Рэтрадыскатэку, добры настрой і падарункі атрымалі пастаяльцы аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Міхалішках
Дарослыя і дзеці падарылі цёплае і душэўнае свята пастаяльцам аддзялення кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра ў Міхалішках.
Нагодай завітаць сюды стаў Дзень пажылых людзей. Парадаваць тых, хто па волі лёсу застаўся без апекі родных і блізкіх, стварыць ім добры настрой сабраліся прадстаўнікі раённых Чырвонага Крыжа і бібліятэкі, работнікі Міхалішкаўскага клуба і піянеры мясцовай школы.
Атмасфера ў імправізаванай канцэртнай зале была сапраўды ўтульнай і амаль сямейнай. Усмешкамі і апладысментамі пастаяльцы сустракалі кожнае выступленне гасцей, асабліва дзяцей. А пад кіраўніцтвам загадчыка клуба Надзеі Вайцяховіч яны стварылі цудоўны «аркестр з далоняў». Вы калі-небудзь чулі вальс у такім выкананні? У жыхароў аддзялення гэта атрымалася неверагодна крута! І амаль без репетыцый.
А далей пачалася рэтрадыскатэка. Тыя, хто мог, танцавалі ад душы, астатнія – падпявалі ды падтрымлівалі апладысментамі.
Напрыканцы сустрэчы пастаяльцам падарылі паштоўкі, «маладзільныя» яблыкі з саду мясцовай школы і духмяныя пернікі, якія зрабіла работніца клуба Карына Стаповіч з дапамогай сына Яраслава.
Дарэчы, тым, хто не змог прыйсці на канцэрт, падарункі ўручылі ў пакоях – без увагі ніхто не застаўся.
У гэты ж дзень з пастаяльцамі сустрэлася ўрач-псіхатэрапеўт Астравецкай ЦРКБ Юлія Часнойць, каб пагаварыць з імі пра пазітыўны настрой.
З першых вуснаў
Анжаліка Стакун, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа:
– 1 кастрычніка стартавала дабрачынная кампанія Чырвонага Крыжа «Ваша дапамога». Да таго ж у гэтую дату адзначаецца Дзень пажылых людзей. Мы вырашылі сумясціць дзве нагоды і прыехалі наведаць нашых падапечных у Міхалішках. Мы прывезлі наборы рэчаў асабістай гігіены, а таксама святочныя паштоўкі, якія зрабілі маладыя інваліды ў межах праекта раённай бібліятэкі і тэрытарыяльнага цэнтра «Свет роўных магчымасцей».
Такім чынам, у гэты дзень пастаяльцам аддзялення кругласутачнага знаходжання – іх тут 43 – мы падарылі крыху ўвагі і клопату.