Са святамі, дарагія землякі!
Са святамі, дарагія землякі!
Праводзячы ў гісторыю 2021 год, мы ўспамінаем падзеі, здабыткі, старты, падводзім вынікі, намячаем планы і загадваем запаветныя жаданні.Думаю, усе пагодзяцца: год быў няпростым і ў палітычным, і ў эканамічным, і ў міжнародным аспектах. Тым не менш, здараліся ў нашым жыцці і больш цяжкія выпрабаванні, з якіх беларускі народ з уласцівым яму аптымізмам, памяркоўнасцю, цярплівасцю і працалюбствам заўсёды выходзіў з годнасцю.
І сёння, напярэдадні самых светлых і радасных свят – каталіцкага і праваслаўнага Ражаства і Новага года – хочацца ўзгадаць тое добрае, што адбылося ў раёне, у асабістым жыцці людзей – і падзякаваць Богу за гэта. Па вялікім рахунку, мы маем не так і мала: жывём у мірнай краіне, не галадаем, працуем, вучым сваіх дзяцей і развіваем іх таленты – гэта дарагога варта, і людзі старэйшага пакалення, якія зведалі жахі вайны, холад, голад, нястачу, пацвердзяць гэта. Вядома, кожнаму хочацца, каб было лепш, але для гэтага трэба найперш супольная праца ўсіх і кожнага.
У перадсвяточныя дні, напоўненыя прадчуваннем добрых і радасных падзей, цудаў, падзелімся дабрынёй сваіх сэрцаў, цяплом і шчырасцю з блізкімі і тымі, каму цяжэй, чым нам, каб сустрэць свята ў гармоніі з сабой і Сусветам!
Усім сваім выбаршчыкам жадаю ў гэтыя дні любові і ўзаемаразумення ў сем’ях, добрага здароўя, Божай ласкі і апекі.
З Новым годам і Ражаством, дарагія землякі!
Віктар Свіла, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.