Рэха навагодніх і калядных свят
Спектакль у храме...
Светлае свята Ражаства Хрыстовага вучні Нядзельнай школы пры астравецкім храме Святых апосталаў Пятра і Паўла па традыцыі адзначылі вясёлым ранішнікам. Цэнтральнае месца ў ім займаў спектакль, героі якога – Марыя, Іосіф, Пастухі, Мудрацы-валхвы, Зорачкі, Пальма, Аліва, Елка расказалі біблейскую гісторыю пра Нараджэнне Божага Дзіцяткі і пра тое, як мог узнікнуць звычай упрыгожваць ёлку на свята Ражаства Хрыстовага. Завяршала інсцэніроўку вясёлая песенька-калядка.
А затым маленькія прыхаджане храма чыталі вершы пра Ражаство і Новы год. Усе дзеці атрымалі салодкія падарункі ад настаяцеля храма айца Георгія Савіцкага.
Сапраўдным сюрпрызам для прыхаджан, а паглядзець дзіцячы ранішнік засталіся амаль усе, хто прысутнічаў на святочнай Літургіі, стала выступленне гасцей – сясцёр брацтва ў імя Васілія Вялікага пры храме Усіх Святых горада Ліды. Яны падарылі слухачам цудоўныя песні рэлігійнага зместу, выкананыя а-капэла і пад акампанемент гітары. А калядкі спявалі ўсе разам.
Госці прывезлі астраўчанам незвычайныя падарункі – кожны, хто быў на той момант у храме, мог выцягнуць з чароўнага кошычка васьміканцовую зорачку з цытатай з Евангелля – павучэннем, прысвечаным менавіта яму. Некаторыя ўзялі такія зорачкі і для сваіх родных.
...у прытулку
Зноў жа па традыцыі, айцец Георгій і вучні Нядзельнай школы 9 студзеня наведаліся ў Варнянскі сацыяльны прытулак, каб парадаваць дзетак салодкімі падарункамі і цікавай пастаноўкай каляднай п’есы. На гэты раз да іх далучыўся хор праваслаўнага прыходу ў імя свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага вёскі Варняны разам з настаяцелем айцом Вячаславам Шасціткам.
Затаіўшы дыханне, сачылі выхаванцы прытулку за падзеямі біблейскай гісторыі, пра якія расказваецца ў п’есе, і калі кароценькі спектакль завяршыўся, у вочках некаторых свяцілася разгубленасць: няўжо чароўная дзея ўжо скончылася?
І дзеткі заўзята прыняліся яе прадаўжаць – спачатку падпявалі выканаўцам калядак, затым прыгожа, выразна, як сапраўдныя артысты, чыталі вершы пра Новы год, Дзеда Мароза і ўнучку яго Снягурку, чым проста пакарылі гасцей.
Збіраючыся ў паездку, многія вучні Нядзельнай школы прыхапілі з дому любімыя цацкі, кніжкі і нават фрукты, а прыехаўшы на месца, паклалі свае дарункі пад ёлачку. І былі вельмі радыя, што пацешылі дзетак, пакрыўджаных самымі блізкімі людзьмі – бацькамі.
Таіса СЯМЁНАВА.
Падарункі ад міліцыі
Новы год і Каляды – любімыя святы дзяцей, калі яны з нецярплівасцю чакаюць падарункаў пад ёлкай ад Дзеда Мароза. Толькі для кагосьці ў ролі Дзедаў Марозаў выступаюць таты і мамы, а для тых, хто пазбаўлены бацькоўскай увагі, – чужыя, але неабыякавыя людзі.
Напярэдадні Ражаства супрацоўнікі органаў унутраных спраў вырашылі павіншаваць выхаванцаў Варнянскага дзіцячага сацыяльнага прытулку і падрыхтавалі для іх падарункі.
Госці на чале з намеснікам начальніка РАУС Вячаславам Фёдаравічам Яромічам прывезлі рабятам некалькі вялізных мяхоў цёплага адзення і абутку. Дарослыя і дзеці, што жывуць і працуюць у Варнянскім сацыяльным прытулку, падзякавалі ім – і не толькі за гуманітарную дапамогу, але і за іх увагу і клопат, якія так неабходны гэтым маленькім сэрцам. На развітанне дзеці расказалі міліцыянерам навагоднія вершы.
Вольга ШОЎКУН.
