Рэцэптам куліча дзеліцца Лідзія Лакевіч

1
Амаль кожная гаспадыня да Вялікадня пячэ булкі ці кулічы: хтосьці па сваім фірменным рэцэпце, універсальнасць якога пацвердзілі сямейнікі і час, а хтосьці не супраць узяць «на аловак» штосьці новенькае.  Калі вы любіце эксперыментаваць, то наступны рэцэпт, спадзяюся, не толькі «прапішацца» ў вашай кулінарнай кнізе, але і зойме ганаровае месца на велікодным стале.

Падзяліцца рэцэптам куліча мы папрасілі гаспадыню са стажам Лідзію Аляксандраўну ЛАКЕВІЧ.

IMG_3795.jpg

– У дзяцінстве не магла дачакацца Вялікадня, – з усмешкай успамінае жанчына. – Хросныя бацькі звычайна дарылі мне сукенку ці сумачку, яйкі, цукеркі. У нас, у Бераставіцкім раёне, гэта называлася «прынесці валачонную». 

Перад святам, звычайна ў пятніцу, мама пякла ў печы булкі. Пах стаяў на ўсю хату, здавалася, нават на вуліцу водар прасочваўся! У чырвоную суботу фарбавалі яйкі – звычайна адварам  шалупіння цыбулі, – больш у гэты дзень нічога не рабілі. У нядзелю бацькі ішлі на Усяночную. Раніцай накрывалі стол, на якім, акрамя пасхі і куліча, абавязкова была асвечаная ежа, хрэн, сыр, запечаны ў цесце кумпяк, дамашнія каўбаскі. Традыцыі хадзіць «у жакі» ў нас не было: дзеці з дому выносілі яйкі, качалі, біліся імі. На Вялікдзень кожны з сямейнікаў абавязкова апранаў новую рэч: чаравічкі, сукенку ці кашулю. Балазе, мама была майстрыхай на ўсе рукі –  і на свята кожны з нас быў у абноўцы. 

Пасхальны куліч

Рошчына:  1,5 шклянкі малака, 50 гр свежых дрожджаў, 250 гр сметанковага масла, 1 кг мукі, 6 яек, 1 шклянка разынак, 1,5 шклянкі цукру, 0,5 чайнай лыжкі солі, 1 сталовая лыжка каньяку (не абавязкова), 2 гр ваніліна, алей для змазкі формы. 
Глазура: 0,5 шклянкі цукровай пудры, 1 яечны бялок, кандытарская пасыпка.

bac26e5d.jpg


1. Для рошчыны ў цёплым малацэ раствараем 2 сталовыя лыжкі цукру, дрожджы і 6 сталовых лыжак мукі. Усё старанна змешваем і пакідаем у цёп­лым месцы на некалькі гадзін.
2. Калі рошчына падымецца, дадаём астатнія папярэдне перамешаныя сметанковае масла, яйкі, цукар і астатнія інгрэдыенты. Цеста старанна вымешваем і даём яму «адпачыць».
3. Калі цеста крыху падышло, вымешваем яго яшчэ раз і пакідаем «расці», пакуль яно ўдвая, а то і ўтрая не павялічыцца ў памерах.
4. Формы для выпякання змазваем алеем і на трэць запаўняем цестам – падчас выпякання яно яшчэ падрасце.
5. Выпякаем 30-35 хвілін у духоўцы пры 180 градусах.
6. Пакуль кулічы растуць і падрумяньваюцца, самы час падрыхтаваць глазуру. Палову шклянкі цукарнай пудры і адзін бялок узбіваем да густой белай пены.
7. На гарачыя кулічы наносім бялковую глазуру і ўпрыгожваем рознакаляровай пасыпкай.

Кулінарныя хітрыкі

* Для куліча, як і для любога дражджавога цеста, муку абавязкова прасеяць праз сіта, каб цеста насычалася кіслародам, – булкі будуць больш пругкімі і лёгкімі.
*  Заўсёды да­да­вайце ў цес­та соль, нават калі з яго будуць зроблены салодкія пірагі. Дробка солі паляпшае якасць цеста: выпечка лепш трымае форму.
Текст:
Фото: Алена Гануліч