Самы малады ляснічы Андрэй Місевіч працуе ў Гервяцкім лясніцтве

Самы малады ў раёне ляснічы Андрэй Місевіч працуе ў Гервяцкім лясніцтве. Ён мог стаць спартсменам ці ваенным, але лёс двойчы вяртаў юнака на лясную дарогу, якую калісьці абраў і яго бацька Сяргей Міхайлавіч.
– Родам я з Вароны. Мама настаўніца, а тата звыш 30-ці гадоў працуе майстрам лесу ў Катлоўскім лясніцтве. Бацька з маленства браў мяне ў лес. Упэўнены, што многія, хто выгадаваўся на вёсцы, любяць хадзіць у грыбы ці ягады. А яшчэ рыбалку – гэта захапленне, дарэчы, мне таксама перадалося ад таты, – расказвае Андрэй.
У Варонскай «дзевяцігодцы» вынослівага хлопца заўважыў настаўнік фізічнай культуры, які і прапанаваў яму паспрабаваць свае сілы ў прафесійным спорце.
– Я займаўся шматбор’ем. Прайшоў адбор у Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву, куды на восень павінен быў ехаць вучыцца. Не склалася, – успамінае з усмешкай малады чалавек. – За лета перадумаў. Адчуў, што гэта не маё. Па душы – прырода, спакой, лес. Таму завезлі дакументы ў Полацкі дзяржаўны лясны каледж, дзе калісьці вучыўся тата.
Андрэй узгадвае вучобу ў кузні лясных кадраў толькі станоўча. Практычныя заняткі на ўлонні прыроды, пасадка лесу, паралельнае з вучобай атрыманне кваліфікацыі вальшчыка… Словам, амаль чатыры гады непрыкметна праляцелі.
– Па накіраванні вярнуўся на радзіму, у Падольскае лясніцтва, – узгадвае першыя крокі ў прафесію Андрэй Місевіч. – Неўзабаве мяне забралі ў армію. Спачатку служыў у адной з ваенных часцей Мінскай вобласці, потым перавялі ў часць 7434. Планаваў застацца – усё ж такі новая часць, камандаванне і калектыў добры… Але пайшоў у водпуск і канчаткова зразумеў, што не маё гэта. Душа ляжала да лясной гаспадаркі.
Пасля службы Андрэй вярнуўся не ў Падольцы, а ў Астравец: яго прызначылі майстрам лесапункта. Неўзабаве хлопец паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта на спецыяльнасць «інжынер лясной гаспадаркі».
– Год назад атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі. Літаральна праз 2 месяцы пасля гэтага Рыгор Мечыславіч прапанаваў узначаліць Гервяцкае лясніцтва. Дзякуй яму вялікі за давер. Вы б ведалі, якім быў шчаслівым бацька, калі пра гэта даведаўся, – расказвае Андрэй. – У нас цудоўны калектыў і дастаткова маладыя спецыялісты, у прыватнасці, памочнік ляснічага і майстры лесу. Разам нам ёсць да чаго імкнуцца!
