С каким настроением островчане готовятся к выборам?
Перадвыбарны марафон-2012 у самым разгары. Кандытаты ў дэпутаты сустракаюцца з насельніцтвам, прадстаўляюць свае перадвыбарныя праграмы і стараюцца зацікавіць імі людзей. Мы таксама вырашылі пацікавіцца ў жыхароў і гасцей раёна, ці збіраюцца яны ісці на выбары і чаго чакаюць ад іх?
Наталля Іосіфаўна СТАНКЕВІЧ, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі:
– Я абавязвова пайду на выбары. І лічу, што кожны чалавек, калі яму неабыякавы лёс краіны і яго ўласны, павінен выканаць свой грамадзянскі абавязак. Галасаваць буду на ўчастку №45, у роднай гімназіі. І, канешне, ужо даўно вырашыла, што аддам свой голас за Валерыя Уладзіміравіча Кокаша. Яго праграма – дакладная і канкрэтная. Прыярытэты, выказаныя ў праграме, супадаюць з маімі. Валерый Уладзіміравіч падтрымлівае стабільнасць – і мяне, як грамадзяніна, усё ў гэтым задавальняе. Да таго ж, чалавек, які жыў і працаваў у нашым рэгіёне, ведае нашы праблемы і можа дапамагчы з іх вырашэннем. Тым больш, што людзі, якія прайшлі шлях станаўлення ад радавога працаўніка да дырэктара прадпрыемства, могуць і павінны прэтэндаваць на дэпутацкі мандат.
Кожны год, калі праходзяць выбары ў парламент, думаеш пра тую сферу, у якой сам працуеш. Спадзяюся, што пытанні адукацыі будуць у полі зроку дэпутатаў. Упэўнена, што ў парламент прыйдуць практыкі, і з іх жыццёвым вопытам і прафесіяналізмам яны змогуць прапанаваць тыя законапраекты, якія будуць накіраваны на развіццё эканомікі, яе мадэрнізацыю, прыцягненне ў краіну інвестыцый, якія зменяць жыццё да лепшага. Але галоўнае, каб усе гэтыя пачынанні падтрымліваліся народам.
Юлія БУКЕЛЬ, студэнтка:
– У гэтым годзе я ўпершыню буду прымаць удзел у выбарах. Гэта вельмі адказна.
З перадвыбарнымі праграмамі кандыдатаў у дэпутаты я пакуль што не пазнаёмілася – часу для гэтага яшчэ хапае. Але ведаю, што цяперашняя праца аднаго з іх звязана з рамонтам і добраўпарадкаваннем дарог. Спадзяюся, што ён зможа накіраваць увагу ўрада на добраўпарадкаванне маленькіх населенных пунктаў і сельскіх дарог. Верыцца, што прагрэс дойдзе і да маёй роднай Лазоўкі – тут з’явіцца добрая дарога, а на ўскраіне Гудагая, бліжэй да Ліпак і Лазоўкі, – добры прадуктовы магазін. Таму галасаваць буду за стабільнасць.
Мужчына, які не назваў сваё прозвішча, 50 гадоў, г. Смаргонь (без фотаздымка):
– Я не мясцовы, прыехаў у Астравец на выставу “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, але паколькі і астраўчане, і жыхары Смаргонскага раёна выбіраюць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў адной Смаргонскай выбарчай акрузе №59, думаю, маю права выказаць сваё меркаванне.
І адзін, і другі кандыдат ужо пенсіённага ўзросту. У іх, канешне, вопыт за плячыма ёсць, але дарогу трэба даваць маладым, перспектыўным, ініцыятыўным. Тым, у каго жыццё наперадзе доўгае і светлае, і якія павінны клапаціцца пра дабрабыт роднай краіны. На выбары, канешне, пайду. Гэта абавязак кожнага грамадзяніна краіны. І, думаю, зраблю правільны выбар.
Генадзій Іванавіч КУМІШЧА, вадзіцель ДРБУ-159:
– З адным кандыдатам у дэпутаты – Валерыем Уладзіміравічам Кокашам – я знаёмы з 1981 года. Тады ён яшчэ працаваў прарабам па будаўніцтве ў гервяцкім калгасе, я ж на той час – у нашым ДРБУ на аўтакране. Тады мы часам, выконвалі падрадныя работы ў калгасе, і я часта сустракаўся з Валерыем Уладзіміравічам. Потым ён узначаліў раённае дарожна-рамонтнае прадпрыемства. У той час наша арганізацыя квітнела – і работы ўсім хапала, і заработная плата была добрая. Ведаю яго як добрага кіраўніка, і ўвогуле, як чалавека слова, які заўсёды ставіўся з павагай да людзей. Таму перад выбарам, за каго аддаць свой голас, стаяць не буду. Хацелася б пажадаць Валерыю Уладзіміравічу добрага здароўя і, вядома ж, перамогі на выбарах. А пасля атрымання дэпутацкага мандата – клапаціцца пра дабрабыт нашага раёна.
Вікторыя ДЭМБОЎСКАЯ, в. Варняны:
– На выбары я, канешне, пайду. Таму што мне неабыякава будучыня маёй краіны, маёй роднай вёскі Варняны, маёй маленькай дачушкі Кацюшы, маіх бацькоў і ўсіх родных і блізкіх мне людзей.
У выбарах удзельнічаю заўсёды, з таго часу, як гэтае права было дадзена мне Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. І заўсёды іду на выбарчы ўчастак з надзеяй.
З кандыдатамі знаёма. Адзін з іх, Мікалай Міхайлавіч Уласевіч, з мясцовых жыхароў нашай вёскі. З праграмай другога, Валерыя Уладзіміравіча Кокаша, пазнаёмілася ў раённай газеце. Час падумаць яшчэ ёсць. Думаю, што зраблю правільны выбар. У любым выпадку аддам свой голас за спакойнае жыццё ў краіне, за стабільнасць, за ўпэўненасць у заўтрашнім дні, за паляпшэнне дабрабыту і эканамічнага стану краіны і роднага сельгаскааператыва “Варняны”.
--------------------------------------------
Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ.