С душой работает островецкий автоклуб “Ваколіца”, а помогают ему деревенские активисты

Розныя людзі, розныя лёсы, розныя справы... Жыццё часта зводзіць чужых людзей у вызначаны час у адным месцы – гэта нядзіўна. Але менавіта такія сустрэчы бываюць у нейкім сэнсе лёсавызначальнымі: адны становяцца землякамі, другія – сябрамі-таварышамі, трэція – калегамі… І налічыць тых кропак “сутыкнення” можна безліч.

Адна справа
Кіраўнік аўтаклуба «Ваколіца» Таццяна Ярмолава і жыхарка Дайлідак Ірына Алітойць, можна сказаць, працуюць у адной звязцы – дапамагаюць разнастаіць жыццё вяскоўцаў.
Таццяна:
– Нашаму клубу крыху больш за год – яго стварыла мая калега Наталля Тамашэўская, каб парадаваць людзей у маленькіх вёсачках, свята ім прывезці – не ўсе ж могуць прыехаць у той жа Астравец альбо туды, дзе ёсць клуб, каб пабыць на канцэрце.
Цяпер у нашай зоне абслугоўвання 39 вёсак. Арганізоўваем у іх выезды, пішам сцэнарыі, збіраем лю­дзей на міні-прадстаўленні – у апошнім нам дапамагаюць альбо старасты вёсак, альбо іншыя актывісты. 
Перад тым як наладзіць такую работу, зрабілі маніторынг: праехалі па «падапечных» населеных пунктах, пазнаёміліся з людзьмі, узялі кантакты тых, з кім будзем трымаць сувязь, – і сталі працаваць. Цяпер ужо ў кожнай вёсцы маем сваю «сцэну» – былы клуб, чыйсьці падворак альбо іншае месца, а калі дрэннае надвор’е, то вяскоўцы запрашаюць у хату.
Праграмы разлічваем хвілін на 40, робім разнастайныя – і да свят прымяркоўваем, і тэматычныя, асобна рыхтуем для дзяцей, каб іх на час канікул забавіць. Запыты гледачоў абавязкова ўлічваем – бачым, што «заходзіць». Бывае і падчас канцэрта просяць штосьці саспяваць-зайграць – тут наш Аляксандр Баляслававіч Комар малайчына, ён любую песню падхоплівае.
Бачна, што людзі чакаюць нашых выступленняў, ім у радасць правесці з намі час. А мы шчаслівыя, што можам зрабіць адзін з будзённых дзён вяскоўцаў святочным. (Усміхаецца.)

Ірына:
– «Ваколіца» нам палюбілася – душой з гэтымі людзьмі адпачываеш! 
Перш артысты з выступленнямі прыязджалі ў былы мясцовы клуб – ён хоць і не працаваў, але будынак адчынялі. На канцэрты і тэатралізаваныя музычныя пастаноўкі «Ваколіцы» хадзіла заўсёды, спявала разам і танцавала – так пачалося наша сяброўства.
А потым «сцэна» пераехала на мой падворак – я сама прапанавала. (Смяецца.) А як на дварэ холадна, тады артысты ў мяне ў хаце выступаюць.
Як даведваемся пра запланаваны канцэрт? Аўтаклуб па магчымасці размяшчае афішу ў вёсцы і паралельна мне паведамляюць, а я ўжо тэлефаную землякам – ці мала хто абвестку не ўбачыць. 
Прыезды «Ваколіцы» – заўсёды свята, артысты для нас робяць сапраўдныя прадстаўленні – не толькі рэпертуар прадумваюць, а і касцюмы ў тэму. А гарманіст які ў іх цудоўны! І наспяваемся з імі, і пасмяёмся, і патанцуем, часам і паплачам – вось нядаўна, калі «Родительский дом» выконвалі, згаласілася, бацькоўскую хату ўзгадваючы.
Бачна, што з душой людзі сваю справу робяць, яны так дакладна адчуваюць, на якой струне душы зайграць, нібы ведаюць, чаго мы чакаем. То чаму ж ім не дапамагчы вяскоўцаў сабраць.

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо