С праздником, молодёжь!

У апошнюю нядзелю чэрвеня сваё свята адзначаюць энергічныя, ініцыятыўныя, няўрымслівыя і рознабаковыя… Менавіта ў гэты дзень адзначаецца Дзень моладзі.

З кім асацыіруецца моладзь? Як правіла, у свядомасці большасці ўяўленне адразу малюе чародку юнакоў і дзяўчат – бесклапотных, вясёлых і маладых узростам. Аднак зусім нядаўна сяброўка збянтэжыла раптоўным і незвычайным пытаннем, што называецца, проста “ў лоб”:
– А ты ніколі не задумвалася, што значыць быць маладым? Толькі адносіцца да пэўнай ўзроставай катэгорыі , насіць стыльнае моднае адзенне, “адрывацца” ў модных клубах, жыць віртуальным жыццём у такіх модных сацыяльных сетках ? Выходзіць, усё абмяжоўваецца адрэзкам ад- і да-? Але чаму тады гэты самы малады чалавек лянуецца хоць зрэдку прайсці адзін прыпынак транспарту, а ўдвая старэйшы за яго бегае раніцой? Я не кажу пра ўсі х , але…
Вядома, на тэму актыўнасці розных людзей можна гаварыць і спрачацца доўга. Але пасля гэтых слоў чамусьці адразу ўспомніліся словы маладой дзяўчыны: “А ведаеце, я часам адчуваю сябе вельмі сталым чалавекам, які пражыў большую частку жыцця”. Або яшчэ адна знаёмая, якая амаль кожны дзень шукала ў сабе невядомыя хваробы і знарок, шчодра накінуўшы сабе дзясятак гадоў, называла сябе “дарослай жанчынай пад сорак”. Парадокс жыцця: большасць дзяцей хутчэй імкнуцца стаць дарослымі, а падлеткі і моладзь – незалежнымі і самастойнымі, зусім забываючыся пры гэтым, што ў пагоні за жаданым трацяць такі каштоўны і непаўторны час.
На шчасце, ёсць і адваротны бок. Як знаёмая жанчына, якая ў любы час года не можа ўседзець дома: лыжы, канькі, плаванне ці проста прагулкі ў лесапаркавай зоне… Сямідзесяцігадовая бабуля, жвавасці, аптымізму, гумару і жыццярадаснасці якой можа пазайздросціць любы дваццацігадовы… Ці яшчэ адна знаёмая, якая на мой жарт: “Дык я ж яшчэ маладая!” змерыла мяне самым пранізлівым і спапяляючым поглядам: “А я па-твойму што, не маладая!” І зусім няважна, якая паміж намі розніца ва ўзросце.
Паўтаруся, на гэтую тэму можна разважаць бясконца. І прыводзіць усё новыя факты і довады, якія будуць схіляць шалі дыскусіі то ў адзін, то ў другі бок. Але мне хочацца напярэдадні Дня моладзі павіншаваць юнакоў і дзяўчат Астравеччыны з нашым святам. Тых, хто лічыць сваю маладосць па гадах у пашпарце, і тых, хто жыве па стану душы… Са святам!


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота з сайта tru.ru.