С играми, песнями и подарками прошел в Островце День защиты детей
Раённае свята, прысвечанае Дню абароны дзяцей, прайшло ў панядзелак у Астраўцы.

З раніцы на пляцоўцы насупраць кінаканцэртнай залы «Астравец» размясцілася выстава пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Побач дэманстравалі ўменне вадзіць веласіпед юныя ўдзельнікі абласнога конкурсу інспектараў дарожнага руху з Гудагайскай школы і ўсе жадаючыя. Прымерыць абмундзіраванне пажарных таксама мог кожны.

Маленькіх дзетак, якія прыйшлі на свята з мамамі, больш цікавілі электрамабілі – жадаючых пракаціцца было шмат. Старэйшыя з задавальненнем спрабавалі свае сілы ў гульнях у настольны тэніс, валейбол, шашкі і шахматы.


У фае кінаканцэртнай залы размясціліся выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Пачытаць кнігу прапаноўвалі супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі. А прадаўцы Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства прываблівалі дашкольнікаў і школьнікаў прысмакамі. Шмат было жадаючых выпрабаваць удачу ў бяспройгрышнай латарэі і намаляваць сабе «татушку». Вочы разбягаліся ад выбару: дзеці, як маленькія матылькі, «пераляталі» ад стала да стала. І ўсюды панаваў добры настрой і радасць.


А затым усіх запрасілі на святочны канцэрт. Мерапрыемства пачалося з узнагароджвання пераможцаў і прызёраў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і педагогаў, якія іх падрыхтавалі. Граматы, Дыпломы і Падзячныя пісьмы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму і падарункі, спонсарам якіх выступіў раённы выканаўчы камітэт, самым таленавітым і актыўным школьнікам і педагогам уручылі намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч.


1 чэрвеня – гэта не толькі першы дзень летніх канікул, гэта яшчэ і дзень, калі дарослым у чарговы раз нагадваюць пра тое, што нашым дзецям патрэбна абарона. Менавіта таму прывітаць дзяцей, якія воляй лёсу знаходзяцца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, і падарыць ім падарункі прыйшлі сем'і Лабэцкіх і Кутко.

Больш за дзве гадзіны ў зале панавалі песні, танцы, радасць, добры настрой і гучаў смех дзяцей – канцэртная праграма, у якую ўвайшлі лепшыя нумары выхаванцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і таленавітых дзяцей з розных устаноў раёна, спадабалася і дзецям, і дарослым.
Алена ЯРАШЭВІЧ,
фота аўтара.

