С 1 по 30 июня проводится акция "Чистый воздух"
Традыцыйна з 1 па 30 чэрвеня ў нашай краіне пройдзе экалагічная аперацыя “Чыстае паветра” – райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з супрацоўнікамі ДАІ на працягу месяца будуць праводзіць рэйды па кантролю ўтрымання забруджваючых рэчываў у выхлапных газах транспартных сродкаў на аўтамабільных дарогах Астравеччыны.Стан паветра ацэньваецца па колькасці ў ім пылу, свінцу і яго злучэнняў, бензапілену, двухвокісу серы, вокісу вугляроду, вокісу азоту і іншых.
Навукай даказана, што падчас эксплуатацыі аўтамабіля паступова зніжаецца яго эфектыўная магутнасць, за кошт зносу поршневых колцаў павялічваецца ўдзельны расход паліва і змазкі цыліндраў, росту зазораў у падшыпніках.
Часта пагаршэнне параметраў выхлапаў адбываецца з-за разрэгулявання сістэм рухавіка. Перш за ўсё гэта тычыцца старых аўтамабіляў. Таму кантроль паказчыкаў таксічнасці газаў з’яўляецца вельмі важным не толькі для рухавіка, але і для сумежных сістэм аўтамабіля.
Існуючая рэгуліроўка карбюратара на халастым ходзе рухавіка не забяспечвае падтрыманне нарміруемых паказчыкаў, але часцей за ўсё прыводзіць да разбалансаванасці работы розных сістэм. Таму рэгуліроўку аўтамабіля на таксічнасць выкідаў трэба праводзіць на спецыяльным стэндзе з адначасовай карэкціроўкай работы асноўных сістэм і комплексным аналізам таго, што вылятае з выхлапной трубы.
Практыка паказвае, што правядзенне рэгулярных рэйдаў і праверак транспартных сродкаў на прадпрыемствах і на лініі стымулюе больш сур’ёзныя адносіны з боку ўладальнікаў аўтатранспарту да рэгуліроўкі аўтамашын. З гэтай мэтай праводзіцца мэтавая аперацыя “Чыстае паветра”.
Трэба памятаць, што за эксплуатацыю аўтатранспартных сродкаў, у якіх утрыманне забруджваючых рэчываў у выкідах перавышае ўстаноўленыя нарматывы, накладваецца штраф у памеры да трох базавых велічынь. Прадугледжана адказнасць і для кіраўнікоў аўтатранспартных прадпрыемстваў, на балансе якіх знаходзяцца аўтамабілі, што забруджваюць прыроду, памер якіх ад 1 да 5 базавых велічынь.
Паважаныя аўтаўладальнікі, сачыце за тэхнічным станам свайго аўтамабіля, часцей наведвайце станцыі тэхнічнага абслугоўвання для рэгуліроўкі і праверкі работы ўсіх вузлоў і агрэгатаў транспартнага сродку.
------------------------------
А. ЦЭЙКА,
начальнік раённай інспекцыі аховы прыроды.
Фота з сайта do.znate.ru.