В Островце торжественно открыли здание районного отдела Следственного комитета (обновлено)
Яшчэ адзін аб’ект інфраструктуры нашага горада быў урачыста адкрыты ў мінулую пятніцу. Такім стаў будынак Астравецкага раённага аддзела Следчага камітэта. 

Прыгожы двухпавярховы будынак быў узведзены літаральна за год – і на днях у яго засяліліся супрацоўнікі, якія непасрэдна нясуць адказнасць за нашу бяспеку.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр юстыцыі Аляксей Аляксандравіч Волкаў, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Васільевіч Краўцоў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці, генерал-маёр юстыцыі Іосіф Эдвардавіч Леонка, прадстаўнікі прававых органаў, арганізацый заказчыка і падрадчыка будаўніцтва, вучні кадэцкіх – прававога і ваенна-патрыятычнага – класаў Гудагайскай школы, першакласнікі гімназіі №1 і жыхары нашага горада.
– Гэта цудоўнае свята не толькі для супрацоўнікаў Астравецкага раённага аддзела, але і для ўсяго нашага ведамства, – адзначыў у прывітальным слове першы намеснік старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр юстыцыі Аляксей Аляксандравіч Волкаў. – Кожны з нас ведае, што для следчага месца працы – гэта другі дом. І вельмі важна, у якіх умовах ён працуе. Мы рады, што ў бягучым годзе ўведзены ў эксплуатацыю ўжо некалькі такіх аб’ектаў, і я ўпэўнены, што супрацоўнікі Астравецкага раённага аддзела будуць адчуваць сябе камфортна ў сценах гэтага прыгожага і ўтульнага будынка.
Аляксей Аляксандравіч уручыў нагрудны знак “За заслугі” старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Васільевічу Краўцову. Старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька атрымаў Ганаровую грамату Следчага камітэта Рэспублікі Бе-ларусь за значны ўклад у развіццё і ўдасканаленне дзейнасці Следчага камітэта. А дырэктар ААТ “Гроднааблсельбуд” Генадзь Часлававіч Залога атрымаў Падзячнае пісьмо.
– На Гродзеншчыне зроблена шмат, каб стварыць базу для работы супрацоўнікаў Следчага камітэта, – сказаў падчас выступлення старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Васільевіч Краўцоў. – І сёння ў Астраўцы – горадзе, які бурна і дынамічна развіваецца ў сувязі з будаўніцтвам тут першай Беларускай АЭС, – мы адкрываем новы будынак раённага аддзела Следчага камітэта. Усе мы хочам, каб ваш горад быў чыстым, утульным і бяспечным. І таму аб’ектыўна дзяржава ўклала сродкі ў будаўніцтва гэтага аб’екта, каб тут прафесійна працавалі тыя людзі, якія служаць правасуддзю і дзяржаве.
Старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька павіншаваў усіх супрацоўнікаў раённага аддзела са значнай падзеяй і прыгадаў тыя часы, калі ў Астраўцы ўзводзіўся новы будынак раённага аддзела ўнутраных спраў. Адам Дзмітрыевіч выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву аблвыканкама і краіны, дзякуючы якому наш горад і раён змяняецца і прыгажэе з кожным днём.
Сёння ў нашай краіне вялікая ўвага надаецца маладому пакаленню. У школьнікаў ёсць магчымасць развівацца і ўдасканальвацца і такім чынам садзейнічаць працвітанню Рэспублікі Беларусь. Некалькі гадоў назад на базе Гудагайскай школы быў адкрыты першы ў нашым раёне кадэцкі прававы клас – сёння некаторыя юнакі і дзяўчаты мараць звязаць сваё будучае жыццё з дзейнасцю прававых органаў. Менавіта таму яны таксама сталі ўдзельнікамі ўрачыстага адкрыцця новага будынку. Ад імя ўсёй моладзі Астравеччыны супрацоўнікаў раённага аддзела прывітаў выхаванец прававога класа Дзмітрый Ярашэвіч.
Начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці, генерал-маёр юстыцыі Іосіф Эдвардавіч Леонка на ўрачыстасць таксама прыехаў не з пустымі рукамі. Ён уручыў Граматы дырэктару Упраўлення капітальнага будаўніцтва Астравецкага раёна Тамары Аляксандраўне Кацяк і дырэктару МПМК №158 Ігару Міхайлавічу Сцешанку.
Цеплыя словы віншавання ў гэты дзень гучалі ад начальніка Смаргонскай пагранічнай групы Аляксандра Іванавіча Маркевіча, генеральнага дырэктра ААТ “Гроднааблсельбуд” Генадзя Часлававіча Залогі, першакласнікаў гімназіі №1, якія вершамі прывіталі супрацоўнікаў раённага аддзела Следчага камітэта. А спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і ўдзельнікі аркестра Смаргонскай пагранічнай групы віталі прысутных музыкай і прыгожымі песнямі.
Запамінальным момантам свята стала ўручэнне сімвалічнага ключа ад новага будынка, які атрымаў начальнік Астравецкага раённага аддзела Следчага камітэта Віктар Валянцінавіч Мацэвіч, а таксама традыцыйнае ў такіх выпадках пераразанне чырвонай стужкі – такое права атрымалі шаноўныя госці мерапрыемства.
Уразіў і сам будынак – прасторныя, светлыя, утульныя кабінеты, аснашчаныя самай сучаснай апаратурай, і трэнажорная зала, дзе змогуць павышаць узровень фізічнай падрыхтоўкі супрацоўнікі следчых органаў.
Закончылася ўрачыстасць памятнай закладкай Дубовай алеі, як сімвала Следчага камітэта. Маладзенькія дубкі пасадзілі госці мерапрыемства.
--------------------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.



