Санітарная камісія адправілася ў рэйд па вуліцах Астраўца

Вясна – час прабуджэння і аднаўлення. Аднак разам з растаўшым снегам часам адкрываецца сумная карціна – рэшткі мінулагодняга смецця, якое не паспелі ці не захацелі прыбраць.
Для таго, каб паглядзець, як Астравец і яго жыхары падрыхтаваліся да вясны, быў арганізаваны чарговы рэйд па вуліцах райцэнтра. На гэты раз у склад санітарнай камісіі ўвайшлі галоўны спецыяліст аддзела ЖКГ райвыканкама Віталій Белцік, майстар ЖЭСа Таццяна Савіцкая і памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ Вольга Хільман.


Найперш мы накіраваліся ў мікрараён Валадарскага. Шчыра кажучы, прычапіцца тут, каб і вельмі хацеў, не было да чаго, бо навокал панавалі чысціня і парадак. Усе газоны амаль “вылізаны”, вуліцы падмецены, бутэлькі, пакеты, бляшанкі і іншае смецце акуратна ляжаць у прызначаных для гэтага кантэйнерах. Прыгажосць, ды і толькі! А ўсё гэта – вынік працы дворнікаў, за якімі замацаваная тэрыторыя. Дарэчы, вельмі няпростай працы, якую мы, на жаль, часта недаацэньваем, а часам нават не заўважаем.
Далей накіроўваемся па цэнтральнай вуліцы – Ленінскай – у бок аўтастанцыі. На тратуары абапал дарогі ўжо дзе-нідзе трапляюцца кінутыя міма сметніцы абгортка ад шакаладкі ці пачак ад цыгарэт. Вяртаемся назад і зварочваем на вельмі папулярнае сярод моладзі месца – так званы востраў кахання. Як высвятляецца пазней, сюды прыходзяць не толькі, каб пашаптацца аб патаемным ці прызнацца ў пачуццях адзін адному. Ля адной з лавак валяюцца пустыя бляшанкі з-пад піва, ля другой – рассыпаны лупіны і недаедзеныя долькі мандарынаў. А ў вадзе ля берагоў вострава можна знайсці багаты асартымент шкляной тары – бутэлькі з-пад шампанскага, піва, салодкіх напояў, “беленькай”… І тут ужо паўстае пытанне не аб тым, якая служба нясе адказнасць за чысціню гэтай тэрыторыі, а аб элементарнай чалавечай выхаванасці і адносінах да таго, што нас акружае.
Далейшы наш маршрут пралягае праз вуліцу Фізкультурную. Тут ля платоў прыватных дамоў таксама сустракаюцца рэшткі рознага смецця. Хтосьці, можа, і не паспеў прыбраць сваю тэрыторыю, а нехта стаў ахвярай выпадковых прахожых, якім куды прасцей кінуць бутэльку пад чужы плот, чым данесці яе да смеццевага кантэйнера.
Тое ж самае тычыцца і берага вадасховішча па ўсё той жа вуліцы Фізкультурнай, яго ператварылі ў сапраўдны сметнік, які крыху прыкрывае кустоўе, што расце побач. Аналагічная карціна і ў зарослым стаўку на павароце на вуліцу Прамысловую – бутэлькі, пластык, паперы, пакеты – у самым розным і багатым асартыменце. На гэты беспарадак скардзіўся і адзін з жыхароў, які жыве нападалёк. Некалькі гадоў мужчына сам прыбіраў гэтае смецце, але ж не можа ён бясконца знішчаць сляды чужой неахайнасці...
Яшчэ адзін падобны самавольны сметнік знаходзім на вуліцы Ушакевіча. І зноў “прыгожы” пейзаж – побач цячэ рачулка, цурчыць вада і – закіданы бутэлькамі бераг. Палюбаваўшыся на гэта, міжволі прыходзіш да высновы, што больш за ўсё пакутуюць так званыя “нічыйныя” ўчасткі тэрыторыі, якія закідваюцца розным хламам. І не задумваюцца людзі: а што будзе тут праз некалькі гадоў?!
У выніку гэтага падарожжа членамі санітарнай камісіі было выпісана некалькі прадпісанняў. Аднак не толькі адмоўнае мы пабачылі падчас рэйду – прыемна было назіраць, як на некаторых падвор’ях людзі грэблі, падмяталі і прыбіралі. Бо вясна – не толькі час прабуджэння і аднаўлення, але і навядзення парадку.


Марына МАЦКЕВІЧ.