Развіццё Астравеччыны ў другой палове 90-х гадоў
Літоўскі інфармацыйна-адукацыйны цэнтр у вёсцы Рымдзюны быў адкрыты ў 90-х гадах
Другая палова 90-х была не такой «ліхой», як першая. Пасля выбараў першага беларускага Прэзідэнта стабілізавалася палітычная сістэма краіны, паціху выходзіла з глыбокага крызісу эканоміка, ажыўлялася сацыяльная сфера раёна.Праблемы
Тым не менш, праблем хапала. І яны знаходзілі адлюстраванне на старонках «Астравецкай праўды».
Адной з асноўных заставалася беспрацоўе. 12 чэрвеня 1996 года ў артыкуле «Работу страціць лёгка, а знайсці?» раённая газета паведамляла, што на ўліку ў раённай службе занятасці знаходзіцца 800 чалавек – за год іх колькасць павялічылася амаль удвая. Узровень беспрацоўя складаў амаль 5% – у сярэднім па вобласці 3,8%. Служба занятасці прапаноўвала тым, хто застаўся без работы, прафесійнае перанавучанне, па дамоўленасці з сельгаспрадпрыемствамі арганізоўвала сезонныя работы на ўборцы бульбы і лёну – у іх, да слова, прымалі ўдзел не толькі беспрацоўныя, але і старшакласнікі, пенсіянеры, гэта была рэальная магчымасць зарабіць, прынамсі, нарыхтаваць на зіму бульбы. У асобныя месяцы ў сезонных работах удзельнічала па 170 чалавек ці нават больш.
Але і тыя, хто меў працу, па-ранейшаму не заўсёды своечасова атрымлівалі зарплату. У заметцы «Зарплаты затрымліваюцца» за 31 студзеня 1998 года чытаем: «Большасць прадпрыемстваў і арганізацый ужо пераадолелі такую заганную з’яву як затрымка зарплаты. Застаецца яна актуальнай толькі для гаспадарак раёна. Поўнасцю выплацілі зарплату за снежань калгасы «Шлях Леніна» і «Радзіма». А 6 гаспадарак не разлічыліся яшчэ за кастрычнік: імя Карла Маркса (Варона), імя Кірава (Міхалішкі), імя Куйбышава (Трокенікі), «50 год ВЛКСМ» (Масцяны), «Рытанскі», «Кямелішскі».
«Няма ўзносаў – затрымліваюцца пенсіі» – пад такой назвай у газеце 19 лютага 1997 года змешчана заметка, дзе намеснік начальніка раённага аддзела абласнога Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Валянціна Кудырка тлумачыла карані яшчэ адной балючай праблемы.
І назву заметкі ад 27 сакавіка 1996 года «Жывём у доўг», дзе сцвярджалася, што 60% кватэраздымшчыкаў ходзяць у даўжніках па аплаце камунальных паслуг, можна аднесці да ўсяго тагачаснага жыцця. Паведамлялася, што некаторыя не разлічваюцца за квартплату па 3-5 месяцаў – трэба думаць, не ад добрага жыцця.
Чарговая хваля дэфіцыту накрыла нас у 1998 годзе – на гэты раз яна закранула не столькі краіну ў цэлым, колькі прыгранічныя раёны, Астравецкі – у тым ліку: больш танныя харчовыя і прамысловыя тавары вывозілі за мяжу.
12 верасня газета паведаміла: «Продаж прадуктаў нарміраваны». І патлумачыла: прынята рашэнне райвыканкама аб гранічных нормах водпуску тавараў у адны рукі: мяса – 2 кг, сала, каўбасы, крупы, цукар – 1 кг, мука, макароны – 2 кг, гарэлка – 2 бутэлькі, масла сметанковае – 300 грамаў, складаная бытавая тэхніка – 1 адзінка. А 24 кастрычніка жыхарка райцэнтра ў пісьме ў рэдакцыю прапаноўвала: «Час уводзіць талоны». У тым жа нумары пад рубрыкай «Пытанне рэпарцёру» жыхары Астраўца абураліся: «Не купіць ні масла, ні цукру», крыху раней уздымалі іншую праблему: зніклі з продажу танныя цыгарэты. Старшыня райспажыўтаварыства Юрый Кацнельсон адказваў газеце, што гэтыя тавары вывозяць у Літву. У вёсках іх ужо прадаюць па спісах, у Астраўцы плануецца зноў увесці талоны, каб збіць ажыятажны попыт. А ў нумары за 31 кастрычніка паведамляецца, што талоны на цукар і масла будуць дастаўлены жыхарам гарадскога пасёлка па месцы жыхарства.
Але на гэты раз, на шчасце, талоны пратрымаліся нядоўга.
Што новага…
…у грамадскім і духоўным жыцці
У 1996 годзе Беларусь упершыню адзначыла новае свята – Дзень дзяржаўнай сімволікі. Аб тым, як яно прайшло ў Астраўцы, раённая газета расказвала ў нумары за 18 мая. Падчас урачыстага мітынгу Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь узнялі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Буракоў, воін-інтэрнацыяналіст Алег Фядук і вучаніца СШ №1 Надзея Шаблінская.
4 студзеня 1997 года ў інфармацыі «Уручаны першыя беларускія пашпарты» «Астравецкая праўда» паведамляла, што галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталь Лянкевіч уручыў ветэранам вайны і працы Уладзіміру Буракову, Івану Лісіцыну, Мікалаю Валюку, Марыі Бяндасавай, а таксама лепшым вучням Алегу Герту, Дзянісу Яроміну, Валерыю Куцу.
З заметкі «Адбыўся ўстаноўчы сход» («АП» за 16 красавіка 1997 года) чытачы даведаліся, што ў раёне створана раённая арганізацыя Беларускага патрыятычнага саюза моладзі – папярэдніка сённяшняга БРСМ. Яе ўзначаліў спецыяліст па рабоце з моладдзю райвыканкама Васіль Мікліс.
У 1999 годзе ў краіне прайшоў чарговы перапіс насельніцтва. 14 красавіка 1999 года ў «раёнцы» паведамілі пра яго вынікі: у Астравецкім раёне пражывала 29,2 тысячы чалавек, з іх 8,4 тысячы – у гарадскім пасёлку.
Напрыканцы красавіка 1997 года ў яшчэ недабудаванай праваслаўнай царкве напярэдадні Вялікадня адбылося богаслужэнне. Асвячэнне першага ў раёне праваслаўнага храма ў гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла прайшло ў 1999 годзе – пра гэта раённая газета расказвала ў нумары за 29 верасня.
У 1998 годзе Астравец упершыню наведала духоўна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з благадатным агнём ад Гроба Гасподняга ў Іерусаліме – пра гэта раённая газета паведамляла ў нумары за 14 кастрычніка.
…у эканоміцы і гандлі
10 студзеня 1996 года ў інфармацыі «Сувязісты падзяліліся» раённая газета паведамляла аб раздзеле раённага вузла сувязі на дзве самастойныя арганізацыі: вузел электрасувязі і пошту. Тут жа змешчана інтэрв’ю з кіраўнікамі абедзвюх – Міхаілам Хіневічам і Ірынай Тальчук.
11 красавіка 1996 года газета пісала, што Астравецкі хлебакамбінат асвоіў выпуск новай прадукцыі – макаронных вырабаў. 11 ліпеня 1998 года змешчана інфармацыя аб тым, што камбінат кааператыўнай прамысловасці – так стаў называцца ранейшы хлебакамбінат – закупіў новую лінію па вырабе макаронаў.
Перапрацоўваць вырашчаную прадукцыю сталі і калгасы. 17 кастрычніка 1998 года ў інфармацыі «Мука па-гервяцку» паведамлялася, што калгас «Радзіма» закупіў і ўстанавіў мукамольную лінію. Гервяцкая мука, як і тушонка, карысталася вялікім попытам.
У 1996 годзе здалі ў эксплуатацыю аб’язную дарогу Малі-Астравец-Ашмяны. Інфармацыя аб гэтым «А дарога шэраю стужкаю ўецца» змешчана ў газеце 9 кастрычніка. А 5 верасня 1998 года ў матэрыяле «У добры шлях па новай дарозе» паведамляецца, што адкрыта аб’язная дарога Малі-Кавалі да аўтадарогі Варона-Ашмяны-Юрацішкі працягласцю 2,9 км.
Адкрываліся новыя крамы, у тым ліку і фірменныя. 20 студзеня 1996 года з’явіліся «Ашмянскія дэлікатэсы ў Астраўцы»: адкрыўся фірменны магазін Ашмянскага мясакамбіната – у час усеагульнага дэфіцыту і росту цэн гэта стала падарункам для астраўчан. А ў снежні таго ж года ў райцэнтры з’явілася яшчэ адна фірменная крама мясакамбіната, на гэты раз – у адміністрацыйным будынку аўтапарка №4.
Райспажыўтаварыства актыўна рэканструявала старыя магазіны пад новыя, больш сучасныя. 22 лютага 1997 года раённая газета змясціла рэпартаж аб адкрыцці пасля капітальнага рамонту магазіна «Івушка», а 14 кастрычніка 1998 года паведамляла, што пасля рэканструкцыі былога мэблевага магазіна і «Культтавараў» у Астраўцы створаны мэблева-гаспадарчы салон «Лабірынт».
У 1999 годзе на Астравеччыне з’явіліся папулярныя ва ўсім свеце магазіны бяспошліннага гандлю «Дзьюці фры». Пра адкрыццё на пункце пропуску «Лоша» першага з іх – «Хэлена Валеры» газета расказвала ў нумары за 17 лютага.
…у сацыяльнай сферы
Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, пазітыўныя змены адбываліся і ў сацыяльнай сферы, у прыватнасці, у школьным жыцці. Часта – дзякуючы спонсарам.
Так, 27 сакавіка 1996 года «Астравецкая праўда» на першай старонцы змясціла інфармацыю: кардонная фабрыка «Альхоўка», на той час адно з найбольш эканамічна моцных прадпрыемстваў раёна, набыла 10 камп’ютараў «Карвет» для аснашчэння камп’ютарнага класа ў Альхоўскай школе.
Райвыканкам, нягледзячы на сціплы бюджэт, стаў падтрымліваць адораных вучняў. 4 красавіка 1998 года ў інфармацыі «Стыпендыя для медалістаў» газета паведамляла, што выпускнікам, якія закончылі школу з залатым медалём, будуць выплачваць матэрыяльнае ўзнагароджанне ў памеры 7 мінімальных зарплат, з сярэбраным – 5.
Сталі заахвочваць і адораных дзяцей: райвыканкам выплачваў прэміі пераможцам абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, а таксама настаўнікам, якія падрыхтавалі вучняў да перамог.
У 1999 годзе ў астравецкіх баксёраў, ужо добра вядомых у вобласці і рэспубліцы, пераможцаў шматлікіх спаборніцтваў, нарэшце з’явіўся прафесійны рынг – да гэтага яны трэніраваліся на самаробным. У інфармацыі ад 18 лютага 1998 года «раёнка» паведамляе, што грошы на яго набыццё выдзеліў райвыканкам.
Дасягалі высокага ўзроўню прафесіяналізму музычныя калектывы. 18 лютага 1998 года «Астравецкая праўда» паведаміла, што аркестру народных інструментаў дзіцячай музычнай школы пад кіраўніцтвам Надзеі Шарэйка (назву «Скарбніца» ён атрымаў пазней) прысвоена званне народнага. Гэта быў трэці, пасля тэатра пры раённым Доме культуры і ансамбля народнай музыкі «Світанак» з Варнян, народны калектыў на Астравеччыне.
Адкрыццё 12 кастрычніка 1996 года ў Рымдзюнах беларускай і літоўскай школ, прышкольнага інтэрната, Дома культуры, бібліятэкі – Рымдзюнскага міжнацыянальнага сацыяльна-культурнага комплексу, пра што пісала «Астравецкая праўда» 19 кастрычніка, стала падзеяй не толькі раённага, але і рэспубліканскага, і міжнароднага значэння. Адбылося яно з удзелам прэм’ер-міністраў Беларусі і Літвы Міхаіла Чыгіра і Міндаўгаса Станкявічуса.
У тым жа годзе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову аб стварэнні рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Сарачанскія азёры» з мэтай захавання ўнікальнага прыроднага комплексу з папуляцыяй рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. «Астравецкая праўда» расказала аб гэтым сваім чытачам у нумары за 9 верасня.
Адкрыццё літоўскага інфармацыйна-адукацыйнага цэнтра у вёсцы Рымдзюны
Наваселлі
У другой палове 90-х многія ўстановы і арганізацыі (у тым ліку і рэдакцыя, якая пераехала ў будынак на Кастрычніцкай, 5 і заняла там адно крыло на першым паверсе) справілі наваселлі. Не заўсёды яны пераязджалі ў новыя памяшканні, тым не менш, калектывы паляпшалі свае «жыллёвыя» ўмовы.
У будынак колішняй рэдакцыі і друкарні па вуліцы Набярэжнай перабралася раённая бібліятэка. Пасля маленькай драўлянай хацінкі гэта былі харомы – з чытальнай залай, кнігасховішчам, адміністрацыйнымі кабінетамі. «У кніг – наваселле» – паведаміла раённая газета ў нумары за 30 лістапада 1996 года.
У ліпені 1998 года справіла наваселле інфекцыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы.
Восенню 1999 года рашэннем райвыканкама на базе Варнянскага прышкольнага інтэрната стварылі сацыяльны прытулак на 25 месцаў для дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы.
А ў апошнім нумары таго ж года газета павіншавала з наваселлем Беларусбанк, які пераехаў у новы будынак на вуліцы Карла Маркса – упершыню асобны! – і аўтазаправачную станцыю, пабудаваную на выездзе з Астраўца ў бок Гудагая (да таго ў раёне дзейнічала толькі адна запраўка ў Міхалішках).
Паціху пачыналі будаваць жыллё, у тым ліку і ў вёсцы.
31 кастрычніка 1998 года ў матэрыяле «Сяло зноў будуецца» паведамляецца, што калгас «Чырвоны Кастрычнік» узводзіць гаспадарчым спосабам два жылыя цагляныя дамы за крэдыты Белаграпрамбанка. А 13 студзеня 1999 года «раёнка» пісала, што напрыканцы 1998 года будаўнікі МПМК-158 здалі ў эксплуатацыю 20-кватэрны дом жыллёва-будаўнічага кааператыва.
6 лістапада 1999 года на сесіі раённага Савета дэпутатаў старшынёй раённага выканаўчага камітэта зацвердзілі Адама Дзмітрыевіча Кавальку.
Пачынаўся новы этап у жыцці Астравецкага раёна.
