С войны парень вернулся инвалидом: судьба мальского ветерана Генриха Лукши




Пра лёс ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Генрыха Вікенцьевіча Лукшы расказаў карэспандэнту «АП» яго сын Тадэвуш. 

– Спакутваны, ска­лечаны вярнуўся з фронту бацька. А ўсяго ж 21 год яму быў… З пяцярых дзяцей ён адзін хлопчык у сям’і. З дакументаў ведаем, што 15 лістапада 1944-га ён ужо быў у часці. Яго залічылі курсантам школы падафіцэрскага складу.

 Пра вайну тата гаварыў мала – гэтую тэму толькі з сябрам-аднавяскоўцам (Дрэма яго прозвішча было, таксама ветэран) уздымаў, наплачуцца тады… Баі не ўзгадваў, а вось з будзённага часам прыпамінаў, як ішлі ды думалі, каб пераапрануцца, памыцца ды вошы скінуць з галавы – яны проста заядалі.
Бацька кулямётчыкам быў. Удзельнічаў у адной з буйнейшых аперацый Вялікай Айчыннай вайны – Вісла-Одарскай. А ў 1945-м – 5 лютага атрымаў цяжкае раненне абедзьвюх ног – доўга не маглі загаіць іх, а скразныя дзіры ў пятах не зацягнуліся і да смерці. Франтавыя раны давалі пра сябе ведаць усё жыццё – ён, бядак, моцна пакутаваў!..
Дэмабілізавалі бацьку ажно ў канцы жніўня – са шпіталю адразу адправіўся дамоў. 

 Вярнуўся ў родныя Грэбалы, праз пару гадоў ажаніўся: знайшоў сваю другую палавінку непадалёк – маці варнянская, з новай вёскі. Спярша яны жылі ў Грэбалах, а тады купілі хату ў Малях. У сям’і нарадзілася сямёра дзяцей – нават трайняткі былі.Як інваліду вайны дзяржава яму выдзеліла аўтамабіль з ручным кіраваннем.

Ядвіга і Генрых Лукшы

Бацька працаваў у калгасе брыгадзірам, малакавозчыкам, вартаўніком. А як выпадала вольная хвіліна, садзіўся альбо кошыкі плесці – добрыя, моцныя атрымліваліся ў яго, альбо на паляванне ішоў, альбо выпраўляўся ў грыбы – быў заўзяты аматар гэтай справы, ніколі з пустым кашом не вяртаўся.

 Памёр татка 17 сакавіка 1988 года. Гэты дзень і сёння помню да дробязяў. Ён, нікому не кажучы, выправіўся ў Астравец пехатой, вярнуўся стомлены… Прыбягае да мяне на работу швагер і кажа, каб ляцеў дамоў – бацьку нездаровіцца. Калі прыйшоў, сястра ўжо там была… Татка толькі і сказаў, што яму дрэнна і трэба крыху паляжаць. Сэрца… Хаця і не скардзіўся на яго…

Дакументы сведчаць, што:

* чырвонаармеец Лукша прызваны на службу Вільнюскім ваенкаматам. Залічаны ў 4-ты пяхотны полк 2-га Беларускага фронту;

* за здзейснены 5 лютага 1945 года подзвіг Генрых Вікенцьевіч узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”;

* узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.”.



Текст:
Фото: Фота аўтара і з архіва сям’і ветэрана