Рэха свята. Святочная пошта на дамскай тэрыторыі


У той перадсвяточны дзень актавая зала Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сапраўды стала дамскай тэрыторыяй – тут сабраліся адны жанчыны, прыгожа прычасаныя і ўбраныя ў лепшыя свае сукенкі. У паветры віліся пахі парфуму... Неўзабаве з'явяцца і мужчыны, бо хто ж сардэчна павіншуе прыгажунь з жаночым святам? Праўда, права першага прывітальнага слова яны ўсё ж аддалі дамам: старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Ірыне Шляхтун і дырэктару цэнтра Святлане Куцько. Пісьмовыя віншаванні даслалі старшыня Гродзенскага савета ветэранаў Іван Тустаў і камандзір 1146-га гвардзейскага ракетнага палка Алег Слайкоўскі.

А потым як з рога багацця пасыпаліся сюрпрызы! Запрацавала святочная пошта, стылізаваная пад тэлеперадачу. На стале ў вядучых стосік глядацкіх лістоў-заявак. У кожным – кароценькі аповед пра любімых матуль, бабуль, жонак. І нават пра цэлы жаночы калектыў. Музычныя падарункі дарылі Вікторыя Касцюк, Яўгенія Шаптун у дуэце са Святланай Мешкіс, Дзіяна Юцкевіч і Святлана Куцько, вясёлую інтэрмедыю "Мая бабуля курыць люльку" паказалі Юлія Скрыпнік і Зоя Бобер з кампаніяй. Вакальны гурт "Аксаміткі" павіншаваў з 8 Сакавіка яго кіраўнік Васіль Карпец – песнямі на іспанскай і рускай мовах. Вершаваныя вітанні падарылі Віталь Грашчанка і Алена Качан. А гумарыстычная сцэнка "Асаблівасці жаночай рыбалкі" ў выкананні Людмілы Ярмольчык проста "парвала" залу. Быў і асабісты падарунак для Вікторыі Касцюк з нагоды яе дня нараджэння.



Значылася ў праграме і "рэкламная паўза",   падчас якой вядучая на ўсе лады расхвальвала прыхопкі, без якіх не здымеш гарачую каструлю з пліты. І ўсе ўдзельніцы свята атрымалі гэтую патрэбную на кухні рэч. Не абышлося і без святочнай латарэі, у якой шасці дамам пашанцавала выйграць сертыфікаты на наведванне салона прыгажосці "Астэрыя" ў Астраўцы. Адразу пасля ўрачыстасці яны адправіліся рабіць укладку, стрыжку, макіяж ці манікюр.

А завяршылася свята традыцыйна салодкай ноткай: духмянай гарбатай з найсмачнейшым тортам.



Таіса СЯМЁНАВА.

Фота з архіва ТЦСАН.