С новогодними подарками к детям в Ворнянский приют приехали волонтеры из Минска

Выхаванцы дзіцячага прытулку таксама мараць, што Дзядуля Мароз абавязкова прыйдзе да іх на Новы год з падарункамі і пачастункамі. У ролі марозных чараўнікоў напярэдадні каталіцкага Ражаства выступілі валанцёры з Мінска.

Валанцёры не належаць ні да якіх арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў. Яны не прадстаўляюць ні фонды, ні іншыя дабрачынныя ўстановы. І заўсёды, калі дапамагаюць абяздоленым дзеткам (Варнянскі прытулак – не адзіны ў гэтым спісе), просяць не ўказваць іх імёны і прозвішчы.
А пачалося ўсё з аднаго чалавека – нашай зямлячкі, якая пасля замужжа засталася жыць у Мінску. Жанчына стварыла группу ў адной з папулярных сацыяльных сетак, і пакрысе людзі сталі не толькі падпісчыкамі гэтай групы, але і актыўнымі ўдзельнікамі ў зборы сродкаў і рэчаў для дзетак, якія маюць у гэтым патрэбу. …Пакуль валанцёры заносілі на трэці паверх шматлікія пакункі і пакуначкі, дзеці ўпрыгожвалі ёлачку шарамі, пацеркамі і гірляндамі, якія таксама прывезлі з сабою сталічныя дабрадзеі. А дзве сястрычкі ў гэты момант сустракаліся з самым дарагім чалавекам – мамай: яна стрымала сваё слова наведаць сваіх дачок напярэдадні святаў – і гэтым самым зрабіла ім самы дарагі, ні з чым не параўнальны падарунак.
Пакуль старэйшыя дзеткі прадзявалі ніткі ў “вушкі” шароў і чаплялі іх на калючыя галінкі, малышы скакалі, бы зайчыкі, каля ёлкі. Дарэчы, ёлка ў прытулку ўжо другая! Пытаюся ў малышоў:
– Хто так прыгожа ўбраў ёлку?
А ў адказ з усіх куткоў данеслася шматгалосае і шапялявае:
– Тата-Дзіма! – менавіта так хлопчыкі і дзяўчынкі называюць свайго старэйшага сябра па прытулку – Дзімку.
Аднак размову, якая толькі-толькі пачала завязвацца, перабіла памочнік выхавальніка: пакуль Дзядуля Мароз з падарункамі кружляе па дарогах Астравеччыны і шукае патрэбны яму прытулак, дзеткі павінны падрыхтаваць сапраўдны баль-маскарад. Вершы і песні яны вывучылі даўно, і цяпер з розных куткоў пакоя даносілася “В лесу родилась елочка”.
Вы б бачылі, колькі радасці свяцілася ў маленькіх вочках і з якім энтузіязмам непаседы нацягвалі на сябе касцюмы і прымяралі маскі! Брацік і сястрычка, Мікіта і Алінка, былі блазанам і Снягуркай. Мацвей апрануўся воўкам і, увайшоўшы ў ролю, бегаў па пакоі і рыкаў. А Аліна-парсючок уцякала ад шэрага разбойніка. Лёша, начапіўшы на галаву белыя вушкі, “пад ёлачкай скакаў”. Яго брацік Ігар сам папрасіў выхавальніцу, каб яна апранула яго прынцэсай – нават карону запатрабаваў! А Вадзім, які доўгі час спрабаваў уціснуцца ў касцюм парсючка, надзьмуўся, таму што вымалёўвалася перспектыва застацца ўвогуле без касцюма. Выратавала безнадзейнае становішча белая камізэлька – і Вадзім-белы мішка засвяціўся ад шчасця.
Даша фатаграфуе дружную кампанію на фотакамеру мабільнага тэлефона, а потым усе дружна, абступіўшы Артура, гаспадара мабільніка, разглядаюць фотаздымкі і гэтак жа дружна каментуюць.
Старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі змайстравалі сабе з бліскучага дожджыку гальштукі. Засталося толькі дачакацца Дзядулі Мароза!
Пакуль дзеці паўтаралі вершы і “наносілі” апошнія штрыхі на ёлку, я цікаўлюся ў псіхолага, ці часта здараюцца сярод дзяцей бойкі, таму што дзіцячы калектыў прытулку, скажам так, ну вельмі разнашэрсны.
І ведаеце, які адказ атрымліваю? Ніякіх боек не здараецца. Самае большае – гэта “высвятленне адносін” на словах. Старэйшыя апякуюцца над малодшымі, бы над уласнымі дзецьмі. Не дзіва, што Дзімку малышы называюць татам.
Незаўважна праслізгваю ў пакой, дзе “тата” дапамагае Мікіту апрануць касцюм. Нарэшце ! Дзядуля Мароз пачуў сваё імя і завітаў да дзяцей. Кожны з 16 выхаванцаў дзіцячага сацы-яльнага прытулку, нават самыя дарослыя, чыталі падрыхтаваныя вершы. А ў падарунак ад марознага дзеда атрымалі цукеркі. Дзеці разам з ім вадзілі ля ёлкі карагоды і спявалі песні. А затым Дзядулю змянілі дзве Снягуркі-валанцёры, якія прывезлі ў прытулак падарункі. Чаго тут толькі не было – пачынаючы ад бытавых і гігіенічных прадметаў і заканчваючы развіваючымі гульнямі па “ апошняму піску моды”: канцылярскія тавары, вопратка, абутак, трое дзіцячых саначак, настольныя гульні, наборы для дзяўчынак “Лялька”, касметыка, чайнік, жалезная дарога… А яшчэ вышэй згаданыя ўпрыгожванні на яе і маскарадныя касцюмы для дзяцей. Пры гэтым валанцёры, акрамя агульных для прытулка падарункаў, падрыхтавалі і індывідуальныя сюрпрызы кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы.
Пытаюся ў валанцёраў, як доўга збіралі сродкі для таго, каб набыць дзеткам падарункі, і колькі чалавек прыняло ў гэтым удзел – пяцьдзесят, сто? У адказ чую: усяго дванаццаць нераўнадушных людзей змаглі падарыць дзецям свята.
Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама падрыхтавалі сваім дабрадзеям невялікія падарункі – статуэткі, зробленыя сваімі рукамі з салёнага цеста.
А пасля ўсе разам пілі чай з тортам і іншымі прысмакамі. Дзеці дзяліліся з дарослымі сваімі ўражаннямі,
думкамі, перажываннямі – часцінкай сябе, а тыя слухалі і не перабівалі. Таму што раздзяліць радасць чужога чалавека – тое самае, што адчуць яе самому.


Валанцёраў і Дзядулю Мароза разам з дзеткамі сустракала і фатаграфавала Алена ГАНУЛІЧ.