнянскі сельсавет

На ўборцы снегу тут дапамагала тэхніка КСУП «Варняны» і «Гервяты», РУП ЖКГ. За вільнюскі напрамак адказвала ДЭУ-57. «Прабівала» дарогі да хутароў, якіх у сельсавеце нямала, прыватнае прадпрыемства «БелаграЗобр».

– У нашым сельсавеце шмат дарог і населеных пунктаў. Не лічачы тэхнікі ДЭУ-57, у першыя дні снегападу тут працавала 4 адзінкі (трактары і МАЗы) іншых арганізацый, – расказвае старшыня сельсавета Аляксандр Вярбовіч. – У першую чаргу расчысцілі асноўныя дарогі. Уборку працягваем і сёння (14 сту­дзеня. – Заўв.аўт.). На ўсе тэлефанаванні, якія паступалі ад жыхароў, стараліся рэагаваць як мага хутчэй. 

Міхалішкаўскі сельсавет

З падзякі КСУП «Міхалішкі» пачала размову старшыня Міхалішкаўскага сельсавета Кацярына Емяльян:

 Яны зрабілі сапраўдную тыта­нічную работу, рэагавалі на кожны званок: прачысціь дарогу ці стаянку каля магазіна або аўталаўкі, праезд на хутар – не глядзелі, іх гэта дарога ці не, проста ехалі. Дзякуючы ўсім, хто дапамагаў, з наступствамі непагадзі мы справіліся – калапсу не было.

Цэнтральныя дарогі сельсавета чысціла тэхніка ДРБУ-159 і ДЭУ-57, Міхалішкаўскае лясніцтва дапамагала ў Альхоўцы і на хутарах, РУП ЖКГ актыўна вызваляла ад снегу не толькі вуліцы, за якія адказвае, але і там, дзе магло дапамагчы. Зрабіла свой унёсак і кардонная фабрыка: па патрэбе  забяспечвала сельсавет тэхнікай.

 Асаблівая падзяка жыхару в. Сарочча Валерыю Завельскаму, – дадае Кацярына Емяльян. – На сваім трактары ён  расчысціў не толькі ўласны двор, але і ўсю вёску.

Увогуле ж, не ўлічваючы дарожнікаў, на міхалішкаўскай зоне было задзейнічана 7 адзінак тэхнікі. 

Рытанскі сельсавет

Агульнымі намаганнямі справіліся са снежнай навалай і ў Рытанскім сельсавеце.

Актыўна расчышчала дарогі, якія знаходзяцца на яе балансе, ДРБУ-159 – іх у нас нямала, – расказвае старшыня сельсавета Рыгор Цэйка. – Дапамагаў і «Амкадор» сель­гастэхнікі. У аддаленых вёсках і на хутарах шчыраваў саўгас «Падольскі». На ўсе звароты насельніцтва стараліся рэагаваць хутка. Да слова, у некаторых жыхароў хутароў ёсць свае трактары – яны пракладвалі сабе дарогу самастойна.

Усяго ў Рытанскім сельсавеце працавала 6 адзінак тэхнікі.

Гервяцкі сельсавет

справіўся са снегам у першыя суткі.

Мы ўжо двойчы ўсюды пра­ехалі, – паведаміў старшыня сельсавета Руслан Сачко. – Спачатку расчысцілі асноўныя напрамкі, затым прайшлі больш дасканала. Дайшлі да ўсіх хутароў.  Цяпер працуем па тэлефанаваннях ад людзей.

Але і сёння работы хапае: па просьбе жыхароў ідзе расчыстка пад’ездаў да могілак.

Справіцца са снегападам сельсавету дапа­магала КСУП «Гервяты», якое на гэтыя патрэбы выдзеліла 5 адзінак тэхнікі – трактары і «Амкадоры». Руслан Мікалаевіч адзначыў, што сувязь з сельгаспрадпрыемствам была наладжана на высокім узроўні. Намеснік дырэктара КСУП Аляксандр Кавалька рэагаваў па першым званку, трактарысты, што пра­цавалі на ўборцы снегу, таксама.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович