Сборы-2012: торжественное принятие присяги

10 чэрвеня на базе аддзела пагранічнай службы “Гудагай” адбылося ўрачыстае прыняцце прысягі ваеннаслужачымі тэрытарыяльных войск.


60 чалавек з Астраўца і раёна, якія ў розныя гады служылі ў розных відах войск Рэспублікі Беларусь і былога Савецкага Саюза, сёлета былі  прызваны на зборы ў асобную стралковую роту тэрытарыяльных войск.



Гучыць гімн, над аддзелам пагранічнай службы “Гудагай” узвіваецца Дзяржаўны сцяг. Гучаць словы віншавання і наказу ад намесніка камандзіра шостай асобнай механізаванай брыгады, начальніка збораў падпалкоўніка Леаніда Леанідавіча Леўчыка.
Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла  таксама павіншаваў ваеннаслужачых і нагадаў, што яны  выконваюць грамадзянскі абавязак у гістарычны час – 31 мая  пачаліся работы па закладцы катлавана будучай Беларускай АЭС.
Намеснік начальніка Смаргонскай пагранічнай групы Ігар Уладзіміравіч Каваленка нагадаў ваеннаслужачым тэрытарыяльных войск аб значэнні прысягі, аб прыняцці яе  іх дзядамі і прадзедамі ўпершыню ў  1918 годзе.
Даў наказ  ваеннаслужачым на абарону дзяржаўнай мяжы і выкананне загадаў і распараджэнняў ваенных кіраўнікоў пробашч  касцёла Узнясення святога Крыжа Андрэй Горбач.
І пачаўся самы ўрачысты момант. Намеснік начальніка збораў Андрэй Віктаравіч Герус аддае загад аб прыняцці прысягі. Словы клятвы “Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся быць адданым свайму народу, свята трымацца Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выконваць патрабаванні воінскіх статутаў…” разносяцца па наваколлі, а потым замацоўваюцца асабістым подпісам – і гэта назаўсёды звязвае мужчын з роднай краінай.
У нядзелю прысягу на вернасць Рэспубліцы Беларусь другі раз у сваім жыцці (першы раз яны прысягалі на вернасць Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік) прынялі старшы лейтэнант Валянцін Уладзіслававіч Лаздзін, старшы сяржант Віктар Андрэевіч Узялкоў, сяржант Сяргей Аляксандравіч Адула, сяржант Уладзімір Часлававіч Дрэма і радавы Уладзіслаў Уладзіслававіч Стэх.
І калі потым пад “Развітанне славянкі” ваеннаслужачыя ішлі ўрачыстым маршам, сэрца ахінула надзея-пажаданне: няхай навыкі ваеннай службы спатрэбяцца нашым мужчынам толькі падчас вучэнняў!
Урачыстую цырымонію прынясення прысягі суправаджаў духавы аркестр Смаргонскай пагранічнай групы. А калі ўрачыстасць закончылася, ваеннаслужачым аддалі каманду: “Вольна!” –  і пачаўся святочны канцэрт аркестра.
Напрыканцы мерапрыемства ваеннаслужачых тэрытарыяльных войск павіншавалі ваенкам Астравецкага раёна Ігар Мікалаевіч Чычварын і намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Віталій Аляксандравіч Субаткевіч. Начальнік Смаргонскай пагранічнай групы палкоўнік Уладзімір Міхайлавіч Ляўда нагадаў аб адказнасці і пажадаў выканаць усе пастаўленыя перад ваеннаслужачымі задачы.
Сёлета лёс звёў гэтых розных мужчын на зборах у аддзеле пагранічнай службы “Гудагай” – і адпаведна ва ўсіх іх з’явілася адказнасць за абарону рубяжоў нашай краіны і нагода адзначаць як сваё асабістае  яшчэ адно свята – Дзень  пагранічніка.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.